23 верасня 2020, Серада, 18:35
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея выходзіць з пагаднення з Кіпрам аб падвойным падаткаабкладанні

5
Расея выходзіць з пагаднення з Кіпрам аб падвойным падаткаабкладанні

Бакі не змаглі дамовіцца аб карэкціроўцы дакумента.

Расея выходзіць з пагаднення аб падвойным падаткаабкладанні з Кіпрам. Гэта тлумачыцца тым, што падчас перамоваў дакумент не здолелі скарэктаваць на даручэнне расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, паведамляе Міністэрства фінансаў Расеі, падае «Радыё Свабода».

Пуцін у сакавіку прапанаваў увесці 15-адсоткавы падатак на перавод дывідэндаў з Расеі за мяжу. Тады ж ён абмовіўся, што існыя дамовы аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання з іншымі краінамі трэба будзе перагледзець.

Перамовы з Кіпрам аб увядзенні падатку 15 адсоткаў на афшорныя дывідэнды і адсоткі не ўвянчаліся поспехам, сцвярджаюць у структуры. У заяве Мінфіна гаворыцца, што сустрэчныя прапановы Кіпра непрымальныя, бо спрыялі б «беспадатковаму вываду з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі праз кіпрскую юрысдыкцыю значных фінансавых рэсурсаў расейскага паходжання».

«У чэрвені-ліпені гэтага года мы вялі перамовы з кіпрскім калегамі аб пераглядзе пагаднення, каб пазбегнуць падвойнага падаткаабкладання паміж Расеяй і Кіпрам, з тым, каб ужо з 1 студзеня наступнага года большасць выплат адсоткаў і дывідэндаў з Расеі на Кіпр сталі б абкладацца падаткам у крыніцы са стаўкай 15 адсоткаў. На жаль, сёння трэба прызнаць, што перамовы не далі выніку», - заявіў статс-сакратар - намеснік міністра фінансаў Аляксей Сазанаў.

У красавіку Мінфінансаў прапанавала Кіпру скасаваць усе льготы па падатку на дывідэнды і адсоткі - гэта найбольш жорсткі варыянт змены пагаднення. У адказ кіпрскія ўлады выставілі свае прапановы. «Фактычна, яны размываюць і робяць недасяжным меркаваны расейскім бокам эфект ад ужывання захадаў для падтрымкі нацыянальнай эканомікі і сацыяльных праграм і будуць спрыяць беспадатковаму вываду з Расеі значных фінансавых рэсурсаў», - адзначаецца ў паведамленні Мінфіна.

Расея прапаноўвала на гэтым тыдні правесці вочныя перамовы на Кіпры, каб знайсці кампраміснае развязанне, але атрымала адмову, удакладнілі ў міністэрстве. Аднак, паводле звестак кіпрскіх СМІ, канчатковую кропку паставіў Уладзімір Пуцін у нядаўняй тэлефоннай размове з прэзідэнтам Кіпра. У выніку расейскі варыянт кампрамісу (яго сутнасць не ўдакладняецца) адпрэчыла міністэрства фінансаў Кіпра, гаворыцца ў паведамленні. Таму расейскае міністэрства з 3 жніўня запусціла працэдуру дэнансацыі пагаднення. Яна будзе аформленая ў выглядзе федэральнага закона і ўнесеная ў Дзярждуму.

Цяпер падатковае пагадненне з Кіпрам прадугледжвае, што падатак на выплаты дывідэндаў на карысць рэзідэнтаў Кіпра з Расеі можна знізіць да 5 або 10 адсоткаў, а на адсоткі ў пазыках - да нуля. Пасля выхаду з пагаднення з Кіпрам усе выплаты (дывідэнды, адсоткі, раялці) на карысць рэзідэнтаў Кіпра з Расеі будуць абкладацца ў адпаведнасці з расейскім Падатковым кодэксам, гэта значыць, са стаўкай 15 адсоткаў (дывідэнды) і 20 адсоткаў (працэнты, раялці). Могуць таксама пацярпець расейскія кампаніі і фізічныя асобы, якія атрымліваюць даход з Кіпра, бо падаткаабкладанне гэтых выплат будзе ажыццяўляцца паводле кіпрскага заканадаўства.

У 2018 годзе на Кіпр было выведзена больш за 1,4 трлн рублёў, а ў 2019 годзе - больш за 1,9 трлн. «Існае падатковае пагадненне з Кіпрам прадугледжвае вельмі прывабныя ўмовы з пункту гледжання падаткаабкладання. Стаўку пры выплаце дывідэндаў на Кіпр можна знізіць да 5 або 10%, а на адсоткі па пазыках - да 0%. Гэта больш чым удвая менш, чым адпаведная стаўка ў Расеі (13-15%)», - канстатуе Мінфін.

Дэнансацыя пагаднення з некалі галоўным для Расеі афшорам - чаканая падзея (рэкордны адток расейскіх інвестыцый з Кіпра адзначаўся яшчэ ў 2018 годзе), піша The Bell. Галоўнае пытанне, якое цікавіць цяпер інвестараў: ці не трапіць Кіпр у чорны спіс афшораў. Калі гэта сапраўды адбудзецца, то кампаніі, якія выкарыстоўваюць стаўку 0 адсоткаў, страцяць права на яе ўжо з 2021 года.

У сакавіку Пуцін у звароце ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса прапанаваў устанавіць падатак за вывад дывідэндаў у афшоры ў суме 15 адсоткаў. Ён заявіў, што гэтыя падаткі пойдуць «на падтрымку сем'яў з дзецьмі і беспрацоўных».