27 красавiка 2024, Субота, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэфіцыт бюджэту становіцца хранічным: браць пазыкі і прадаваць дзяржпрадпрыемствы?

4
Дэфіцыт бюджэту становіцца хранічным: браць пазыкі і прадаваць дзяржпрадпрыемствы?

У рэжыму вялікія праблемы з фінансамі і добрых варыянтаў развязання праблем няма.

Дзяржаўны бюджэт у 2022 годзе зноў плануецца з дэфіцытам. Гэта будзе ўжо трэці дэфіцытны год, піша euroradio.fm.

Тут «няма нічога катастрафічнага», проста «не ўсе ведаюць прынцыпы працы дзяржаўных фінансаў», заявіў прэм'ер Раман Галоўчанка ў эфіры дзяржТВ.

Журналісты папрасілі аналітыка «Кошт Урада» распавесці, як жа працуюць дзяржфінансы і чаму залатваць дзіркі давядзецца за кошт крэдытаў, спаду эканамічнага росту або растрат рэзерваў.

Дэфіцыт і прафіцыт небяспечныя інфляцыяй

У ідэале бюджэт дзяржавы павінен быць збалансаваным, гэта значыць выдаткі павінны раўняцца даходам. Калі выдаткі большыя за даходы, то атрымліваецца дэфіцыт бюджэту. Калі наадварот, то выходзіць прафіцыт.

Занадта вялікі дэфіцыт ці прафіцыт - гэта дрэнна.

- Разгледзім, здавалася б, самы добры варыянт, калі мы зарабляем больш, чым выдаткоўваем. З'яўляюцца вольныя грошы. Але ва ўмовах эфектыўнай эканомікі грошы мусяць працаваць, а для гэтага расходавацца. Калі мы ўводзім грошы ў абарот, ствараем актывы, плацім заробкі. Гэта больш карысныя выдаткі для эканомікі, чым даходы, якія ляжаць мёртвым грузам, - распавядае аналітык «Кошт Урада».

Калі ўліваць грошаў у эканоміку зашмат, то расце інфляцыя. Яна расце і пры вялікім дэфіцыце бюджэту, як у Беларусі.

— З улікам таго, што ў нас ужо зараз інфляцыя вышэй за дзесяць працэнтаў, гэта вельмі негатыўны сцэнар. Калі ў Беларусі інфляцыя ніжэй за пяць працэнтаў — гэта кіруемая інфляцыя. Тады бізнэсу зразумела, чаго чакаць заўтра.

Калі эканоміка генеруе інфляцыю вышэйшую за пяць працэнтаў, то нават сярэднетэрміновую перспектыву становіцца разлічыць больш складана.

Тады людзі і бізнэс рыхтуюцца да высокай інфляцыі і самі яе падаграваюць. Напрыклад, бізнэс павялічвае кошты ў адпаведнасці з чаканнямі.

Раман Галоўчанка мае рацыю, што дэфіцыт бюджэту можа быць карысны для эканомікі, зазначае экспэрт.

- Дэфіцыт бюджэту можа змякчаць эканамічны спад. Дзяржава заяўляе, што будзе выдаткоўваць больш. Адпаведна, бізнэс кажа: «Окей, вы ў нас нешта будзеце купляць, і мы крыху больш упэўнена глядзім у будучыню».

Аднак прэм'ер-міністр хітруе, калі прымяняе гэта да становішча Беларусі.

Дэфіцыт для Беларусі дрэнны, бо закрыць яго няма чым

Праблема ў тым, што некаторыя краіны могуць сабе дазволіць жыць з высокім дэфіцытам бюджэту, напрыклад, ЗША, Японія ці многія краіны Еўропы. Беларусь не можа. Калі ўлады спрабуюць развязаць пытанне дэфіцыту бюджэту, узнікаюць сур'ёзныя праблемы.

- Часовы дэфіцыт бюджэту эканоміка пераварыць больш-менш нармальна. Калі ён перарастае ў хранічны, пачынаецца абсалютна іншая гісторыя. Пытанне ў тым, як кіраваць бюджэтным дэфіцытам. Можна элементарна надрукаваць грошы. Але вырашаючы бягучую праблему дэфіцыту, мы атрымліваем іншую - больш высокую інфляцыю.

Нацбанк можа ўліць у эканоміку некаторы аб'ём сродкаў, каб гэта не моцна паўплывала на рост коштаў, што мы зараз і бачым.

Цалкам пакрываць дэфіцыт бюджэту надрукаванымі грашыма азначае зрабіць інфляцыю непрадказальнай.

- Другі спосаб - пакрыць дэфіцыт за кошт росту даходаў. Напрыклад, падаткаў. Дзяржава імкнецца адшукваць любыя магчымасці павысіць падаткі. Прыгожа гэта называюць, напрыклад, «павышэннем ступені ўдзелу прадпрымальнікаў у эканоміцы» або «выраўноўваннем умоў падаткаабкладання». Але як ні называй такія дзеянні, яны ўсё роўна робяць толькі больш цяжкім і без таго немалы падатковы цяжар для бізнэсу і насельніцтва, - кажа экспэрт.

Трэці варыянт - прапарцыйнае зніжэнне ўсіх выдаткаў.

- Гэтага не будзе ў Беларусі, таму што многія артыкулы бюджэту нельга рэзка скараціць. Напрыклад, сацыялка - вельмі балючая рэч. На зніжэнне выдаткаў тут можна пайсці, але гэта крайні выпадак. Гэта выклікае сацыяльнае напружанне. Таму пакуль дзяржава імкнецца адначасова выкарыстоўваць любыя іншыя спосабы эканоміі і падвышэнні прыбыткаў бюджэту: трошкі надрукаваць грошы ці павялічыць падаткі.

Крэдыты занадта дарагія і яшчэ больш абцяжарваюць бюджэт

Можна прафінансаваць дэфіцыт бюджэту за кошт пазыкі. Гэта значыць заняць унутры краіны ці на знешнім рынку. І тое, і іншае для Беларусі балюча.

- Калі вам упэўнена даюць у пазыку і вашы крэдыторы лічаць, што вы яго вернеце, вам можа стаць выгадна жыць у пазыку. Таму што працэнтныя стаўкі для вас будуць нізкія, - працягвае экспэрт «Кошт Урада».

Тады можна ўкладваць пазыковыя грошы ў эканоміку, развіваць яе і зарабляць больш, чым працэнты паводле абавязкаў.

- З нашай эканомікай гэта далёка не так. Нам пазычаюць даражэй, чым іншым краінам, таму што замежныя крэдыторы не ўпэўненыя ў нас.

Акрамя таго, зараз Беларусь адрэзана ад знешніх грашовых рынкаў, за выключэннем расейскага. Атрымаць грошы не атрымаецца нават у Кітаі, хаця ўлады вельмі хацелі б.

- Расейская дзяржпадтрымка далёка не дармавая. Але Беларусь яшчэ не страчвае надзею заняць грошы на расейскім рынку, гэта значыць не ва ўрада, а праз аблігацыі. Але стаўка будзе рынкавай, а гэта дорага, бо нават расейскі рынак умее лічыць рызыкі. Мы заўсёды так хацелі атрымаць грошы МВФ, Сусветнага банка і гэтак далей, таму што там значна ніжэйшы працэнт.

Стаўка на расейскім рынку блізкая да 10% гадавых. Улетку 2020 года Беларусі ўдалося выпусціць аблігацыі на еўрапейскім рынку пад 5,875% і 6,378% гадавых.

Унутры краіны можна заняць у дзяржбанкаў, якія купляюць аблігацыі ўрада ў добраахвотна-прымусовым парадку.

- Гэта даходныя каштоўныя паперы. Такім чынам, пытанне ў тым, хто будзе выплачваць па іх працэнты. У гэтым выпадку плацельшчыкам стане бюджэт, гэта значыць сродкі падаткаплацельшчыкаў.

Старых назапашванняў мала, а прадаваць фамільнае срэбра невыгодна

На заяву Рамана Галоўчанкі, усё не так дрэнна, бо ёсць назапашванні Мінфіна з тых гадоў, калі бюджэт быў прафіцытным.

- Гэтая заначка не такая ўжо і вялікая. Калі бюджэт становіцца хранічна дэфіцытным, яе надоўга не хопіць, - адзначае суразмоўца. - Мінфін трымае грошы на рахунках у Нацбанку альбо ў дзяржбанках. Адпаведна, калі ён будзе іх выкарыстоўваць, ён канфіскоўвае грошы з банкаў і зніжае магчымасць апошніх даваць камусьці крэдыт. Калі зніжаецца магчымасць крэдытаваць эканоміку, пра які эканамічны рост можа ісці гаворка? Бізнэс развіваецца ў асноўным на крэдытных грошах.

Каб аблегчыць нагрузку на бюджэт, можна выкарыстоўваць золатавалютныя рэзервы для выплат па дзяржабавязку, але Нацбанку стане больш складана згладжваць ваганні валютных курсаў.

— У ЗВР ёсць дастаткова вялікія сродкі ў валюце, якія можна хутка выкарыстоўваць. Бо яны не для таго, каб імі проста красавацца. Істотна забіраць сродкі з ЗВР - значыць пахіснуць устойлівасць курсавой палітыкі. Гэта паўплывае на інфляцыю.

Апошні варыянт - продаж дзяржуласнасці. Улады Беларусі ўжо звярталіся да гэтага, калі справы з фінансамі былі дрэнныя. Напрыклад, прадалі «Белтрансгаз» і часткі пакетаў мабільных аператараў.

- Але вялікае пытанне, хто цяпер купіць нават прамысловыя флагманы і па якім кошце? Паводле ацэнак розных экспэртаў, гэта не такія вялізныя грошы, нават у выпадку такога гіганта, як «Беларуськалій».

Фінансавы аналітык кампаніі Duff&Phelps Germany GmbH Максім Адаскевіч палічыў, што масавы продаж беларускіх дзяржпрадпрыемстваў прынёс бы ўсяго блізу $10 млрд. Паводле вынікаў 2021 года плануецца дэфіцыт бюджэту 6,2 млрд рублёў. Гэта блізу $2,4 млрд.

- Калі ў вас вельмі абмежаваны выбар тых, каму вы можаце прадаць дзяржуласнасць, а сродкі вельмі патрэбныя, гэта будзе рынак пакупнікоў. За колькі вам прапануюць, за столькі і прададзіце. Зноў жа, гэта крайнасці, і пакуль да гэтага не дойдзе, - працягвае экспэрт «Кошт Урада».

На найбліжэйшы час павінна хапіць заначкі, пра якую сказаў Раман Галоўчанка. Акрамя таго, улады не пакідаюць надзеі знайсці грошы ў Расеі ці ў падкантрольных ёй фондаў. Аднак праблем дэфіцыту бюджэту гэта не вырашыць.

- Дэфіцыт з часовага становіцца хранічным, а гэта ўжо зусім іншая якасць бюджэту. Таму аргумент аб тым, што ёсць краіны, якія з гэтым жывуць гадамі, тут не працуе. Не відаць прычын, па якіх у будучыні сітуацыя з дэфіцытам бюджэту стане лепшай. Наадварот, відавочна, што нявызначанасці толькі нарастаюць. Прыйдзецца чымсьці ахвяраваць, дастаючы грошы са скарбонкі: затыкаць адны дзюры, агаляючы пры гэтым іншыя, - заключае суразмоўца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках