27 красавiка 2024, Субота, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі адбыўся «малы Чарнобыль», які тыдзень хавалі ад Пуціна

10
У Расеі адбыўся «малы Чарнобыль», які тыдзень хавалі ад Пуціна

Гэта паказвае на параліч расейскай уладнай структуры.

21 тысяча тонаў нафтапрадуктаў заліла арктычны Таймыр і на шмат дзесяцігоддзяў знішчыла прыроду гэтага месца. Але гэта толькі прэлюдыя да катастрофы, якая можа падарваць аснову эканомікі Расеі.

Пра гэта піша польскае выданне Gazeta Wyborcza (пераклад – unian.net).

"Ну, і што, далей будзем даведвацца пра надзвычайныя сітуацыі з сацыяльных сетак? Або ў вас са здароўем не ўсё ў парадку?" – дакараў выбіты з раўнавагі Уладзімір Пуцін учора ўвечары дырэктара "Нарыльска-Таймырскай энэргетычнай кампаніі" Сяргея Ліпіна.

З рэзервуараў кампаніі, якая ўваходзіць у структуру "Нарыльск Нікель", шэсць дзён таму выцекла 21 тысяча тонаў дызельнага паліва, атручваючы наваколлі Нарыльска, мясцовыя рэкі і ўзбярэжжа Карскага мора.

Як сказаў журналіст газеты "Камерсант" Андрэй Калеснікаў, які ўжо шмат гадоў сочыць за Пуціным, расейскі прэзідэнт на піку пандэміі каранавірусу не быў такім раздражнёным, як на ўчорашняй надзвычайнай інтэрнэт-нарадзе.

Катастрофа, якую ўжо празвалі "маленькім Чарнобылем", адбылася раніцай у суботу. Але інфармацыя пра яе вялікія маштабы пераадольвала тры тысячы кіламетраў ад Таймыра да Масквы вельмі доўга. Яна ішла б яшчэ даўжэй, калі б жыхары паўвострава за Палярным колам у абыход бюракратаў не пачалі біць трывогу ў сацыяльных сетках.

15 тысячаў тонаў паліва разлілося на зямлю і пратачылася ў глебу. Яшчэ 6 тысячаў тонаў, паводле адзнак ратавальнікаў, трапіла ў раку Амбарную, яе прыток Далдыкан, возера Пясіна, а таксама ў аднайменную раку, якая выцякае з яго. Забруджванне дайшло да Карскага мора.

У больш цёплых месцах ліквідацыя наступстваў такой катастрофы доўжылася б некалькі гадоў. Але на замёрзлай поўначы, паводле словаў кіраўніка WWF у Расеі Аляксея Кніжнікава, для гэтага спатрэбяцца дзесяцігоддзі. Выратавальныя службы не могуць справіцца з такой вялікай задачай ва ўмовах бездарожжа.

Бо ў рэгіён можна дабрацца толькі на шрубалётах і на спецыяльных пазадарожніках. А перасоўвацца па дзікіх мясцовых рэках увогуле не атрымаецца. Спачатку, напэўна для замыльвання вачэй кіраўніцтву ў Крамлі, чыноўнікі паведамілі, што выцечка адбылася пасля таго, як асабісты аўтамабіль пратараніў рэзервуар з палівам.

Але высветлілася, што структура трэснула, таму што падпоркі, на якіх яна трымалася, разышліся. Таму што яны былі ўбітыя ў вечную мерзлату. А праз глабальнае пацяпленне яе верхні пласт пачаў раставаць і ператварацца ў балота. У Нарыльску жыве блізу 200 тысячаў людзей. Шмат гадоў сярэдняя тэмпература паветра ў траўні тут не перавышала 4,8 градуса марозу паводле Цэльсія.

Але ў 2020 годзе яна паднялася да двух градусаў вышэй за нуль ноччу і да чатырох удзень. Расейскія СМІ пісалі, што мінулай зімой на ўсёй тэрыторыі Крайняй Поўначы Расеі сярэдняя тэмпература перавышала норму ў 7-8 разоў.

Да гэтага часу зацвярдзелы ад палярных маразоў грунт надзейна трымаў на сабе металургічны камбінат "Нарыльск Нікель", які забяспечвае 40% сусветнай вытворчасці паладыю, 12% нікелю, 11% плаціны і 2% медзі. Але цяпер ён літаральна пачаў разлазіцца пад цэхамі, печамі і цыстэрнамі.

Глабальнае пацяпленне прымушае тануць цэлы паўночна-сібірскі "востраў скарбаў", з якога Расея чэрпае свае нафтавыя, газавыя і металургічныя багацці.

"Цяпло, якое пранікае ў глыб сібірскай зямлі, знішчае падмурак расейскай эканомікі", – піша выданне. Гісторыя з выцечкай паліва, якая так раззлавала Пуціна, выкрывае таксама некампетэнтнасць і ненадзейнасць сістэмы кіравання, якую ён сам і стварыў. Выратавальныя службы досыць хутка перадалі інфармацыю пра маштабы аварыі кіраўніцтву "Нарыльск Нікель".

Усе звесткі атрымалі таксама губернатар Краснаярскага краю і міністр надзвычайных справаў. Дрэнныя навіны дайшлі да Масквы менш чым за гадзіну. Але ніхто з тых, хто займае наступныя ступенi ўладнай іерархіі, не наважыўся паведаміць пра катастрофу валадару Крамля.

Ніхто з іх не сказаў, што ўмяшанне федэральнага цэнтра неабходнае. Таму што сёння, калі Расея рыхтуецца да рэферэндуму пра ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю, якія дадуць Пуціну права кіраваць краінай фактычна вечна, Крэмль патрабуе ад сваіх бюракратаў "пазітыву".

Веснікаў, якія прыносяць дрэнныя навіны, чакае няласка.

Уладальнік "Нарыльск Нікель" мільярдэр Уладзімір Патанін, губернатар Краснаярскага краю Аляксандр Ус і міністр надзвычайных справаў РФ Яўген Зінічаў любяць, калі на фота з іх кабінетаў трапляе жоўты тэлефон спецыяльнай сувязі. Бо гэта гаворыць пра іх блізкасць з расейскім аўтакратам. Але ніхто з іх не скарыстаўся гэтым апаратам, каб паведаміць Пуціну пра катастрофу. За іх гэта рабілі людзі з Нарыльска з дапамогай Facebook і Twitter.

Gazeta Wyborcza паказвае, што сам жа Пуцін пабудаваў сабе такую ўладную структуру, ставячы на высокія пасады людзей не кампетэнтных, а, перш за ўсё, лаяльных.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках