19 сакавiка 2024, aўторак, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уратаваць шараговага неафіта

62
Уратаваць шараговага неафіта
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Жорсткая праўда ад кандыдата ў прэзідэнты.

Ёсць у нас няпісанае правіла: за дыктатурай, калі чалавек трапляе ў турму за палітыку - адкінь свае супярэчнасці з ім і біся за яго, як за свайго найбліжэйшага паплечніка, піша лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Гэтае правіла не адразу было прынятая ў Беларусі, але, калі яго зразумелі, мы шмат каго змаглі выцягнуць з-за кратаў, агульнымі намаганнямі.

Хто мы?

Тыя, каго «Саша 3%» і кожны палітычны неафіт спрабуе абазваць маргіналам.

Тыя, каго больш за ўсё баіцца Лукашэнка, бо не за грошы, бо прынцыпова, бо да перамогі Беларусі, а не якога-небудзь чарговага ведзьмака.

Правіла гэта выключае крытыку таго, хто за кратамі, калі ён «палітычны». Выцягнем - разбярэмся.

І годзе ўжо вынаходзіць тухлыя канструкцыі кшталту «па-за палітыкай», «над сутычкай» ці «свет не такі чорна-белы, якім ён вам здасца, калі вы з ім бліжэй пазнаёміцеся».

За дыктатурай кожны нясмелы рух у бок ад дыктатара з самымі добрымі намерамі дапамагчы гамункулу выглядаць чалавекам трактуецца як ўцёкі і караецца проста прапарцыйна страху правадыра.

Так што, як вы сябе ні назавяце, вы ўжо даўно палічаныя і запісаныя ў апазіцыю, тую самую, якая вас так палохае. Дык, можа, годзе віхляць?

Па-мойму, за дыктатурай абавязак кожнага чалавека, які не страціў яшчэ маральныя арыенціры, акурат быць у апазіцыі. А вось тыя, хто «над сутычкай», чагосьці там мэнэджары, акурат хітруюць. Па большай частцы яны працуюць на рэжым, атрымліваюць дакладна вызначаныя дывідэнты ад дыктатуры, якія вылічаюцца зусім канкрэтнымі сумамі і жыццёвымі выгодамі.

Я пра тое, што трэба тэрмінова вызваляць усіх палітвязняў, усім светам і ўсімі даступнымі метадамі.

Толькі вось я зусім не бачу, што каманда Віктара Бабарыкі сапраўды імкнецца вызваліць яго і Эдуарда. Дарэчы, у гэтай каманды вельмі цікавы стыль камунікацыі: яны ніколі не называюць ніякіх імёнаў. Для іх быццам бы не існуе нікога за межамі іх асяродка, не існуе гісторыі супраціву ў Беларусі. Не існуе людзей, якія аддалі жыццё за свабоду Беларусі.

Я таксама буду прытрымлівацца іх стылю, тым больш што і іх імёны чамусьці не выдаюцца, за рэдкім выключэннем.

Дык вось гэтая «самая файная каманда» нічога не рабіла і не робіць для вызвалення свайго лідара. Яны палохаюцца не толькі слоў «апазіцыя» ці «дыктатура», іх палохае само згадванне пратэстаў. Сотні тысяч подпісаў былі цынічна выкінутыя злачынцамі з ЦВК у смецце - і дзе рэзкая рэакцыя? Дзе заклік да людзей нешта рабіць, а не адседжвацца?

А гэта не подпісы за «каманду» і нават не за Бабарыку. Гэта подпісы людзей за змену ўлады ў Беларусі.

Увогуле, на маю сціплую думку, як цяпер кажуць, няма там ніякай каманды, і сядзець Віктару Бабарыку доўга, калі не пачне з'яўляцца разуменне сярод ягонага штаба, што трэба дзейнічаць, а не выварочваць пальцы сэрцайкам.

Для пачатку добра б вывучыць такія словы:

- дыктатура

- пратэст

- Плошча

- палітвязні

- санкцыі

І не баяцца іх прамаўляць.

А яшчэ, можна па складах: Ці-ха-ноў-скі, Стат-ке-віч, Се-вя-ры-нец, Ні-ка-лай-чык.

Тады імёны неафітаў могуць стаць такімі ж гераічнымі. Сваю прафесійнасць можна лёгка давесці і паказаць у той сітуацыі, у якой мы ўсе апынуліся. Галосна і не баючыся.

Ператварэнне неафіта ў героя выдатнае тым, што зваротны працэс немагчымы.

Час ратаваць Беларусь, заадно выратуем і Бабарыку.

Андрэй Саннікаў, Фэйсбук

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках