19 сакавiка 2024, aўторак, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр заснавальнік «Беліты» Віктар Цярэшчанка

5
Памёр заснавальнік «Беліты» Віктар Цярэшчанка

У яго быў каранавірус.

На 83-м годзе жыцця не стала гендырэктара ЗАТ «Вітэкс» Віктара Цярэшчанкі. Ён стаяў ля вытокаў стварэння беларускай касметыкі і з'яўляўся адным з тых, хто падаў паспяховы прыклад супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі.

Як паведамілі tut.by блізкія Цярэшчанкі, у апошні час бізнэсовец змагаўся з каранавіруснай інфекцыяй.

- У яго было яшчэ шмат ідэй. Віктар Аляксеевіч планаваў выпісацца з лякарні і далей працягваць працаваць, але ўсё пайшло іншым сцэнаром, - сказаў суразмоўца.

Віктар Цярэшчанка нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Тоўста Недрыгайскага раёна Сумскай вобласці (Украіна). У 1956 годзе скончыў Харкаўскае тэхнічнае вучылішча №1, у 1962 годзе - Харкаўскі політэхнічны інстытут імя Леніна. Пачынаў працоўную дзейнасць з заводу «Радыёдэталь», потым стаў дырэктарам Менскага доследна-механічнага завода, а пазней - дырэктарам базы «Белбытзабяспячэнне». З 1989 года - старшыня праўлення СП «Беліта», генеральны дырэктар ЗАТ «Вітэкс»

- На тэрыторыі, дзе цяпер знаходзяцца офісы і частка вытворчасці «Беліты» і «Вітэкс», у савецкія часы былі склады Міністэрства бытавога абслугоўвання насельніцтва БССР, - казаў Віктар Цярэшчанка ў інтэрв'ю газеце «Белорусы и рынок». - Я тады працаваў дырэктарам доследна-механічнага завода і рыхтаваў сродкі механізацыі, абсталяванне для сістэмы гэтага міністэрства. Дэфіцыт шампуняў, лакаў і ўсяго важнага для гігіены і прыгажосці насельніцтва быў велізарны, на калегіях заўсёды стаяў «плач Яраслаўны», яго проста надакучыла слухаць. На адным з такіх паседжанняў я і выйшаў з прапановай: давайце паспрабуем нешта ствараць у сябе, хоць шампунь, з чагосьці пачнём. Міністарка падтрымала. Ну, а астатнія не вельмі, таму што гэта абавязвала іх падлучыцца да стварэння. Бо я ідэю падаў, мяне перавялі на гэтую пляцоўку і прапісалі палажэнне аб стварэнні на гэтай базы вытворчасці, неабходнай для сістэмы бытавога абслугоўвання. Завалы тэрыторыі давялося разграбаць ледзь не голымі рукамі. Але тады я ўжо быў звыклы - пасля прывядзення ў парадак свайго завода.

Паводле прафесіі я інжынер-механік, да касметыкі меў далёкае дачыненне. Але мая ідэя была патрэбнай. Мы вырашылі звязацца з Wella, але не атрымалася: гэта былі часы сыходу эпохі Савецкага Саюза. Працягнулі пошук партнёра - і знайшлі.

Маладая італьянская фірма GVF пагадзілася супрацоўнічаць. Яны давалі тэхналогіі, рэцэптуру, абсталяванне - гэта было космасам. Цяжкасці таксама касмічныя. Напрыклад, пры фармаванні статутнага фонду прадпрыемства курс даляра быў 72 капейкі. І калі італьянец прыязджаў, дзівіўся таму, што за 100 савецкіх рублёў ён не можа паесці ў рэстаране. А мы не маглі яму нічога на гэта сказаць, таму што гэта так і было.

У 1989 годзе зарэгістравалі невялікую вытворчасць па выпуску ўсяго шасці найменняў тавару. «Беліта» стала фактычна першым СП у Беларусі.

Цяпер дзве кампаніі - «Беліта» і «Вітэкс» - цесна пераплецены паміж сабой: маркетынгам, распрацоўкамі, прасоўваннем. Можна сказаць, што створаная сапраўдная бізнэс-імперыя.

- Усе аб'яднана лагістыкай, працэсы выразна адпрацаваныя. Доля экспарту - больш за 60%, таваразварот - звыш 120 млн даляраў. У год прадаецца 30 тысяч тон прадукцыі па ўсім свеце, - казаў Цярэшчанка ў лютым 2020 года.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках