26 красавiка 2024, Пятніца, 22:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскі прафесар медыцыны расказаў пра новыя сімптомы каранавірусу

4
Польскі прафесар медыцыны расказаў пра новыя сімптомы каранавірусу
ПЁТР Х. СКАРЖЫНЬСКІ
ФОТА: CSIM.PL

Яны могуць выявіцца без іншых характэрных прыкметаў віруснага захворвання.

Амерыканская Акадэмія оталарынголагаў (AAO) паведаміла на сваім вэб-сайце, што страта або парушэнне нюху і смаку назіраліся ў пацыентаў, інфіцыраваных SARS-CoV-2, без якіх-небудзь іншых сімптомаў. Што вядома сёння пра сувязь паміж узнікненнем анасміі (страта нюху) і агеўзіі (страта смаку) і заражэннем новым каранавірусам?

Польскі лекар, доктар медыцынскіх навук, прафесар Пётр Х. Скаржыньскі адказаў на пытанні пра парушэнні нюху і смаку пры каранавірусе газеце «Puls Medycyny» (пераклад – csim.pl).

– Амерыканская Акадэмія оталарынголагаў (AAO) паведаміла на сваім вэб-сайце, што страта або парушэнне нюху і смаку назіраліся ў пацыентаў, інфіцыраваных SARS-CoV-2, без наяўнасці якіх-небудзь іншых сімптомаў. Што вядома сёння пра сувязь паміж узнікненнем анасміі і агеўзіі і заражэннем новым каранавірусам?

– Звесткі пра разлады нюху і смаку ў людзей, заражаных новым каранавірусам, паступаюць з трох краінаў, дзе эпідэмія COVID-19 дасягнула крытычнага ўзроўню. Я размаўляў на гэтую тэму з маімі калегамі, уключаючы доктара Пуя Дэхагі з адміністрацыі Маладых еўрапейскіх рынолагаў, які апублікаваў справаздачу пра італьянскіх пацыентаў. У праведзеным апытанні адзначалася, што ў пацыентаў, асабліва ва ўзросце 30–50 гадоў, да з'яўлення сімптомаў дыхавіцы або кашлю, з'явіліся парушэнні нюху і смаку.

Падобныя звесткі паступаюць з Ірана. За апошні час значна павялічылася колькасць пацыентаў, якія паведамляюць пра разлады нюху і смаку. У прадстаўнікоў Іранскай асацыяцыі рынолагаў ёсць дзве тэорыі на гэтую тэму. Адна з іх звязаная з уплывам каранавірусу і ягоным назапашваннем у насаглотцы і ротавай паражніне. Мяркуецца, што існуе падобны ўплыў на нюхальныя нервы і смакавыя рэцэптары.

Другая тэорыя мяркуе ўплыў сродкаў дэзынфекцыі, частае выкарыстанне якіх можа прывесці да разладаў нюху і смаку.

У Кітаі, аднак, у адной з лякарняў ва Ухані даволі высокая схільнасць да вірусу назіралася падчас эндаскапічных аперацый на калянасавых пазухах у спалучэнні з аперацыяй на аснаванні чэрапа. У гэтай вобласці размешчаныя нюхальныя рэцэптары, і, верагодна, праз канцэнтрацыю вірусу існуе рызыка пагаршэння нюху, як пры паліпозным рынасінусіце, але без тыповых сімптомаў.

– Ці з'яўляецца страта нюху і / або смаку распаўсюджаным сімптомам пры інфекцыйных захворваннях? Ці могуць якія-небудзь іншыя патагены выклікаць такія сімптомы?

– Разлады нюху даволі часта сустракаюцца пры хранічным сінусіце, але звычайна яны не з'яўляюцца асноўным або першым сімптомам. Гэтыя разлады могуць быць выкліканыя бактэрыямі, вірусамі і грыбкамі, а таксама быць пабочным эфектам некаторых лекаў. Гэта могуць быць такія прэпараты, як антыдэпрэсанты, судзіназвужальныя прэпараты мясцовага дзеяння (α-адрэнаміметыкі) ці некаторыя антыарытмічныя прэпараты.

Парушэнне смаку ў кантэксце отарыналарынгалогіі часта выклікаецца хімічным атручваннем, але можа таксама быць вынікам пабочных эфектаў некаторых лекавых прэпаратаў. Гаворка ідзе пра прэпараты з такіх групаў, як гармоны, інгібітары ангіятэнзінператваральныя ферменты (галоўным чынам, каптапрыл і эналапрыл), сартаны, мачагонныя прэпараты і некаторыя антыбіётыкі. Сульфаніламідныя прэпараты (напрыклад, бэта-блакатары або ІKA) выклікаюць такі пабочны эфект за кошт зніжэння канцэнтрацыі цынку і медзі; блакатары кальцыевых каналаў шляхам прыпынення прытоку іёнаў кальцыю блакуюць вызваленне рэцэптараў смаку (напрыклад, дылтыазем, верапаміл або ніфедыпін). Некаторыя лекі выклікаюць таксама парушэнне смаку, якое выяўляецца ў выглядзе металічнага прысмаку ў роце. У групу такіх лекаў уваходзяць, напрыклад, метранідазол, аміларыд або ацэтазаламід.

– Ці могуць такія разлады захоўвацца доўга?

– У выпадку нялечанага хранічнага сінусіту гэты разлад можа захоўвацца, але пасля адпаведнай тэрапіі нюх можа прыйсці ў норму. Гэта адзін з аспектаў, які ў цяперашні час вывучаюць спецыялісты ў Італіі, якія лечаць пацыентаў, што перамаглі каранавірусную інфекцыю. Аднак, з зразумелых прычынаў гэта не з'яўляецца прыярытэтам у цяперашні час, і цяжка атрымаць адназначныя статыстычныя звесткі.

Горш за ўсё бывае ў выпадках разладаў, звязаных з хімічным атручваннем – гэтыя разлады часта носяць сталы характар. У выпадку разладаў, якія ўзнікаюць у выніку ўжывання лекавых прэпаратаў, спыненне іх прыёму звычайна прыводзіць да вяртання нармальных функцый нюху і смаку. Памятайце, аднак, што не заўсёды можна спыніць прыём лекаў. У гэтым выпадку можна разгледзець магчымасць пераходу на прэпарат з іншай фармакалагічнай групы з аналагічным эфектам, які не выкліча такіх пабочных эфектаў.

– Беручы да ўвагі звесткі пра новыя сімптомы інфекцыі SARS-CoV-2, ці варта меркаваць, што спецыялісты-отарыналарынголагі асабліва схільныя рызыцы заражэння новым каранавірусам?

– Такі тэзіс не можа быць адназначна пацверджаны, але гэтыя спецыялісты зазнаюць падвышаную рызыку. Ёсць звесткі, што 12 чалавек, якія прысутнічалі ў аперацыйным блоку падчас супольнай аперацыі нейрахірургаў і отарыналарынголагаў, заразіліся каранавірусам. У адной з рэкамендацый нацыянальнага кансультанта ў отарыналарынгалогіі і Польскага таварыства отарыналарынгалогіі, фаніятраў і аўдыёлагаў гаворыцца, пра тое, што даследаванні непрамой ларынгаскапіі павінны быць абмежаваныя і павінны праводзіцца ў крайніх выпадках. Калі ёсць паказанні да якога-небудзь кшталту ўмяшанняў, напрыклад выкрыцця паратанзілярнага абсцэсу, спецыяліст павінен быць апрануты ў спецыяльны ахоўны касцюм. Праблема ў тым, што тэорыя – гэта адно, а практыка – іншае. Стэнфардскі ўніверсітэт выдаў рэкамендацыі, што кожны пацыент, які рыхтуецца да хірургічнай аперацыі носа або горла, павінен папярэдне прайсці скрынінгавы тэст на COVID-19. Я вельмі хацеў бы, каб такая практыка з'явілася таксама і ў Польшчы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках