Памёр вядомы навуковец-анколаг Эдвард Жаўрыд
1- 21.12.2021, 21:46
- 9,126
Ён першым у Беларусі арганізаваў клінічныя выпрабаванні лекавых сродкаў у анкалагічнай практыцы.
21 снежня памёр навуковец-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Эдвард Антонавіч Жаўрыд, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Навуковец памёр на 83 годзе жыцця.
Асноўнай вобласцю яго прафесійных інтарэсаў была камбінаваная хіміятэрапія, фотадынамічная тэрапія злаякасных новаўтварэнняў. Эдвард Жаўрыд стаў адным з заснавальнікаў новага кірунку ў анкалогіі - выкарыстанне высокіх тэмператур пры лячэнні злаякасных новаўтварэнняў.
Ён першым у Беларусі арганізаваў клінічныя выпрабаванні лекавых сродкаў у анкалагічнай практыцы. Быў ініцыятарам і актыўным арганізатарам падрыхтоўкі і выдання першых пратаколаў дыягностыкі і лячэнні злаякасных пухлін. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку метадаў лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі ў 1988 годзе ўдастоены ганаровага звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі.
Аўтар больш за 900 навуковых прац, 4 манаграфій, 34 вынаходніцтваў, 56 рацыяналізатарскіх прапаноў. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана 6 дактароў навук і 19 кандыдатаў навук.