26 красавiка 2024, Пятніца, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарка Баранавічаў: Праз некалькі дзён пасля выпіскі хвароба пачала «касіць» усю сям'ю

Жыхарка Баранавічаў: Праз некалькі дзён пасля выпіскі хвароба пачала «касіць» усю сям'ю

Маладая маці мяркуе, што вярнулася з радзільні з каранавірусам.

Гараджанка Вікторыя 19 красавіка нарадзіла ў Баранавіцкай радзільні дачку. Праз некалькі дзён пасля выпіскі у яе паднялася тэмпература, з'явіўся кашаль, прапаў нюх. Потым сталі хварэць усе родныя, а ў 70-гадовай бабулі, якую 15 траўня шпіталізавалі з пнеўманіяй, тэст на COVID-19 апынуўся станоўчым. Вікторыя мяркуе, што каранавірус дадому прывезла яна. З радзільні, піша intex-press.by.

Задоўга да родаў – яшчэ ў пачатку сакавіка – уся сям'я, паводле словаў Вікторыі, сышла на добраахвотную самаізаляцыю, каб не падхапіць каранавірус і не прынесці небяспеку дзіцяці.

– Муж нават адмыслова пакінуў працу, – расказвае Вікторыя. – Мы ведалі, што адно з гінекалагічных аддзяленняў радзільні перапрафілявалі для пацыентаў з COVID-19. Але страху не было, спадзяваліся на адказнае стаўленне лекараў.

«Стаяла над калыскай і кашляла»

Роды прайшлі нармальна, Вікторыя нарадзіла здаровую дзяўчынку. Пасля нараджэння дзіцяці, кажа гараджанка, яна сама папрасіла перавесці яе ў платную палату. Думала, так будзе бяспечней.

– Аднак практычна ўвесь медперсанал хадзіў без касцюмаў і пальчатак, а маскі насілі на падбароддзі і скардзіліся на тое, што ім цяжка ў іх дыхаць, – успамінае Вікторыя. – санітаркі ўвогуле былі без масак і маглі адной рукой прыбіраць, у другую руку кашляць. Хто ведае: можа, яны прыбіралі аддзяленне з каранавіруснымі пацыентамі, а потым прыходзілі ў маю палату? Нават загадчыца пасляродавага аддзялення, якая прыходзіла да мяне ў палату на агляд, стаяла над калыскай і кашляла.

Захады бяспекі ў радзільні, кажа гараджанка, сталі ўжываць толькі за два дні да яе выпіскі: лекары сталі насіць маскі і ахоўныя касцюмы.

«Скасіў» усю сям'ю

З радзільні Вікторыя вярнулася дадому 25 красавіка. Усё было нармальна, але праз чатыры дні, кажа гараджанка, у яе паднялася тэмпература пад 40 і прапаў нюх.

– Спачатку я спісвала гэта на мастыт, – успамінае Вікторыя. – Тады я не думала, што ўсё будзе настолькі сур'ёзна.

Праз яшчэ некалькі дзён хвароба пачала «касіць» усю сям'ю. Паводле словаў гараджанкі, спачатку захварэла яе мама, якая прыязджала дапамагчы прыгледзець за малечай, пакуль сама яна ляжала з тэмпературай. Потым затемпературылі старэйшая дачка Вікторыі, муж і 70-гадовая бабуля, якая таксама кантактавала з сям'ёй.

– Сімптомы ва ўсіх былі аднолькавыя: слабасць, тэмпература, страта нюху, – расказвае Вікторыя. – Выклікалі лекараў на дом, усе назіраліся ў сваіх тэрапеўтаў, здалі аналізы, зрабілі здымкі. Думалі, што ў нас возьмуць тэсты на COVID-19 – усе прыкметы паказвалі на гэтае захворванне. Але тэсты ні ў кога не бралі. На маёй флюараграфіі выявілі правабаковую пнеўманію. Але мяне, як і ўсіх сваякоў, прадаўжалі лячыць дома.

Бабулю Вікторыі 15 траўня шпіталізавалі з двухбаковай пнеўманіяй у Менскую інфекцыйную лякарню. Там ёй зрабілі тэст на каранавірус, і 17 траўня прыйшоў адказ: вынік станоўчы.

«Каго вінаваціць за нядбалае стаўленне?»

Цяпер Вікторыя адчувае сябе лепш: тэмпература спала, вярнуўся нюх. Але яе родныя прадаўжаюць хварэць. Гараджанка ўпэўненая, што гэта яна прывезла дадому каранавірус, і мяркуе, што заразілася ў радзільні.

– Я зрабіла ўсё магчымае, каб зберагчы сябе, сваё дзіця, сваю сям'ю ад каранавірусу. Таму мяркую, што заразіцца я магла толькі ў радзільні. І захварэла я першая. Каго вінаваціць за нядбалае стаўленне? Чаму цяпер я павінна мучыцца і перажываць, бо хтосьці безадказна паставіўся да захадаў бяспекі? – абураецца Вікторыя.

Гараджанка вінаваціць не толькі медыкаў. Яна мяркуе, што калі б улады паказвалі рэальную карціну захворвання, то людзі больш сур'ёзна ацэньвалі б рызыкі.

– У нашых людзей няма пачуцця адказнасці за тое, што ты можаш заразіць іншых. Я вельмі хачу, каб людзі былі больш уважлівыя і да сябе, і да іншых.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках