27 красавiка 2024, Субота, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекарка з Менску: Самі медыкі ў шоку - асабліва тыя, хто ніколі не працаваў з каранавіруснай пнеўманіяй

37
Лекарка з Менску: Самі медыкі ў шоку - асабліва тыя, хто ніколі не працаваў з каранавіруснай пнеўманіяй
Фота: «Радыё Свабода»

Калі людзі праходзяць рэанімацыю, яны разумеюць, што такое коронавирус.

Летась Дар’я Чэхава скончыла ўнівэрсытэт і пачала працаваць тэрапэўтам у прыёмным пакоі 10-й менскай клінікі. Цяпер яна адна з тых, хто працуе «на перадавой», ратуючы беларусаў ад COVID-19, паведамляе «Радыё Свабода».

Яе допісы ў Twitter аб працы мэдыкаў падчас пандэміі каранавірусу зьбіраюць тысячы падабаек. І пакуль у выходныя людзі едуць на шашлыкі ці ідуць у царкву, Дар’я і яе калегі апранаюць супрацьчумныя касьцюмы, каб супрацьстаяць пандэміі.

«Дактары самі ў шоку — асабліва тыя, хто ніколі не працаваў з пнэўманіямі»

Доктарка працуе ў прыёмным аддзяленьні, і яе праца зьмянілася, бо шпіталь перапрафілявалі пад інфэкцыйны. Раней Дар’я заступала на зьмену, прымала пацыентаў з паліклінік ці хуткіх з рознымі дыягназамі. Цяпер — толькі каранавірус.

«Спачатку ў нас былі толькі кантакты першага ўзроўню, потым зьявіўся проста каранавірус, потым — з пнэўманіяй, — тлумачыць Дар’я. — Сёньня ў прынцыпе нармальна, таму што цяпер мы прымаем пацыентаў толькі з пацьверджаным каранавірусам і пнэўманіяй. Да нас іх пераводзяць з іншых устаноў. Груба кажучы, мы ведаем, што за суткі прыедзе 10 чалавек ці 20, часам 30 ці 40. І мы гатовыя іх прымаць».

У прыёмным пакоі адвялі асобную зону, якую падзялілі на «чыстую» і «брудную» часткі. Там ёсьць спэцыяльны шлюз, дзе мэдыкі здымаюць брудныя касьцюмы, вешаюць іх пад кварцавую лямпу, здымаюць сродкі абароны, дызынфікуюць усё і праціраюць сэптацыдам. Потым ідуць у «чыстую», а калі прывозяць пацыентаў, мэдыкаў выклікаюць у «брудную» і маніпуляцыі з касьцюмам паўтараюцца.

«Па сутнасьці, уся лякарня — гэта ўжо „брудная“ зона», — прызнае доктарка.

Цяпер, кажа Чэхава, значна больш напружаная праца ў аддзяленьнях.

«Усе лекары, якія ў нас ёсьць, перапрафіляваліся ў інфэкцыяністаў. І яны вымушаныя лячыць гэтых „цяжкіх“ пацыентаў. Калі на пачатку месяца былі больш лёгкія формы COVID-19, то цяпер гэта каранавірус і двухбаковая пнэўманія. Гэтыя людзі быццам бы стабільныя візуальна, але потым ты глядзіш на іх анамнэз, на іхныя здымкі і разумееш, што пацыент сапраўды цяжкі.

Дактары самі крыху ў шоку, асабліва нэўролягі, хірургі, бо яны ўвогуле ніколі не працавалі з гэтымі пнэўманіямі. А тут ім трэба весьці пацыентаў з дастаткова сур’ёзнай пнэўманіяй у спалучэньні з сурʼёзным вірусам, які можа ўплываць на іншыя органы. Пры гэтым у людзей ёсьць іншыя захворваньні. То бок трэба так спалучыць усё, так прызначыць лячэньне, каб не нашкодзіць пацыенту і вылечыць. І ў гэтым пляне лекарам цяжка».

«У тых, хто на апараце ШВЛ, асаблівай дынамікі няма»

Дар’я лічыць, што рашэньне пакідаць дома пацыентаў, у якіх каранавірус працякае ў лёгкай форме, мае сэнс. Бо, кажа яна, цяжкіх пацыентаў з кожным днём становіцца ўсё болей, таму шпіталізаваць усіх немагчыма.

«Трэба пакінуць рэзэрв для тых, каму гэта больш патрэбна. Мы чакаем наплыў людзей у траўні, бо Вялікдзень, Радаўніца, потым парад. А гэта ўсё кантакты паміж людзьмі, таму, хутчэй за ўсё, захваральнасьць будзе расьці».

Доктарка лічыць, што ня ўсе беларусы да канца разумеюць сур’ёзнасьць сытуацыі з каранавірусам.

«Страшна, калі ты з гэтым працуеш, калі бачыш хворых людзей, вымушаных ляжаць на апаратах ШВЛ, якіх мы намагаемся лячыць, а яны не папраўляюцца. Калі яны прайшлі праз рэанімацыю, то, безумоўна, разумеюць, што такое каранавірус. Але вялікая праблема, што людзі не задумваюцца, працягваюць хадзіць па лякарнях, сустракацца адзін з адным».

Акрамя працы ў «прыёмніку», Чэхава часам дзяжурыць у аддзяленьнях.

«Не магу сказаць, што ў мяне ёсьць свае пацыенты, але як дзяжурны доктар я павінна іх глядзець. Калі нехта новы паступае, я сама прызначаю лячэньне. Ведаю, што ў некаторых аддзяленьнях ёсьць дынаміка — нават кагосьці выпісваюць. Што да пацыентаў у рэанімацыі, то тут ёсьць нюансы. У тых, хто на апараце ШВЛ, асаблівай дынамікі няма, хоць лячэньне добрае».

«Некаторыя калегі сышлі за свой кошт, а некаторыя звольніліся»

Паводле доктаркі, на пачатку году пра каранавірус мэдыкі не думалі. Нават у лютым яны былі ўпэўненыя, што ён не закране Беларусь.

«Калі ў нас у лякарні зьявіўся першы выпадак каранавірусу, адразу за ім пачалося як па наежджаным. Папраўдзе, мы ня думалі, што ўсё так абернецца. Гэты вірус сапраўды вельмі кантагіёзны, то бок адзін інфікаваны можа заразіць каля трох чалавек. Гэта даволі высокі паказьнік заражальнасьці.

Я шмат чула пра эпідэмію сьвінога грыпу ў 2009 годзе, але ў тым годзе я нават не была ўпэўненая, што зьбіраюся стаць лекаркай. Тое, што адбываецца цяпер, шмат для каго ўпершыню і нечакана. Нашая клініка ў прынцыпе была не гатовая да таго, каб стаць інфэкцыйнай. Цяпер кожны дзень у нас пераплянаваньне, нейкія новаўвядзеньні, штосьці намагаюцца зрабіць».

Усе дактары, кажа Дар’я, «крыху на нэрвах». Некаторыя яе калегі сышлі за свой кошт, а некаторыя і звольніліся — асабліва тыя, хто ва ўзросьце.

«Усё ж такі ёсьць дакладная карэляцыя паміж узростам і цяжкасьцю ходу захворваньня».

Дар’я засталася жыць дома, бо жыве з мужам. Але кажа, што калі б жыла з бацькамі, то дакладна ізалявалася б. Зь імі доктарка пакуль ня бачыцца, бо разумее, што можа быць носьбітам інфэкцыі, сама таго ня ведаючы.

«У псыхалягічным пляне [жыць] стала нашмат цяжэй, таму што ты трымаеш у галаве думку, што можаш заразіцца, прынесьці гэта дадому. Ідзеш у краму ў масцы і ўсё роўна думаеш, што можаш быць крыніцай заразы. Я нікуды не хаджу. Дом — праца — дом. Так сабе рэжым жыцьця. Пастаянная ізаляцыя вымушае замыкацца ў сабе, бо ні з кім не пакантактуеш, не пагутарыш. Час праводзім у коле калегаў, таму што зь імі ёсьць што абмеркаваць і яны цябе зразумеюць».

«24 гадзіны працы нон-стоп — гэта невыносна»

Мы пытаемся ў Чэхавай пра самы цяжкі дзень у працы з моманту, калі прыйшоў каранавірус. Яны кажа, што такіх было нямала.

«У асноўным яны былі ў канцы сакавіка, наша клініка яшчэ не была перапрафіляваная, але мы прымалі пнэўманіі зь іншых лякарняў, якія былі перапрафіляваныя. Да нас ехала столькі пнэўманій, што не было куды падзецца, прыяжджалі дзясяткамі. Гэта былі настолькі цяжкія дні, што мы не спраўляліся. У нас тады не было дадатковых ставак тэрапэўта. Спаць не клаліся ўвогуле. Прыходзілі на суткі ў 8.30 раніцы і ў 8.30 праз 24 гадзіны здавалі зьмену. 24 гадзіны працы нон-стоп — гэта было невыносна. Дапамагчы не было каму, бо пульманалёгія таксама працавала напружана.

Быў момант пераходны, калі пачалі зьяўляцца пацыенты з каранавірусам, але яшчэ ніхто ня быў да гэтага гатовы, у нас не было сродкаў засьцярогі. Да мяне „заехала“ вельмі спрэчная пацыентка. Я пераводзіла яе ў іншы шпіталь. У яе была двухбаковая пнэўманія і вельмі непрыгожы здымак лёгкіх. У выніку яна памерла. Сказалі, што гэта не каранавірус, але я ня ведаю дакладна. У той момант у мяне ў галаве ўсё пераключылася. Я зразумела, што вось гэта... яно. Зразумела, што гэта ўжо тут і цяпер. Тая ж сытуацыя была, калі пачалі хварэць калегі. Здаецца, што цябе гэта не закране, але вось калега, зь якім ты шмат часу быў побач, захворвае на каранавірус».

«Я прыйшла ў мэдыцыну не па грошы»

У сакавіку ўсім супрацоўнікам 10-й клінікі прыйшоў меншы заробак.

«Мы гэта актыўна абмяркоўвалі зь лекарамі, мэдсёстрамі. Хаця ў сакавіку мы працавалі асабліва напружана. У пляне фінансавай падтрымкі мы крыху расчараваныя. Мы так прыкінулі, што нам менш заплацілі ў сакавіку, каб потым заплаціць больш. Асабіста ў мяне тут ніякіх ілюзіяў няма, бо прыйшла ў мэдыцыну не па грошы. Хаця мяне гэта бянтэжыць, бо бачу, што людзі рызыкуюць сваім здароўем, а ў выніку атрымліваюць маленькі заробак. Гэта няправільна. Што тычыцца сродкаў індывідуальнай аховы, таксама пачалі зьяўляцца праблемы, таму хто дзе дастаў — гэта таксама пэўныя затраты».

Але Дар’я не шкадуе, што выбрала мэдыцыну. Яшчэ да таго, як скончыла ўнівэрсытэт, яна працавала мэдсястрой у рэанімацыі.

«Таму з рэальнай мэдыцынай я сутыкнулася ўжо тады. Мне падабаецца мая праца ў прыёмным аддзяленьні. Гэта розныя выпадкі, добрая магчымасьць чамусьці навучыцца. Калі зьявіўся каранавірус, мяне не расчаравала праца. Хутчэй расчаравала сыстэма аховы здароўя, адсутнасьць арганізацыі. Я не магу сказаць, што ў нас усё кепска. Нашая адміністрацыя за нас ваюе. Ведаю, што стараюцца в ыбіць сродкі аховы, грошай паболей».

Дар’я кажа, што засынае з думкамі аб працы: успамінае пацыентаў, якія ў іх былі аналізы, наколькі быў плённы дзень і што трэба выправіць: «Можа, я такі чалавек — мне заўсёды складана пераключыцца ад працы».

Пытаньне пра тое, чаму б не пайсьці ў водпуск за свой кошт ці ўвогуле ня звольніцца, для Чэхавай ня новае.

«Муж супраць таго, што шмат працы, але я не магу кінуць калектыў. У мяне шмат хто пытаўся, маўляў, чаму ты ня возьмеш адпачынак за свой кошт, чаму не сыдзеш адсюль. Але я разумею, што калі сыду, гэта будзе сурʼёзны прабел у калектыве. Не магу сказаць, што баюся самога каранавірусу, але баюся, што выйду са строю на нейкі час і ня будзе каму працаваць. Мой калега хварэе ўжо трэці тыдзень. Ён сябе добра адчувае, але сам факт, што яго няма, заўважны. Пакуль ёсьць здароўе і сілы, працягваю працаваць».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках