27 красавiка 2024, Субота, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Археалагічныя раскопкі выявілі прычыны апошняга абледзянення Зямлі

3
Навукоўцы: Археалагічныя раскопкі выявілі прычыны апошняга абледзянення Зямлі

Апублікаваныя вынікі даследавання амерыканскіх спецыялістаў.

Амерыканскія навукоўцы высветлілі, што пахаладанне 13 тысяч гадоў таму, праз якое замерлі маманты, было звязанае не з падзеннем метэарыта, а з цэлай серыяй вулканічных вывяржэнняў. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Science Advances, піша ria.ru.

У канцы плейстацэну, прыкладна 12 800 гадоў назад, пасля некалькіх тысячагоддзяў агульнага пацяплення, клімат Зямлі раптам імкліва вярнуўся ў ледніковую фазу, якая мае назву позні дрыяс. Гэта было апошняе моцнае абледзяненне на Зямлі, якое загубіла мамантаў і іншых буйных жывёл Паўночнага паўшар'я.

Паводле адной з версій, пахаладанне было выкліканае падзеннем буйнога метэарыта або «каметным дажджом», паводле іншай - масавымі вывяржэннямі вулканаў. Попел і дробныя цвёрдыя часціцы, якія выкідваліся вулканамі, маглі ўтварыць атмасферную завісь тыпу аэразолю, якая адлюстроўвае сонечныя прамяні і не прапускае іх да паверхні Зямлі. Згодна з разлікамі геолагаў, масавыя вывяржэнні, якія доўжацца ад аднаго да пяці гадоў, цалкам маглі прывесці да глабальнага пахаладання.

Даследнікі з Універсітэта Х'юстана, Бэйларскага ўніверсітэта і Тэхаскага ўніверсітэта A&M, якія праводзілі археалагічныя раскопкі ў пячоры Хола ў Цэнтральным Тэхасе, выявілі важкія доказы на карысць «вулканічнай» гіпотэзы.

Адклады гэтай пячоры маюць узрост ад шасці да дваццаці тысяч гадоў. Некаторыя іх гарызонты захавалі ўнікальныя геахімічныя прыкметы старажытных вулканічных вывяржэнняў, якія раней памылкова прымалі за сляды пазаземнага ўздзеяння.

«Наша праца паказвае, што геахімічныя прыкметы, звязаныя з падзеяй астуджэння, не ўнікальныя, а адзначаюцца чатыры разы ў інтэрвале паміж 9000 і 15000 гадамі таму, - прыводзяцца ў прэс-рэлізе Бэйларскага ўніверсітэта словы аднаго з аўтараў даследавання, прафесара навук аб Зямлі ва Універсітэце Х'юстана Алана Брэндана (Alan Brandon). - Такім чынам, эпізод астуджэння, вядомы як позні дрыяс, быў выкліканы шматлікімі супадальнымі зямнымі працэсамі, а не выбухам вялікага метэарыта ў атмасферы».

Даследчыкі выканалі ізатопны аналіз осмію з пластоў адкладаў пячоры Хола, а таксама вымералі ўзровень сідэрафільных элементаў, уключаючы ірыдый, рутэній, плаціну, паладый і рэній. На думку навукоўцаў, суадносін гэтых элементаў паказваюць на іх зямное паходжанне, бо ў метэарытах і астэроідах гэтыя суадносіны іншыя.

«Ізатопныя подпісы осмію і адносныя прапорцыі іншых элементаў адпавядаюць раней паведамленым значэнням, характэрным для вулканічных газаў», - кажа вядучы аўтар даследавання Нань Сунь (Nan Sun), аспірант з Універсітэта Х'юстана.

Аўтары мяркуюць, што крыніцай гэтых элементаў былі буйныя вывяржэнні вулканаў Алеуцкіх выспаў і Каскадных гор у Паўночнай Амерыцы, а таксама вулканаў Еўропы.

Атрыманыя звесткі - першыя сур'ёзныя рэчавыя довады «вулканічнай» гіпотэзы пахаладання ў познім дрыясе. Большасць папярэдніх знаходак паказвалі больш на незямную прычыну.

Аднак, як адзначаюць самі даследчыкі, наўрад ці прычынай былі толькі вулканы. Са слоў яшчэ аднаго аўтара працы, прафесара навук аб Зямлі ў Бэйларскім універсітэце Стывена Формана (Steven Forman), пахаладанне ў познім дрыясе, хутчэй за ўсё, было звязанае з цэлым наборам фактараў: спаўзаннем ледзянога шчыта ў Атлантычны акіян, павелічэннем снежнага покрыва, а магутныя вывяржэнні вулканаў былі важным ініцыюючым драйверам кліматычных зменаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках