26 красавiка 2024, Пятніца, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Рутэнка: Хацелася паказаць, што я на баку праўды, а не маразму

7
Дзяніс Рутэнка: Хацелася паказаць, што я на баку праўды, а не маразму
Денис Рутенко

Вядомы беларускі гандбаліст – пра сітуацыю ў краіне.

Беларускі гандбаліст Дзяніс Рутэнка ў інтэрв'ю "Народнай Волі" расказаў пра тое, чаму падпісаў ліст супраць гвалту ў краіне, а таксама адрэагаваў на затрыманні аўтара газеты "Прэсбол" Сяргея Шчурко:

– Асабіста я не пацярпеў, але знаёмыя расказвалі, што мелі "шчасце" пагутарыць з АМАПам, калі вярталіся дадому з працы. Проста апынуліся не ў той час і не ў тым месцы. Калі чалавек ідзе па вуліцы, да яго падбягаюць і пачынаюць біць – гэта нармальна? Кагосьці забіралі ў ізалятар, кагосьці збілі і кінулі...

Я не мог не давяраць гэтым людзям і глядзець на тое, што адбываецца. Было вельмі балюча. Чытаў навіны ў незалежных СМІ, спрабаваў глядзець дзяржаўную тэлевізію, каб, як кажуць, была поўная карціна свету. Але шчыра скажу: пасля гэтага глядзець БТ я, напэўна, ужо ніколі не змагу. Арганізм больш не прыме карцінку пасля той порцыі хлусні, што я ўбачыў і пачуў. І гэта пры тым, што я заўсёды стараўся аб'ектыўна разабрацца ў любой сітуацыі. Не хачу сказаць, што ў тэлеграм-каналах заўсёды пішуць праўду, але там хоць бы можна паглядзець відэа, якія запісвалі на тэлефоны людзі, і самому зрабіць нейкія высновы. Але хлусня дзяржаўнай тэлевізіі, вядома, зашкальвала.

Жахліва, калі табе нахабна хлусяць у вочы! Калі ў савецкія часы ў людзей былі толькі радыё і тэлевізар, у якім былі тры праграмы, то, вядома, маніпуляваць свядомасцю людзей было прасцей. А цяпер у кожнага тэлефон, практычна кожны бачыць і чуе ад відавочцаў тое, што адбываецца на самай справе. І калі публічна заяўляюць, што людзі, прабачце, попы мазалі сіняй фарбай, а потым паказвалі як вынік збіцця, то гэта ўжо, ведаеце, верх цынізму.

І тое, што журналістаў за іх працу судзяць і адпраўляюць на "суткі", – гэта таксама ў галаве не ўкладваецца. А ў гэты час міністр унутраных справаў Юрый Караеў заяўляе, што недапушчальна чапаць журналістаў. І зноў – поўны цынізм, таму што ўжо на наступны дзень пасля заявы журналістаў зноў прэсавалі.

Пад гэты каток, дарэчы, трапляюць і спартовыя журналісты. Сярога Шчурко – адзін з апошніх, хто атрымаў "суткі"...

Ну так, Сяргей жа не працуе на Russia Today. Чалавек ён актыўны, мае сваю пазіцыю, навошта такі на волі?

У нас у краіне ўжо ўвогуле даходзіць да таго, што ў сваім двары забараняюць збірацца. Я, напрыклад, жыву ў жылым квартале «Каскад», разам з суседзямі выходзілі на вуліцу, размаўлялі. Высвятляцца, нельга, калі больш за 50 чалавек у адным месцы! Мне што, трэба заяўку ў Менгарвыканкам падаваць, каб з суседзямі пагутарыць? Гэта ж маразм!

Але самае жудаснае, што ты разумееш: з гэтым маразмам пакуль нічога немагчыма зрабіць. Подпіс свой паставіў пад зваротам спартовай грамадскасці – гэта пакуль усё, што магу. Хацелася паказаць, што я на баку праўды, а не маразму, – цытуе Рутэнку "Народная воля".

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках