27 красавiка 2024, Субота, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уласнікі «Белгазпрамбанка» рыхтуюць міжнародныя суды?

46
Уласнікі «Белгазпрамбанка» рыхтуюць міжнародныя суды?

Расейскія ўласнікі адмаўляюцца размаўляць з новай адміністрацыяй банка.

Kp.by разбіраецца з сітуацыяй вакол «Белгазпрамбанка». З цяперашняй адміністрацыяй расейскія ўласнікі размаўляць не хочуць, а экспэрты не выключаюць, што яны рыхтуюць пазовы ў міжнародныя суды.

1 жніўня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцай часовай адміністрацыі «Белгазпрамбанка» Надзеяй Ермаковай. Ён не толькі пацікавіўся сітуацыяй у банку, але і падзякаваў яе за праведзеную працу.

- Я, Надзея Андрэеўна, чаму запрасіў вас публічна (збіраўся даўно, але хапала працы тут). Перш за ўсё, хачу табе падзякаваць, што ў цяжкі момант адгукнулася і фактычна выратавала банк і працоўны калектыў, - прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі сайт дыктатара.

Лукашэнка заўважыў, што Надзея Ермакова добра ведае сітуацыю ў банку, і звярнуўся да яе з просьбай:

- Вельмі б прасіў, каб парадак быў у банку - банк губіць нельга. Гэта банк, які, калі «Газпром» ад яго адмовіцца - бог з імі. Працоўны калектыў ёсць, навыкі ёсць, магчымасці будуць. Мы Нацыянальным банкам будзем падтрымліваць гэты банк: там жа нашы людзі і нашы прадпрыемствы. Так, трапілі ў складаную сітуацыю праз гэтыя карупцыйныя праявы, але ў нас ёсць досвед утрымання не проста на плыву банкаў, але і нармальнага іх функцыянавання.

У сваю чаргу Надзея Ермакова ў адказе на пытанне аб тым, на якім этапе знаходзяцца перамовы з акцыянерамі «Белгазпрамбанка», адзначыла, што дагэтуль расейскія акцыянеры не ідуць на кантакт з часовай адміністрацыяй.

- Пакуль уласнік не хоча размаўляць, - канстатавала Надзея Андрэеўна.

Нагадаем, расейскія кампаніі «Газпром» і «Газпрамбанк» валодаюць кантрольным пакетам акцый «Белгазпрамбанка»: у кожнага - па 49,818%. 12 чэрвеня мажарытарныя акцыянеры выступілі з супольнай заявай, адзначыўшы, што ўвядзенне часовай адміністрацыі парушае законы Беларусі. Тады расейскія ўласнікі заявілі пра тое, што будуць дабівацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі прававымі сродкамі.

- Якім чынам цяпер адбываецца ўзаемадзеянне часовай адміністрацыі «Белгазпрамбанка» і яго расейскіх акцыянераў? - спыталі журналісты ў Надзеі Ермаковай.

- Усе камунікацыі ажыццяўляюцца не намі, а Нацыянальным банкам Беларусі. Часовую адміністрацыю ўводзіў менавіта Нацбанк, усе кантакты з расейскімі ўласнікамі праводзіць таксама ён. Аднак расейскія ўласнікі на іх пакуль не рэагуюць.

- Мажліва, яны рыхтуюць пазовы ў міжнародныя суды?

- Не магу сказаць, гэта трэба ў іх спытаць.

- На сустрэчы з Лукашэнкам гаварылася пра тое, што сітуацыю ў «Белгазпрамбанку» ўдалося стабілізаваць. Дапамог Нацбанк?

- Так, Нацбанк выдзеліў нам спецкрэдыт пад заклад, яго сума - 400 мільёнаў рублёў. Гэта захад часовай падтрымкі, улічваючы, што пайшла пэўная частка кліентаў, яны ліквідавалі свае рахункі. Вывелі свае грошы, перш за ўсё, прадпрыемствы, якія належаць да расейскіх газавікоў, напрыклад, «Белтрансгаз». Іх абавязалі вывесці свае грошы. У гэтай сітуацыі Нацбанк цалкам рэалізаваў свае функцыі рэгулятара, надаў падтрымку. Цяпер сітуацыя ў «Белгазпрамбанку» цалкам кантраляваная.

Меркаванне

Згодна з заявай «Газпрома» і «Газпрамбанка», яны будуць змагацца за сваю беларускую ўласнасць. Ці магчымыя пазовы ў міжнародныя суды? Гэтае пытанне журналісты адрасавалі Станіславу Багданкевічу - чалавеку, які ў першыя гады незалежнасці Беларусі - з 1991 да 1995 года - узначальваў Нацбанк і быў галоўным распрацоўшчыкам беларускага банкаўскага заканадаўства і незалежнай грашова-крэдытнай і банкаўскай сістэм.

- Хацеў бы першапачаткова звярнуць увагу: ёсць факты, якія пераканаўча паказваюць, што цягам доўгага часу «Белгазпрамбанк» быў устойлівай арганізацый, якая не мела ніякіх праблем, яго штогод правяралі аўдытары, прадстаўнікі рэгулятара - Нацбанку. Увядзенне часовай адміністрацыі, з майго пункту гледжання, адбылося з надуманых абвінавачванняў: гэтая практыка магчымая, толькі калі ў банку былі б відавочныя фінансавыя праблемы. У выпадку з «Белгазпрамбанкам» такіх, мяркую, не было. Натуральна, што расейскія ўласнікі абураныя, тым больш што імідж банка быў пацярпеў, асабліва пасля гісторыі пра ўскрытыя дэпазітарныя каморкі, з якіх зніклі асабістыя каштоўнасці і грошы людзей. Думаю, што расейскія акцыянеры «Белгазпрабманка» могуць і будуць прэтэндаваць на атрыманне кампенсацыі з боку Нацбанку Беларусі і беларускай дзяржавы агулам. Ці будуць пададзеныя пазовы ў міжнародныя суды? Гэта патэнцыйна магчымы сцэнар. Але не думаю, што так будзе: тут мноства фактараў, у тым ліку і геапалітычных. Не ўпэўнены, што Расея ў справе «Белгазпрамбанка» пойдзе да канца, але ўсе падставы і магчымасці для таго, каб спагнаць сотні мільёнаў і нават мільярды даляраў з беларускіх уладаў, у яе ёсць.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках