6 чэрвеня 2020, Субота, 17:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія музыкі пра жыццё онлайн: Нязвыкла глядзець у камеру

3
Беларускія музыкі пра жыццё онлайн: Нязвыкла глядзець у камеру

Як перажываюць карантын Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч і іншыя.

У Беларусі афіцыйна карантыну няма, але некаторыя захады робяцца самімі грамадзянамі. Шмат людзей засталіся без працы, напрыклад, экскурсаводы, зубныя тэхнікі, прадаўцы сувеніраў. Музыкі, на жаль, апынуліся таксама ў цяжкай сітуацыі: канцэрты перанесеныя на невядомы час, а летнія фэсты пад пагрозай зрыву. Журналісты пагаварылі з некаторымі вядомымі рок-музыкамі пра тое, як яны адчуваюць сябе, што робяць у самаізаляцыі і як перажываюць гэты каранавірусны этап жыцця, паведамляе «Белсат».

Павел Трыпуць, гурты OpTeamist Project, Volski, Krambambula, Trubetskoy, The Superbullz

«Я цалкам падтрымліваю самаізаляцыю! Бо трэба ж разумець, што гэта не толькі дзеля асабістай бяспекі, але і для прыпынення распаўсюджвання віруса, і каб лякарні і лекары паспявалі рабіць сваю працу! Пры гэтым я разумею, што не ва ўсіх самаізалявацца ўдаецца, бо афіцыйнага карантыну няма, і многім трэба выходзіць на працу».

ПАВЕЛ ТРЫПУЦЬ. ФОТА: УЛАСНЫ АРХІЎ

Музыка сядзіць дома разам з чатырохгадовым сынам. Не гледзячы на тое, што ільвіная доля часу надаецца дзіцяці, ён паспявае пісаць музыку, праводзіць рэпетыцыі, даваць урокі гітары для вучняў па Skype і Zoom, а таксама ўдзельнічаць у онлайн-канцэртах:

«Гралі з гуртом Volski такі канцэрт. Было вельмі крута, хоць і не звыкла ўвесь канцэрт глядзець у камеру. Плануецца онлайн-выступ з Superbullz. Вядома, цяпер цяжкія часы для ўсіх музыкаў і творчых людзей, але не трэба падаць духам! Трэба рабіць сваю справу, шукаць новыя магчымасці для самавыяўлення, пашыраць свой рэсурс! А таксама падтрымліваць адзін аднаго!»

Ігар Варашкевіч, гурт «Крама»

Лідар гурта «Крама» парушае рэжым самаізаляцыі. Тыдзень таму ён перанёс запланаваную аперацыю на руцэ, і кожны дзень вымушаны ездзіць у лякарню на перавязкі. Ігар час ад часу гуляе ў адзіноце ў яблыневым садзе, але звычайна сядзіць дома:

«Песні не пішу, бо не магу граць на гітары. Увогуле, практычна нічога не магу рабіць рукамі. Вымушаны глядзець тэлевізар...уключаю, напрыклад, канал Viasat History, і гляджу ўсё аб пасляваенных планах Гітлера. Учора з задавальненнем перагледзеў фільм «Матылёк» 1973 года, са Стывам МакКуінам і Дастынам Хофманам у галоўных ролях».

ІГАР ВАРАШКЕВІЧ. ФОТА: УЛАСНЫ АРХІЎ

Беларусам Ігар зычыць здароўя і сіл, а таксама менш слухаць спецыялістаў ва ўсіх сферах.

Сяргей Башлыкевіч гурт Leibonik

«У асноўным працую з дому (дзякуй, што ёсць такая тэхнічная магчымасць). Да таго ж, практыкуем з жонкай выезд на 3-4 дні на сяброўскае лецішча за межы горада. Вось дзе максімальная самаізаляцыя. З гуртам таксама перайшлі на дыстанцыйны фармат працы – больш дэталёва прапрацоўваем свае партыі і займаемся індывідуальна».

СЯРГЕЙ БАШЛЫКЕВІЧ. ФОТА: УЛАСНЫ АРХІЎ

Сяргей - адзін з першых адгукнуўся на прыход каранавіруса іранічным рэпам. А наконт скасаваных канцэртаў ён не хвалюецца і не сумуе, а ўспрымае ўсё з гумарам:

«Толькі мы планавалі выйсці са спячкі і даць вялікі рок-канцэрт у Менску, як пачалася ўся гэтая халера! Мы вымушаныя перанесці на травень сольны канцэрт у клубе «Бруге», і на невядомы час – канцэрт з гуртам Recha ў Віцебску. Магчыма, Сусвет падумаў, што мы яшчэ не гатовыя да славы, грошай, лэйблаў і ўсяго такога...затое, зайгралі онлайн-акустыку ў арт-сядзібным праекце «Бяспечны LIVE», і ўжо аблізваемся на онлайн-электрыку».

Раман Жыгараў, гурт Akute

Акцыю «Можаш - сядзі дома!» басіст гурта Akute падтрымлівае сваім прыкладам. З восені ён працуе ў IT-сферы, у хатнім рэжыме. Адначасова, Раман актыўна працуе над запісам новага матэрыялу. Гэта будзе ўжо шосты альбом у дыскаграфіі Akute. Застаецца час і на онлайн-выступы:

РАМАН ЖЫГАРАЎ. ФОТА: УЛАСНЫ АРХІЎ

«Гэта вельмі дзіўна выглядае, але онлайн-канцэрты даволі эфектыўныя, бо на гэты стрым збіраецца шмат народу. Цяпер такі час, і мы змяняемся разам з гэтым часам. А беларусам я хацеў бы параіць, па магчымасці, заставацца дома! Цяпер трэба максімальна абмежаваць сустрэчы з іншымі людзьмі. Паклапаціцеся пра сваіх бацькоў! І абавязкова заставайцеся моцнымі! Мы - беларусы, мы - моцныя!»

Лявон Вольскі, гурты Volski, Krambambula

«Больш за тыдзень сяджу ў вёсцы. Калі ўжо самаізалявацца, то самаізалявацца! Трэба ж дапамагчы нашым лекарам, у якіх і без новых пацыентаў вельмі шмат працы! Тут, у вёсцы, дастаткова спраў, але і песні часам нараджаюцца.

«Большасць жывых канцэртаў перанесеныя на няпэўны час, прыкладна, на восень. З музыкамі даўно не збіраліся на рэпетыцыі, але паспелі сыграць з гуртом Volski адзін онлайн-канцэрт - на Дзень Волі».

ЛЯВОН ВОЛЬСКІ. ФОТА: УЛАСНЫ АРХІЎ

З онлайн-канцэртамі Лявон пайшоў далей, чым калегі па музычным цэху. Музыка плануе акустычны онлайн-тур пад назвай «World Online Tour Stay home». Усе выступы будуць праходзіць а 20:00 паводле мясцовага часу.

АФІША ОНЛАЙН-КАНЦЭРТАЎ ЛЯВОНА ВОЛЬСКАГА

А беларусам Лявон Вольскі зычыць: «Вытрымкі, сіл і ўпэўненасці! Усё будзе добра! Трэба толькі трохі пачакаць!»