24 кастрычнiка 2020, Субота, 18:39
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Італія здалела ўнікнуць другой хвалі COVID-19

3
Італія здалела ўнікнуць другой хвалі COVID-19
ФОТА: GETTY IMAGES

Як гэта стала магчымым?

Італія была сымбалем першай хвалі пандэміі. Яна стала першай краінай свету, якая пайшла на жорсткі карантын. Шпіталі ў паўночных рэгіёнах не здолелі даць рады наплыву заражаных. Акрамя таго, быў вялікі скачок у колькасці ахвяр COVID-19.

У часы, калі страх перад другой хваляй пандэміі ахоплівае Еўропу, Італія, здаецца, кантралюе сітуацыю лепш, чым іншыя краіны, такія, як Францыя, Гішпанія або Вялікая Брытанія. Пра гэта піша Bloomberg (пераклад - unian.net).

Вядома, цяпер не найлепшы час для самазаспакаення. Лондан можа пацвердзіць, што каранавірус здольны ў кожны момант грымнуць з новай сілай.

Але на працягу апошніх двух тыдняў Італія фіксавала менш за 35 выпадкаў заражэння на 100 тысяч жыхароў. Для параўнання ў Гішпаніі гэты паказчык дасягае 315 выпадкаў, у Францыі - амаль 200, а ў Брытаніі - 76,5. Узровень смяротнасці ў Італіі таксама не перавышае 0,3 на 100 тысяч насельніцтва. Гэта роўна траціне ад французскага паказчыка і амаль дзесяціне ад гішпанскага. Італійскія лічбы толькі трошкі горшыя, чым нямецкія. А Нямеччыну апошнім часам хвалілі за выдатную рэакцыю на пандэмію.

Але ў Італіі пакуль выпадае ўнікнуць увядзення жорсткіх абмежаванняў, да якіх звяртаюцца іншыя краіны Еўропы. Брытанія і Францыя забаранілі рэстарацыям, а потым корчмам працаваць пасля 22:00 і ўстанавілі штрафы. Парыж таксама замкнуў усе спартовыя залы. У Італіі ж сацыяльная жыццё працягваецца амаль без змен. Урад закрыў толькі начныя клубы пасля шэрагу выбухаў каранавіруса ўлетку, асабліва на Сардыніі.

Дык у чым жа сакрэт Італіі? Напраўду цяжка вызначыць, якія менавіта чыннікі дазваляюць краіне лепш кантраляваць COVID-19. Увесну здавалася, што хуткі і жорсткі карантын - гэта рэцэпт як унікнуць большага болю. Напрыклад, Грэцыя скарысталася гэтым падыходам. Але ў Швэцыі, якая дагэтуль унікала жорсткага карантыну, колькасць выпадкаў заражэння скарачаецца. І гэта ставіць пад пытанне дзейснасць радыкальных дзеянняў. Італійскі ўрад таксама, здаецца, не бярэ прыклад з астатняй Еўропы ў пытанні карантыну.

Bloomberg піша, што поспех Рыма ў недапушчэнні пачатку другой хвалі могуць растлумачыць дзве рэчы. Першая з іх - гэта дзейсная сістэма асочвання заражаных ды іхніх кантактаў, а таксама ізаляцыя ўсіх, у каго вынікі тэстаў на каранавірус былі дадатныя. Італія тэстуе прыкладна 100 тысяч чалавек штодня. Паводле еўрапейскіх стандартаў гэта не так ужо шмат. Але толькі 2% тэстаў паказваюць дадатны вынік. І гэта вельмі нізкі паказчык для Еўропы.

Гэта павольнае распаўсюджванне таксама можа быць растлумачанае другім чыннікам: італійцы сумленна носяць маскі і выконваюць сацыяльнае дыстанцыяванне. Лекары таксама ўпэўненыя, што цяпер яны лепш умеюць лячыць ад COVID-19, чым раней. Але гэта тлумачыць толькі нізкую смяротнасць ад хваробы.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».