27 красавiка 2024, Субота, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вялікай Брытаніі прапанавалі замарозіць актывы Абрамовіча і Усманава

4
У Вялікай Брытаніі прапанавалі замарозіць актывы Абрамовіча і Усманава
АЛІШЭР УСМАНАЎ І РАМАН АБРАМОВІЧ
ФОТА: REUTERS

Гэтых алігархаў называюць «партманэтамі Пуціна».

Вялікая Брытанія разглядае санкцыі супраць Расеі ў сувязі са справай Аляксея Навальнага, які ў жніўні быў атручаны ядам тыпу «Навічок», а пасля вяртання ў Расею затрыманы і змешчаны ў СІЗА з перспектывай крымінальнага тэрміну на 10 і больш гадоў, паведамляе finanz.ru.

Брытанскі ўрад разглядае «ўсе магчымасці» ў рамках адпаведных санкцыйных рэжымаў, але пакуль не будзе раскрываць планы, каб не нашкодзіць эфекту ад планаваных санкцый, заявіла на слуханнях у парламенце ў сераду намесніца міністра замежных спраў Вэндзі Мортан.

Кансерватар Роджэр Гейл на тых жа слуханнях паведаміў, што размаўляў з расейскім амбасадарам Андрэем Келіным уранку ў сераду, і той сказаў, што расейскія ўлады ўважаюць Навальнага за парушальніка правілаў ўмоўнага тэрміну і, адпаведна, ён не будзе выпушчаны на свабоду.

Чальцы парламента заклікалі ўрад увесці жорсткія санкцыі супраць двух расейскіх алігархаў, паведамляюць The Telegraph і The Times.

На думку парламентарыяў, варта замарозіць актывы Рамана Абрамовіча, экс-губернатара Чукоткі і 10-га найбагацейшага чалавека Расеі (11,3 млрд даляраў, на ацэнку Forbes), які валодае футбольным клубам Chelsea.

Акрамя таго, парламентарыі прапануюць замарозіць актывы Алішэра Усманава, іншага аматара брытанскага футбола і ключавога інвестара ў клуб Everton.

Усманаў, выхадзец з «залатой моладзі» савецкага Узбекістана, займае сёмае месца ў расейскім спісе Forbes з багаццем 13,4 млрд даляраў.

І Абрамовіч і Усманаў уваходзілі ў топ-20 самых багатых людзей Брытаніі: два гады таму ў адпаведным рэйтынгу яны займалі 13-ы і 8-ы радкі.

Абрамовіч вясной 2018 года быў уключаны ў «крамлёўскі спіс» Мінфіна ЗША, але пазбег персанальных санкцый, мішэнню якіх былі выбраныя Алег Дзерыпаска і Віктар Вексельберг.

Аднак, у Абрамовіча ўзнікалі складанасці з атрыманнем брытанскай візы, праз што ён быў вымушаны атрымаць пашпарт Ізраіля, а ў 2019-м - за 64 млн даляраў набыў самую дарагую ў краіне вілу, размешчаную ў горадзе Герцлія-Пітуах у 15 км на поўнач ад Тэль-Авіва.

У кастрычніку 2018 года прэтэнзіі да Абрамовіча паўсталі ва ўладаў Францыі, якія палічылі, што ён недаплаціў больш за мільён еўраў падатку на маёмасць за вілу «Шато дэ ла Кро» на мысе Анціб, якую набыў больш за 10 гадоў таму.

Еўразвяз разглядаў сітуацыю вакол Навальнага на сустрэчы кіраўнікоў МЗС 25 студзеня. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль паведаміў, што канкрэтных прапаноў аб санкцыях не разглядалася.

ЕЗ у лютым зноў разгледзіць пытанне аб санкцыях супраць Расеі праз Навальнага, паведаміў у сераду кіраўнік МЗС Грэцыі Нікас Дзендзіяс.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках