26 красавiка 2024, Пятніца, 22:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы верым, што ў сілах змяніць лёс краіны»

2
«Мы верым, што ў сілах змяніць лёс краіны»

Што кажуць жыхары Бабруйска на легальных пікетах за перамены.

У канцы чэрвеня будзе тры гады з дня адкрыцця ў Бабруйску Моладзевага парку. На некалькі гадзінаў 4 чэрвеня парк стаў месцам збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Ініцыятыўныя групы Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі размаўлялі з выбарнікамі, выслухоўвалі іх меркаванні і прапановы, піша «Камерцыйны кур'ер».

У паркавай альтанцы акустычныя калонкі гралі сучасныя версіі «Маршу энтузіястаў».

– Там дзіцячае свята цяпер ідзе, – растлумачылі карэспандэнтам «Камерцыйнага» гараджане, паказваючы рукой на пляцоўку, якая прымыкае да тыльнага боку Палаца мастацтваў.

Ініцыятыўная група Ціханоўскага проста за ўваходнай ратондай разгарнула адразу два намёты. Тут моладзь, сталыя людзі, пенсіянеры. На тварах дзевяці з дзесяці прысутных – маскі. Яно і зразумела – народ хвалюецца за сваё здароўе. Тым, хто ненадоўга забываецца пра захады засцярогі, прадстаўнікі ініцыятыўнай групы нагадваюць пра неабходнасць трымаць дыстанцыю.

Дзяніс Кучма ўжо пакінуў свой подпіс за двух прэтэндэнтаў, але не спяшаецца сыходзіць. Ягоная электрычка яшчэ няхутка.

– Прыехаў адмыслова ў Бабруйск, каб выказаць сваю пазіцыю. Жыву ў вёсцы, спрабую зарабляць праз інтэрнэт. Іншай працы ў вёсцы няма.

Да таго як стаць фрылансерам, Дзяніс выкладаў геаграфію ў школе. Кажа, ледзь-ледзь вытрымаў абавязковыя пасля размеркавання два гады. Звольніўся. Многія ягоныя знаёмыя з'ехалі за мяжу. Сам хлопец пакуль не спяшаецца.

– Хочам тут пабудаваць нармальную краіну. Каб да нас людзі ехалі.

Збор подпісаў ідзе не толькі ў намёце. Пенсіянерка Ванда Архіпенка трымае падпісную тэчку седзячы на лаўцы. Сумаваць жанчыне не выпадае. З пачатку падпісной кампаніі Ванда Мечыславаўна паспела сабраць 800 подпісаў за Валерыя Цапкалу. З сцвярджэннем пра апалітычнасць беларусаў сваёй узроставай катэгорыі яна не згодная:

– Можа, тых, хто глядзіць толькі тэлевізар, і задавальняе тое, што адбываецца ў краіне... Хоць і я хацела б жыць менавіта ў той Беларусі, якую паказваюць на ТВ, але ў рэальнасці ўсё інакш. Таму мяркую, што краіне патрэбныя перамены. Адзін з маіх сыноў – Аляксандр – працуе ў Расеі, цяпер чакае, калі адчыняць мяжу. Праца тут нават не разглядаецца. Малодшы Андрэй працуе ў Менску, амаль увесь заробак ідзе на аплату жылля. Але галоўнае нават не гэта. Хочацца, каб улада нас паважала. Мы – народ, а не народзец, не жаром, а ямо.

Над Моладзевым паркам навісла вялікая хмара, але людзей яна не разагнала.

У чарзе засталіся і пенсіянеры Сяргей Аляксандравіч і Таццяна Уладзіміраўна Германавы.

– Непакоімся за лёс краіны, – сказаў кіраўнік сямейства. – Мы верым, што ў сілах яго змяніць.

Іх малады сусед у чарзе таксама цвёрда ўпэўнены, што галасы выбарнікаў паўплываюць на лёс краіны:

– Мяне клічуць Васіль Кулагін, мне 22 гады. Вучуся ў Гомельскім універсітэце імя Скарыны на спецыяльнасці «лясная гаспадарка». Пакуль не планую з'язджаць з Беларусі, як гэта робяць многія мае аднагодкі. Не хочацца страціць сябе ў Еўропе, хочацца знайсці сябе на радзіме. Спадзяюся, спатрэблюся краіне. Менавіта таму я тут.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках