У цэнтры Кіева адбылася стральба
10- 4.07.2020, 13:53
- 19,420
Тры чалавекі атрымалі раненні, 10 – затрыманыя.
У Пячэрскім раёне Кіева адбылася бойка са стральбой, пацярпелі тры чалавекі. Пра гэта паведамляе прэс-служба сталічнай управы Нацпаліцыі Украіны на сваёй старонцы ў Facebook.
Раніцай 4 ліпеня ў паліцыю паступіла паведамленне, што на тэрыторыі летняй пляцоўкі паблізу гандлёвага цэнтра на вуліцы Басейнай адбываецца бойка і чуваць стрэлы, адзначылі ў паліцыі Кіева.
"Папярэдне вызначана, што паміж дзвюма кампаніямі паўстаў канфлікт, які перарос у бойку, падчас якой адзін з удзельнікаў дастаў зброю і зрабіў некалькі стрэлаў. У выніку інцыдэнту адна з удзельніцаў атрымала кулявое раненне ногі, лекары дапамаглі ёй на месцы здарэння", – паведамілі ў паліцыі.
Два ўдзельнікі атрымалі нажавыя раненні, іх шпіталізавалі.
"Для высвятлення ўсіх абставінаў здарэння ў Пячэрскую ўправу паліцыі даставілі 10 чалавек. З месца здарэння эксперты канфіскавалі стартавы пісталет і гільзу, якія надалей будуць накіраваныя на экспертызу", – дадалі ва ўстанове.
Следчы аддзел Пячэрскай управы паліцыі пачаў крымінальную вытворчасць паводле ч. 4 арт. 296 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса Украіны. Санкцыя артыкула прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.