27 красавiка 2024, Субота, 5:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заслужаны артыст РФ пра беларускія пратэсты: Неймаверны народ моцнай краіны!

18
Заслужаны артыст РФ пра беларускія пратэсты: Неймаверны народ моцнай краіны!
ДАНІЛА КАЗЛОЎСКІ

Даніла Казлоўскі падтрымаў беларускіх пратэстоўцаў.

Заслужаны артыст Расейскай Федэрацыі, лаўрэат нацыянальных прэмій «Залаты арол», «Ніка» і «Залатая маска» Даніла Казлоўскі падтрымаў беларусаў-пратэстоўцаў. Словы артыста прыводзіць у «Фэйсбуку» карыстальнік Ihar Čjeriak:

«Фармальна я з іншай краіны, палітыка якой мяне цікавіла эпізадычна. Па-першае, я не палітэксперт і мала што ў гэтым разумею, па-другое, нібыта не твая гэта справа – каментаваць палітычнае жыццё іншай дзяржавы. Са сваёй бы разабрацца. Я і цяпер не бяруся каментаваць мінулыя выбары, хоць пагаджуся з думкай, што калі 80 адсоткаў падтрымліваюць дзейнага кіраўніка, на вуліцах, як правіла, свята, народнае гулянне, а пераможца смела выходзіць да народа, цісне рукі і г.д. Але тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, агаломшвае людзей, нават вельмі далёкіх ад палітыкі. Калі на вуліцах гарадоў збіваюць дубінкамі, ужываюць светлашумавыя гранаты, пераязджаюць грузавікамі жывых людзей, страляюць па гаўбцах жылых дамоў, калечаць дзяцей, гэта ўжо не пытанне палітычных перакананняў, не пытанне асобна ўзятага прэзідэнта або лідара апазіцыі.

Я перакананы, што ніводзін палітычны лад, у тым ліку і дэмакратыя, не мае такога «вялікага сэнсу», каб апраўдаць кроў і гвалт. Калі дзейны кіраўнік называе «авечкамі» свой народ, які выйшаў на вуліцу мірна выказаць сваё стаўленне да мінулых выбараў, і ў адказ спускае зладжана арганізаваны АМАП і яшчэ дзясятак сілавых установаў, у гэтую секунду як такая палітыка перастае існаваць. Праходзіцца пункт незвароту. На вуліцах цудоўнай краіны крывавы тэрор, задача якога – напалохаць, заткнуць, шакаваць. У канчатковым выніку – знішчыць любое іншадумства. Зламаць.

Але што мы бачым у Беларусі? Моцы дзяржаўнай машыны з яе карнымі органамі супрацьстаяць ЛЮДЗІ, якія не баяцца выйсці на вуліцы, перапоўненыя АМАПам і КДБ. Жанчыны, якія стаяць, счапіўшыся рукамі, бясконцым жывым ланцугом з кветкамі, на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў. Працоўныя, якія не баяцца спыніць вытворчасць цэхаў, рызыкуючы страціць працу, але ўстаць і выказаць сваё стаўленне да таго, што адбываецца.

Медсёстры і лекары, якія проста ідуць туды з бінтамі, дзе льецца кроў, каб яе спыніць, і ім усё роўна, па які ты бок барыкадаў. Неймаверны народ гэтай невялікай, але такой моцнай краіны! МІРНЫ, ДОБРЫ НАРОД! Беларусь, ты цудоўная! Дай Бог, каб усё гэта хутчэй скончылася. Дай Бог, каб больш не пралівалася кроў!»

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках