16 красавiка 2021, Пятніца, 11:59
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Неабходна склікаць Раду бяспекі ААН супраць узурпатара

32
Гары Паганяйла: Неабходна склікаць Раду бяспекі ААН супраць узурпатара
ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА

Прыйшоў час катэгарычных дзеянняў у дачыненні да рэжыму.

Вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла пракаментаваў сайту «БП» аўдыязапіс пра канцлагеры для пратэстоўцаў:

– Якая карысць усім нам ад падобных зліваў?

– На жаль, унутры Беларусі ў народа няма інструментаў для змушэння вінаватых да адказнасці. Універсальная крымінальная юрысдыкцыя, пра якую я шматкроць згадваў, таксама не хутка разгорнецца на Захадзе, гэта не музычны інструмент, які доўга настройваецца, доўга рэгулюецца, узгадняецца, таму што яго выкарыстанне патрабуе палітычнай волі ўрадаў.

Будзе палітычная воля Захаду – з'явяцца і крымінальныя справы.

Такога роду злівы паўплываюць якраз на тую палітычную волю ўрадаў, таму што сёння ў цэнтры Еўропы ніхто не будзе трываць рэпрэсіўную ў сутнасці дзяржаву, дзе насельніцтва вымушанае або падпарадкавацца гвалту, або адказаць на гвалт. Для нас, няўзброеных людзей, гэта актыўны супраціў у самых розных формах.

Рэч у тым, што большая частка насельніцтва дзяржавы ўдзельнічае ў супрацьстаянні – альбо на адным, альбо на другім баку, і гэты працэс не спыніць. У існых умовах важна знаходзіць правільныя пастановы і рабіць адэкватныя крокі. Без барацьбы мы пацерпім паразу, сапраўды апынемся ва ўмовах Паўночнай Карэі.

Усе сацыяльныя пласты ад малога да вялікага з розным жыццёвым досведам палічылі для сябе неабходным змагацца з рэжымам. Усе яны хочуць свабоды, павагі іх вартасці.

Ва ўмовах жорсткай канфрантацыі нават прыхільнікі Лукашэнкі пачынаюць усведамляць, што перспектываў у іх няма, акрамя блізкіх двух-трох месяцаў. Хто разумнейшы, разумее, што такімі метадамі ўладу ўтрымаць нельга. А таму яны пачнуць альбо сабатаваць палітыку рэжыму, у тым ліку і прадстаўнікі сілавога блока, альбо пабягуць – каб канчаткова не запляміць сябе крывёй і ганьбай.

Як бы доўга ні трымаліся такога кшталту рэжымы, калі надыходзіць пункт незвароту (мы ўжо перайшлі пункт незвароту, абодва бакі апынуліся за межамі чырвонай рысы), перспектыва адказнасці тых, хто зладзіў крывавую лазню для свайго народа, неўнікнёная.

Але перамога будзе за намі.

– А канцлагер у Івацэвічах – рэальнасць або страшылка?

– Я думаю, Лукашэнка дае ўказанні ўжываць зброю, адрываць галовы, рукі, ногі не для застрашвання. А потым у падзяку раздае званні, узнагароды, медалікі вешае, заахвочвае сур'ёзнымі грашовымі сумамі, таму яны гатовыя рэальна біць свой народ у кроў.

Яны разумеюць усю адказнасць за ўжо ўчыненыя злачынствы: некаторыя з генералаў сваімі дзеяннямі ўжо зарабілі пажыццёвыя тэрміны, для іх дарогі назад няма. Але мы павінны выстаяць і перамагчы – нават у такіх умовах.

Спадзяюся, апошні зліў, які паказвае праўдзівы – звярыны твар беларускай улады, так званых «праваахоўнікаў», стане зразумелы заходнім лібералам.

Час заканчваць дыпламатычныя гульні, таму што ніякія санкцыі ўжо не дапамогуць, патрэбныя катэгарычныя дзеянні.

Неабходна склікаць Раду бяспекі ААН і рыхтаваць адпаведную рэзалюцыю; і нават калі Расея і Кітай накладуць вета на падрыхтаваную ў Радзе Бяспекі ААН рэзалюцыю, гэтымі дзеяннямі яны возьмуць частку адказнасці за тое, што адбываецца ў Беларусі, на сябе.

Спадзяюся, што працверажэнне адбудзецца і ў Расеі, і ў Кітаі. Гэты зліў можна выкарыстоўваць для настаўлення на розум еўрапейскіх палітыкаў: санкцыі і ўгаворванні дыктатара ўжо не спрацуюць, трэба ўсвядоміць, што адбываецца ў Беларусі, і дзейнічаць у рэжыме ваеннага становішча, што называецца.

Захаду неабходна ўсвядоміць усю меру сваёй адказнасці за тое, што сёння адбываецца ў Беларусі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».