27 красавiка 2024, Субота, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што пачытаць летам: 12 кніг ад Біла Гейтса

4
Што пачытаць летам: 12 кніг ад Біла Гейтса
Біл Гейтс
ФОТА: GETTY IMAGES

У канцы кожнага сезону Біл Гейтс дзеліцца сваімі кніжнымі рэкамендацыямі.

Рубрыка «5 кніг на лета/зіму» стала ўжо традыцыйнай на сайце Біла Гейтса. У reading list сузаснавальніка Microsoft трапляюць кнігі па гісторыі, навуцы, бізнэсу і эканоміцы, а часам - нават коміксы.

Эпідэмія COVID-19 унесла свае змены - гэтым разам Гейтс рэкамендуе цэлых 12 кніг, якія дапамогуць правесці час з карысцю і пашырыць кругагляд. Liga.Tech зрабіла пераклад свежых рэкамендацый ад Біла Гейтса. Спадзяёмся, гэты спіс будзе карысны шмат каму.

«Выбар», Эдыт Ева Эгер

Гэтая кніга часткова з'яўляецца мемуарамі, а часткова - кіраўніцтвам, як перажыць траўму. У 16 гадоў Ева Эгер з сям'ёй трапіла ў Асвенцым. Ёй удалося выжыць і пераехаць у ЗША, дзе яна стала псіхатэрапеўтам.

У кнізе Ева дзеліцца досведам выжывання ў канцлагеры. Дзякуючы праніклівасці і чалавечнасці аўтара кніга стане суцяшэннем для тых, хто перажывае цяжкія часы.

«Воблачны Атлас», Дэвід Мітчэл

Складаны сюжэт кнігі ўключае шэсць узаемазвязаных гісторый. Гейтса больш за ўсё натхніла гісторыя пра амерыканскага лекара на борце паруснага карабля на пачатку ХІХ стагоддзя. На думку Біла, гэтая кніга - для тых, хто хоча даведацца ўсё лепшае і горшае ў чалавецтве.

«Паездка даўжынёю ў жыццё», Боб Ігер

Са слоў Гейтса, гэта адна з найлепшых кніг, якія ён калі-небудзь чытаў. У кнізе Ігер распавядае, як кіраваць буйной карпарацыяй на прыкладзе «Дысней». Кніга будзе карысная тым, хто шукае ідэі для развіцця бізнэсу.

«Вялікі грып», Джон М. Бары

Гэтая кніга распавядае пра эпідэмію гішпанскага грыпу, якая пачалася ў 1918 годзе і працягвалася да снежня 1920 года. Паводле розных ацэнак, ад гэтай эпідэміі памерла ад 17 млн да 100 млн чалавек. Як адзначае Біл Гейтс, гэтая кніга з'яўляецца напамінам пра тое, што праз 100 гадоў чалавецтва сутыкнулася з падобнай праблемай.

«Добрая эканоміка ў цяжкія часы», Абхіджыт В. Банерджы і Эстэр Дзюфло

Аўтары гэтай кнігі атрымалі Нобелеўскую прэмію па эканоміцы за сваё даследаванне эканомікі беднасці (пераклад іх кнігі пра гэта выйшаў у выдавецтве «Наш фармат» у 2018 годзе).

Абхіджыт В. Банерджы і Эстэр Дзюфло ўмеюць даступна тлумачыць складаныя эканамічныя тэорыі. У сваёй новай кнізе яны пішуць пра няроўнасць і палітычныя рознагалоссі на прыкладзе ЗША.

«Прастора вашай галавы», Эндзі Паддзікомб

Кіраўніцтва па медытацыі, напісанае былым будыйскім манахам Эндзі Паддзікомбам. Як успамінае Гейтс, спачатку ён з недаверам ставіўся да медытацыі. Аднак паспрабаваўшы іх, ён стаў медытаваць, як толькі ў яго з'яўляецца вольны час.

«Шпацыр па Месяцы з Эйнштэйнам», Джошуа Фоер

Джошуа Фоер умее гаварыць пра навуку простай мовай. Кніга прысвечаная розным методыкам запамінання. Джошуа запэўнівае: прачытаўшы гэтую кнігу, вы зможаце выйграць чэмпіянат па запамінанню ўжо праз год.

«Марсіянін», Эндзі Вейра

Па гэтай кнізе быў зняты вядомы фільм з Мэтам Дэйманам у галоўнай ролі. На думку Гейтса, сёння мы перажываем сур'ёзныя выпрабаванні, якія пераклікаюцца з кнігай Вейра.

«Джэнтльмен у Маскве», Амарыі Тоўлз

Падзеі, апісаныя ў кнізе, адбываюцца ў 1922 годзе. Галоўны герой - расейскі граф, якому забаронена пакідаць свой нумар у гатэлі. На думку Гейтса, гэтая кніга - найлепшае, што можа падняць настрой падчас працяглага карантыну.

Трылогія «Розі», Грэм Сімсіон

Кніга апавядае пра тое, як прафесар генетыкі з сіндромам Аспергера шукае жонку і стварае сям'ю. Аўтар хоча паказаць, што нягледзячы на ўсе нашы адрозненні, мы ўсе хочам аднаго - быць шчаслівымі. Са слоў Гейтса, гэтую трылогію яму параіла яго жонка Мелінда, за што ён ёй вельмі ўдзячны.

«Лепшае, што мы маглі зрабіць», Ці Буі

Графічны раман пра вайну ў В'етнаме. Як прызнаецца Гейтс, ён у асноўным не чытае графічных раманаў, аднак гэта твор прымусіў яго змяніць сваё меркаванне і па-іншаму паглядзець на в'етнамскую кампанію.

«Што калі? Сур'ёзныя навуковыя адказы на абсурдныя гіпатэтычныя пытанні», «XKCD, том 0», Рэндал Мунро

Гэтыя кнігі напісаны былым інжынерам НАСА Рэндалам Мунро. У іх ён у форме коміксаў адказвае на складаныя навуковыя пытанні. Гейтс рэкамендуе коміксы Мунро ўсім, хто цікавіцца навукай.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках