26 красавiка 2024, Пятніца, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

План перамогі

48
План перамогі
ФОТА: TWITTER/@ BELTEANEWS

На нашым баку рэальная сіла.

Адно зразумела ў Беларусі: не выпадае чакаць ад Лукашэнкі нават найменшага пробліску разважнасці, хоць бы дзеля ўласнага выратавання. Чалавек, які звыкся думаць, што ён самы хітры, шчыра верыць, што зноў беспакарана абвесціць сябе ўсенародна любімым.

А яшчэ думае, што ўсе вакол яму адданыя і гатовыя галовы скласці за перапужанага і бездапаможнага ў сваім страху самазванца.

Дудкі!

Не ідыёты ж нават ягоная ахова. Як у тым анекдоце пра беларускага партызана, якога прымусілі перад боем уступаць у партыю, а ён напісаў у заяве: «калі загіну – уважайце мяне камуністам, а калі не... то не!»

Яны ж выдатна бачаць, на чыім баку рэальная сіла і чаго хоча народ.

Лукашэнка з хаўрусніцай Ярмошынай пойдзе паводле наезджанага сцэнару: не будзе ніякага падліку галасоў, назірай – не назірай. Будзе спроба чарговай нахабнай фальсіфікацыі.

Аднак народ ужо выказаўся, грамадзяне Беларусі ўжо прагаласавалі.

Больш за тое, вынікі гэтага сапраўднага народнага плебісцыту назірае ўвесь свет. Не раз Беларусь бывала ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ, фігуравала на першых палосах галоўных сусветных выданняў, у навінавых выпусках CNN і BBC.

Не заўсёды весткі з нашай краіны былі добрымі, але на гэты раз свет глядзіць на нас па-іншаму: з надзеяй, верай у народ Беларусі, з захапленнем.

А яшчэ ўвесь свет дзівіцца нашай вынаходлівасці. Кажуць, што францужанкі з чаго заўгодна могуць зрабіць салату і капялюшык. Гэтая справа ўвогуле няхітрая: трохі фантазіі і густу. А вось беларусы кожнае штодзённае дзеянне могуць ператварыць у пратэст: воплескі, шпацыры, песні з прытоптваннем на гаўбцах, чэргі, вясёлае катанне на роварах пад вечар, жывыя фігуры з тэлефонных ліхтарыкаў, добра бачныя з квадракоптараў, што пырхаюць навокал над імі, а на самай справе ярка адрозныя нават з космасу.

Зашуганыя ціхушнікі і разгубленая міліцыя на самай справе дапамагаюць зафіксаваць маштаб пратэстаў. Менавіта яны на загад кіраўніцтва гатовыя абвесціць нават бабуляў – гандлярак ягадамі ворагамі Лукашэнкі. І не памыляцца ж.

На вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў і вёсак ужо выйшлі дзясяткі тысячаў грамадзянаў з патрабаваннем змены ўлады. У найбліжэйшыя дні на вуліцах будуць сотні тысячаў.

Засталося зусім няшмат, каб дайсці да новай Беларусі, пачынаючы з 9 жніўня, калі і прыхільнікі галасавання, і прыхільнікі байкоту выйдуць з дому сотнямі тысячаў з добрым настроем, з верай у сябе, сваіх сяброў, сваю краіну, грамадзянаў нашай краіны, дзе б яны ні былі, якія б званні ні насілі.

І тады адбудзецца вось што:

500 000 мірных грамадзянаў Беларусі на вуліцах, плошчах, парках, стадыёнах, у пешаходных зонах гарадоў у дзень галасавання 9 жніўня 2020 года;

а потым, з раніцы і да вечару наступнага дня, 10 жніўня 2020 года – 1 мільён, які прадстаўляе ўсю Беларусь, новую Беларусь;

і, нарэшце, у наступныя дні – 2 мільёны (можна і больш), для падтрымкі пераменаў.

І тады мы зможам сказаць: ах, які цудоўны жнівень выдаўся сёлета. Якое выдатнае надвор'е стаяла. І дождж быў цёплым, і вецер дзьмуў спадарожны. А ўжо людзі... якія ўсё ж цудоўныя людзі жывуць у Беларусі!

Жыве Беларусь!

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках