27 красавiка 2024, Субота, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі, слухайце сваё сэрца і не слухайце тэлевізар!»

2
«Людзі, слухайце сваё сэрца і не слухайце тэлевізар!»
Фота: «Белсат»

Як у Горках падтрымалі Святлану Ціханоўскую.

Пікет у Горках прайшоў вечарам 1 жніўня на пляцоўцы каля Лядовага палаца. Там размяшчаецца вакзальны выбарчы ўчастак. З аднаго боку, гэта месца вядомае ўсім жыхарам Горак, але з іншага - знаходзіцца на ўскраіне горада. Па мерках саміх жа наведвальнікаў, людзей сабралася блізу 350 чалавек, і гэта, на іх думку, замала, піша сайт тэлеканала «Белсат».

«Мы атрымалі інфармацыю вельмі позна і далі аб'яву аб пікеце менш, чым за дзень», - кажа рэдактарка мясцовай газеты «Узгорак» Галіна Будная. На ейную думку, пікет для жыхароў Горак быў нечаканасцю і людзі проста не паспелі зарыентавацца. - «Перад пікетам наш артыкул прачытала 2 000 тысячы чалавек. Сыходзячы з гэтага я думала, што кожны прывядзе з сабой сябра і нас будзе блізу 4000 тысяч. Але мне ўсё адно радасна, што тут і моладзь, і сталыя людзі і пенсіянеры. Я бачу шмат новых, зусім невядомых мне людзей».

Удзельнікі пікету ў Горках вельмі актыўна выходзілі выказацца да вольнага мікрафону. Іх гісторыі кожны раз зрывалі моцныя воплескі.

Усіх уразілі словы жанчыны, якая прадставілася Кацярынай. «Я - настаўніца. Сёння я працую, а заўтра-паслязаўтра я магу страціць месца. Але мне ўжо няма чаго баяцца. Я хачу вучыць людзей, мне падабаецца мая праца. Але нашы ўлады робяць усё, каб з прафесіі сыходзілі годныя людзі. У мяне ўжо кум, сват, брат - усе ў Расеі працуюць. Калі мяне звольняць, то я прадам усё і таксама паеду за мяжу. Каб добрыя людзі не з'язджалі, я прапаную вам усім прыйсці на выбары 9 жніўня, пажадана ў другой палове дня і прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую!», - вельмі эмацыйна выказалася жанчына і атрымала падтрымку натоўпу ў адказ.

Агулам жанчыны значна часцей падыходзілі да мікрафона, каб выказаць набалелае. «Я магу шмат добрага сказаць пра гэту ўладу, але мне ёсць і за што яе пакрытыкаваць. Я буду галасаваць за Свету, бо гэта надзея, я спадзяюся, што нас пачуюць, што да нас паставяцца, як да людзей. Я хачу, каб мы былі свабоднымі і каб мы палюбілі сябе. І гэта магчыма з іншым прэзідэнтам. Людзі, слухайце сваю душу, сваё сэрца, і не слухайце тэлевізар! Адчыніце сваю лядоўню, яна не хлусіць!», - сказала жанчына, якая прадставілася шматдзетнай маці.

Людзі, якія выходзілі да свабоднага мікрафону, часта ўздымалі тэму дзяцей. Яны не бачаць тут будучыні для сваіх дзяцей, ім не падабаецца, што дзеці з'язджаюць вучыцца і жыць у іншыя краіны. Успаміналі тэму малога бізнэсу і скардзіліся на тое, што «душаць» прыватнікаў, не даюць ім магчымасці нармальна працаваць, хоць ІП плацяць падаткі і ствараюць працоўныя месцы. З самай кароткай прамовай выступіла паджылая жанчына: «Звяртаюся да Лукашэнкі. Ён казаў, што яго выбраў народ, і калі народ папросіць, то ён сыдзе. Дык вось: калі ласка, Аляксандр Рыгоравіч, сыдзі з пасады!», - пасля гэтых слоў натоўп пачаў скандаваць «Сыходзь!».

«З Горак гістарычна людзі ездзілі працаваць і ў Расею, і ў Еўропу. У Англіі і Ірландыі нават нашы дыяспары ёсць - горацкія. Я вяртаюся з працы сюды, таму што люблю свой горад і люблю сваю краіну. Але я ненавіджу хлусню, якая ў нас ідзе ад аднаго чалавека. Мяркую, што ў Беларусі наогул інстытут прэзідэнцтва трэба прыбраць, каб мы не залежалі ад аднаго чалавека», - сказаў мясцовы жыхар Аляксей Радзькоў.

Высветлілася, на пікет у падтрымку Ціханоўскай у Горках сабраліся не толькі мясцовыя, а таксама жыхары суседніх гарадоў - Дрыбіна і Мсціслава. Алесь Галакціён з Мсціслава прыехаў з сябрам. Ён выказаў сваю падтрымку Сяргею Ціханоўскаму.

«Паглядзіце, што адбываецца. Самыя годныя кандыдаты былі затрыманыя яшчэ да выбараў. Але Сяргей не зламаецца, ён вытрымае. Не бойцеся перамен. Яны ўжо ідуць і цяпер яны нядобрыя: колькі нашага насельніцтва з'ехала на заробкі ў Расею, колькі прадпрыемстваў зачынілася? Чаго далей баяцца? Горш не будзе. Мы павінны аб'яднацца, у адзінстве нашая моц!», - эмацыйна выказаўся Алесь Галакціён.

Пікет прайшоў без самой Святланы Ціханоўскай, але з яе даверанымі асобамі і чальцамі каманды «Краіна для жыцця».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках