19 верасня 2020, Субота, 21:25
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Імя беларускага прэзідэнта сёння – Усеагульны страйк

139
Імя беларускага прэзідэнта сёння – Усеагульны страйк
Фота: nn.by

Давайце пакінем жыхароў Драздоў і дзяржымордаў без грошай.

Прыстойнасць любога палітыка і проста сумленнага чалавека вызначаецца сёння адным – ці заклікае ён да Усеагульнага нацыянальнага страйку. Не падтрымлівае ў душы або на кухні, а менавіта заклікае або ўдзельнічае.

Галасаванне ў Беларусі не было выбарам паміж хатняй гаспадыняй і экс-дырэктарам саўгаса. Абсалютная большасць людзей прагаласавала за свабоду і супраць дыктатуры. За дэмакратыю супраць калгасна-мянтоўскай сістэмы. За чалавечую годнасць супраць подласці.

Не трэба цяпер упадаць у роспач і думаць, што рэжым перамог. Перамаглі мы. Але для нашай канчатковай перамогі спатрэбіцца яшчэ нейкі час і велізарныя агульныя намаганні, салідарнасць, стойкасць і мужнасць.

Нашы суседзі-ўкраінцы, каб скінуць дыктатуру і заваяваць свабоду, стаялі на Майдане месяцамі. І яны перамаглі.

Мільёны беларусаў, больш за 80 адсоткаў насельніцтва, паводле звестак экзітполаў як унутры краіны, так і за мяжой, прагаласавалі супраць шклоўскага аграфюрара.

Сотні тысячаў грамадзянаў выйшлі на вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў абараніць свой выбар. На нашу барацьбу сёння глядзіць увесь свет.

Тысячы і тысячы маладых беларусаў ярка і магутна заявілі, што «далей дзейнічаць будзем мы».

І я шчаслівая, таму што яны – сапраўдныя героі, а не выдзіманыя, фэйкавыя персанажы. Вольных людзей назад у стойла больш не загоніш.

Трэба заставацца верным прынцыпам негвалтоўнага супраціву. У адкрытым сутыкненні з гопнікамі ў чорнай форме перамагчы будзе складана. Але пакінуць жыхароў Драздоў і дзяржымордаў Караева без народных грошай і сродкаў да існавання мы можам.

Вялікі польскі рух «Салідарнасць» пачынаўся з Усеагульнай забастоўкі. Вялікая чэхаславацкая аксамітная рэвалюцыя перамагла ў выніку Нацыянальнай забастоўкі. І вялікая перамога беларускага народа стане магчымая дзякуючы таму, што мільёны беларусаў адмовяцца быць рабамі рэжыму і ўтрымліваць лукашэнкаўскіх дзяржымордаў.

Імя сапраўднага беларускага прэзідэнта сёння – Усеагульны нацыянальны страйк. Годных людзей, якія змогуць кіраваць краінай і адстойваць інтарэсы грамадзянаў, як высветлілася, вялікае мноства. З тых герояў, якіх мы вызвалім з турмаў у выніку нашай перамогі, можна стварыць не адзін урад.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org