27 красавiка 2024, Субота, 3:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Благанне Лукашэнкі не дапаможа, бо ёсць адзін нюанс»

28
«Благанне Лукашэнкі не дапаможа, бо ёсць адзін нюанс»
ФОТА: ТАСС

На гарызонце - сур'ёзныя праблемы з экспартам калійных угнаенняў.

У аўторак 26 студзеня Лукашэнка пагаварыў праз тэлефон са старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР) Сі Цзіньпінам. Яны абмеркавалі некалькі пытанняў: павелічэнне аб'ёмаў закупкі Кітаем беларускіх калійных угнаенняў, інвестыцыі КНР у Беларусь, у тым ліку ў рэалізацыю і развіццё патэнцыялу індустрыяльнага парку «Вялікі камень», пастаўку ў Беларусь кітайскай вакцыны ад каранавіруса, двухбаковы гандаль ды іншае. Таксама ішла размова пра найбліжэйшую вочную сустрэчы, якая павінна адбыцца пасля паляпшэння сітуацыі з пандэміяй.

Карэспандэнт «Брестской газеты» пацікавіўся ў вядомага беларускага палітыка і эканаміста Льва Марголіна, навошта Лукашэнку спатрэбілася абмяркоўваць з Сі Цзіньпінам павелічэнне аб'ёмаў закупкі Кітаем беларускіх калійных угнаенняў, інвестыцыі ў «Вялікі камень» і дамаўляцца пра асабістую сустрэчу.

Марголін падкрэсліў, што Лукашэнка цяпер не можа выбіраць, каму тэлефанаваць, а каму не тэлефанаваць, бо выбар у яго невялікі. Пытанні, якія абмяркоўваліся падчас званка, таксама зразумелыя - Лукашэнку хвалюе сітуацыя з «Беларуськаліем» і IT-cферай.

«З калійнымі ўгнаеннямі могуць узнікнуць праблемы ў сувязі з тым, што на нарвэжскую кампанію Yara, якая з'яўляецца адным з асноўных пакупнікоў-дыстрыбутараў калійных угнаенняў «Беларуськалія», моцна ціснуць. Кампанія еўрапейская, таму вымушаная азірацца на грамадскую думку. Можа нешта здарыцца. Напрыклад, Yara адмовіцца набываць беларускі калій, а яго трэба куды-небудзь падзець. Лукашэнка спадзяецца, што ў гэтым выпадку дапаможа Сі Цзіньпін», - мяркуе эканаміст.

Паводле ягоных слоў, такая ж сітуацыя і з IT-сферай. Пасля прэзідэнцкіх выбараў з Парку высокіх тэхналогій сыходзяць інвестары, з'язджаюць работнікі, а кампаніі пераязджаюць у суседнія краіны. Таму Лукашэнка просіць Кітай дапамагчы з інвестыцыямі.

«Але ёсць адзін нюанс. Рэч у тым, што ў Кітаі, у адрозненне ад Беларусі, партыйнае кіраўніцтва не ўмешваецца ў эканоміку і не дыктуе кітайскім прадпрымальнікам, куды інвеставаць, і дзе купляць калійныя ўгнаенні. Там рэальная рынкавая эканоміка, таму беларускі калій яны будуць купляць, толькі калі гэта будзе выгадна. У гэтым выпадку просьбы Лукашэнкі не дапамогуць», - падкрэслівае экспэрт.

Паводле ягонай ацэнкі, размова з Сі Цзіньпінам патрэбная быў у тым ліку і для прапагандысцкіх мэтаў. Паказаць, што ў Беларусі ёсць не толькі Расея, але і Кітай - сябар, які не пакіне ў бядзе. Гэта для Лукашэнкі вельмі важна.

«З вялікай дзеллю імавернасці гэтая размова са старшынём КНР ні да чаго не прывядзе. Сапраўды гэтак жа, як раней ні да чаго не прыводзілі ваяжы Лукашэнкі ў В'етнам ды іншыя краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Там з задавальненнем прымаюць, частуюць, але, як той казаў, няхай і сябры, але кожны сваё бяры», - сказаў палітык.

Пытанне з пастаўкай кітайскай вакцыны ад каранавіруса ў Беларусь адрозніваецца ад калійных угнаенняў і інвестыцый. Як вядома, у Расеі праблемы з вытворчасцю ўласнай вакцыны ад каранавіруса «Спадарожнік V». Магутнасцяў для вытворчасці гэтай вакцыны не стае, таму Крэмль цяпер вядзе перамовы з іншымі краінамі, якія змогуць яе вырабляць. Але вынікаў пакуль няма.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках