27 красавiка 2024, Субота, 5:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША арыштаваная падазраваная ў крадзяжы ноўтбука Нэнсі Пэласі

10
У ЗША арыштаваная падазраваная ў крадзяжы ноўтбука Нэнсі Пэласі
РЫЛІ ДЖУН УІЛЬЯМС

Следства правярае інфармацыю пра тое, што арыштаваная спрабавала прадаць прыладу расейскай выведцы.

У ЗША арыштаваная жыхарка Пенсільваніі Рылі Джун Уільямс, якую падазраюць у крадзяжы ноўтбука спікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі падчас штурму Кангрэса, паведамляе «Радыё Свабода».

Агенцтва Associated Press са спасылкай на міністэрства юстыцыі паведамляе, што Уільям змясцілі пад варту 18 студзеня. Ёй выстаўленыя абвінавачанні ў незаконным пранікненні ў Капітолій і хуліганстве. Паводле звестак ФБР, на запісе з камер відэаназірання Уільям забірае з кабінета Пэласі «лэптоп ці цвёрды дыск».

Следства правярае інфармацыю пра тое, што арыштаваная спрабавала прадаць прыладу расейскай выведцы, паведамляе Reuters. Паводле пісьмовых сведчанняў, пададзеных суду па акрузе Калумбія, ФБР атрымала наводку ад чалавека, у якога раней была рамантычная сувязь з Уільямс. Гэты інфарматар распавёў, што Рылі Джун мела намер пераправіць прыладу свайму знаёмаму ў Расеі, а той пасля планаваў прадаць яго раскйскай Службе замежнай выведкі. На невядомыя прычыны перадача не адбылася, і прылада ўсё яшчэ можа быць у Уільямс, адзначыў інфарматар.

Беспарадкі ў Капітоліі адбыліся 6 студзеня. Тады ў будынак парламента ўварваўся натоўп прыхільнікаў прэзідэнта Дональда Трампа, відавочна, спрабуючы сарваць зацвярджэнне перамогі дэмакрата Джо Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах.

Па факце штурму Кангрэса арыштаваныя дзясяткі людзей. Палата прадстаўнікоў на мінулым тыдні абвясціла Трампу ўжо другі за час яго прэзідэнцтва імпічмент, абвінаваціўшы кіраўніка дзяржавы ў падбухторванні да мяцяжу.

Трамп назваў пастанову Палаты прадстаўнікоў прадаўжэннем «палявання на ведзьмаў». Так ён раней называў расследаванне аб умяшанні Расеі ў амерыканскія выбары 2016 года, якое праводзіліся ў ЗША. Масква абвінавачванні ў змове з выбарчым штабам Трампа заўсёды адмаўляла.

Аб рэакцыі расейскага боку на абставіны арышту жыхаркі Пенсільваніі пакуль не паведамлялася.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках