27 красавiка 2024, Субота, 4:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блакаванне выхаду да мора і аблога Кіева: Bild апублікаваў магчымы план наступу РФ на Украіну

34
Блакаванне выхаду да мора і аблога Кіева: Bild апублікаваў магчымы план наступу РФ на Украіну

Напад прадугледжаны і з тэрыторыі Беларусі.

У пачатку 2022 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін рыхтуе напад на Украіну з мэтай захопу да 2/3 тэрыторыі краіны.

Аб гэтым піша нямецкае выданне Bild, спасылаючыся на звесткі выведкі.

Як адзначаюць журналісты, краіны Захаду даведаліся аб плане захопу Украіны яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка. Агентам ЦРУ ўдалося перахапіць паведамленні расейскіх вайскоўцаў, аб якіх спачатку праінфармавалі ўрад ЗША, а пазней - NATO.

Высокапастаўлены афіцэр на ўмовах ананімнасці паведаміў, што стратэгіі ўварвання ва Украіну «ляжаць у скрыні, а Пуцін яшчэ не вызначыў, ці будуць яны рэалізаваныя». Але сталае перакіданне войскаў РФ да ўкраінскіх межаў кажа аб тым, што Крэмль наважыў прыступіць да рэалізацыі свайго плана.

Уварванне РФ ва Украіну – сцэнар на студзень-люты 2022 года

Дасведчаны інсайдэр сцвярджае, што Уладзімір Пуцін аддасць загад і войска РФ нанясе адначасовую атаку з акупаванага Крыма і Данбаса, і з паўночных расейскіх тэрыторый. Такі сцэнар таксама разглядаюць выведкі Украіны і NATO. Уварванне магчымае ў канцы студзеня-пачатку лютага, калі Кіеў і Вашынгтон не пойдуць на саступкі Маскве.

Уварванне РФ ва Украіну - фаза №1

На першым этапе расейскія войскі захопяць паўднёвыя вобласці Украіны для забеспячэння паставак у Крым. Такі сцэнар таксама адрэжа Кіеў ад мора, а для яго рэалізацыі Крэмль выкарыстоўвае дэсантныя караблі, якія былі перакінутыя вясной з Балтыйскага мора.

Іншы высокапастаўлены афіцэр папярэдзіў, што РФ можа пачаць ваенную аперацыю паміж гарадамі Коблевым і Фантанкай у Адэскай вобласці. Расейскія войскі ў такім выпадку прасунуцца на паўночны ўсход ад горада, збочаць налева і рушаць у непрызнанае Прыднястроўе, што дазволіць узяць у аблогу Адэсу.

«З Крыму першапачаткова будзе толькі артылерыйскі агонь па моцных украінскім пазіцыях. Тады ўкраінскія войскі будуць звязаныя тут і не змогуць адбіць масты за імі», - прадоўжыў інсайдэр і дадаў, што ў Херсонскай вобласці ўздоўж Дняпра будуць праводзіцца паветрана-дэсантныя аперацыі спецназу, што дазволіць заблакаваць забеспячэнне праз самую важную раку Украіны.

Танкавыя падраздзяленні пры падтрымцы флоту і авіяцыі будуць прасоўвацца на захад з акупаванага Данбаса, а затым падзеляцца: адны фармаванні пойдуць на Запарожжа, а іншыя - у бок Крыма.

Калі такі сцэнар атрымаецца рэалізаваць - Уладзімір Пуцін пракладзе наземны калідор з Расеі да межаў NATO.

Уварванне РФ ва Украіну - фаза №2

Паралельна Расея будзе задзейнічаць авіяцыю і балістычныя ракеты для паслаблення вайсковага патэнцыялу Украіны. Пасля асобнага загада танкавыя падраздзяленні могуць перасекчы мяжу ў Харкаўскай і Луганскай абласцях для далейшага захопу Дняпра і Палтавы.

Афіцэр на ўмовах ананімнасці папярэдзіў, што акупацыйныя войскі будуць акружаць гарады і адключаць электраэнэргію, спыняць пастаўкі харчавання.

«Праз некалькі тыдняў расейцы могуць выставіць сябе як выратавальнікаў мірных жыхароў, уварвацца ў капітулюючыя гарады і выратаваць украінскае насельніцтва ад голаду або смерці», - дадаў вайсковец.

Уварванне РФ ва Украіну - фаза №3

Канчатковы сцэнар прадугледжвае наступ і магчымы захоп Кіева з поўначы. Кіраўніцтва NATO не ўпэўненае, што Лукашэнка будзе ўдзельнічаць ва ўварванні на тэрыторыю Украіны. Калі Менск наважыцца стаць зыходным пунктам для расейскіх войскаў - гэта будзе новы этап у аблозе Кіева з паўночнага ўсходу і паўночнага захаду.

У такім выпадку войска РФ зможа прасунуцца да лініі Карасцень-Умань для спынення паставак з Заходняй Украіны. Калі план Уладзіміра Пуціна будзе рэалізаваны, Расея зможа захапіць да 2/3 украінскай тэрыторыі.

Уварванне РФ ва Украіну - адступленне УСУ

Заходнія афіцэры сумняваюцца ў баяздольнасці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія не змогуць цягам працяглага часу супрацьстаяць войску РФ. Высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік у каментары журналістам выказаў меркаванне, што калі ўкраінскае войска не будзе знішчанае - УСУ адыдуць у заходнія рэгіёны.

Яшчэ адзін чыноўнік заявіў, што комплексы Javelin і беспілотнікі «Байрактар» не змогуць спыніць наступ расейскіх войскаў, і Украіне для абароны ад акупантаў патрэбныя зенітныя ракеты тыпу «Патрыёт» і супрацькарабельныя ракеты тыпу «Гарпун».

«Хаўруснікі цяпер пераасэнсоўваюць пастаўкі зброі ва Украіну. Але гэтая пастанова не можа зыходзіць ад NATO, а толькі ад яго суверэнных чальцоў», - дадаў у размове з журналістамі афіцэр заходняй спецслужбы.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках