27 красавiка 2024, Субота, 3:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Меркаванне: Пуцін зацікаўлены ў адхіленні Лукашэнкі ад улады з шэрагу прычын

29
Меркаванне: Пуцін зацікаўлены ў адхіленні Лукашэнкі ад улады з шэрагу прычын
ПЁТР КУЗНЯЦОЎ

Рэпліка Вікторыі Нуланд пасля перамоў Байдэна і кіраўніка Крамля вельмі паказальная.

У адрозненне ад лета, гэтым разам асаблівых чаканняў наконт таго, што ў перамовах паміж Пуціным і Байдэнам будзе неяк адчувальна абмяркоўвацца лёс Беларусі, не было. Цяпер на парадку дня вельмі востра стаіць тэма нарошчвання расейскіх войскаў на мяжы з Украінай, магчымых санкцый у выпадку ўзброенай эскалацыі і іншыя, не менш «гарачыя» тэмы, піша заснавальнік «Сильных новостей» Пётр Кузняцоў.

Тым не менш, прэс-сакратарка Дзярждэпа Вікторыя Нуланд агучыла, што сярод іншых, пытанне Беларусі ўсё ж уздымалася. З паведамлення не зразумела, наколькі глыбока - відавочна, тэма палітычнай сітуацыі ў нашай краіне і па яе перыметры толькі згадвалася ў агульным пераліку рэгіянальных праблем. Што, па-свойму, таксама дастаткова паказальна і вось, чаму.

Я ўжо неаднаразова гаварыў і агучваў думку аб тым, што Пуцін зацікаўлены ў транзіце ўлады ў Беларусі з шэрагу прычын, не апошняя з якіх у тым, што расейскі кіраўнік не бачыць і не ўяўляе для сябе сітуацыі, у якой ён, з нейкай прычыны, можа пакінуць трон, а Лукашэнка на сваёй пазіцыі застанецца. Рэч тут не толькі ў псіхалогіі («Як, маўляў, я пайду, а ён далей кіраваць будзе?»), але і ў чыстай прагматыцы: паміж Беларуссю і РФ хаця з інтэграцыяй не ўсё так, як камусьці, магчыма, хацелася б , але існуе мноства стратэгічных дамоўленасцяў і саюзаў, планаў і дарожных карт, а вось фігура беларускага правадыра для Крамля - дастаткова супярэчлівая і непрадказальная. Думаю, Пуцін добра памятае, колькі меў праблем з ім, калі сам толькі прыйшоў да ўлады ў Крамлі, ды і мае дагэтуль. І вельмі сумняваюся, што хацеў бы пасля сябе такі «падарунак» пакінуць магчымаму пераемніку.

Удакладню: размова не ідзе аб тым, што расейскі кіраўнік збіраецца пакінуць уладу і пайсці на спачын. Хутчэй за ўсё, ён сам яшчэ, як і кажа, не разумее да канца, да якога моманту збіраецца кіраваць і ад чаго гэта, у выніку, будзе залежаць.

Аднак зусім відавочным з'яўляецца тое (пасля 2014 года - асабліва відавочным), што сябе ў гісторыі Расеі Пуцін бачыць выратавальнікам ад анархіі 90-х, «паднімальнікам з каленяў», «стабілізатарам» ролі імперыі ў рэгіёне - увогуле, такой асобай, якая змагла, пасля шоку распаду СССР, вярнуць сваёй краіне калі не веліч, то хаця б устойлівае месца на сусветнай арэне і ролю лідара сярод дзяржаў - былых частак «вялікай дзяржавы». Пры адноснай унутранай і замежнай стабільнасці.

Збіраецца ён сыходзіць заўтра ці праз дзесяць гадоў - то толькі яму вядома. Аднак у самой Расеі цяпер шмат размоў пра «вялікі транзіт», які рыхтуецца. Аб магчымасці такога развіцця падзей кажа шмат чыннікаў: і распачатая прэвентыўная зачыстка грамадзянскай супольнасці і СМІ на беларускі узор (толькі не пост-фактум, як у нас), і здушэнне ў Інтэрнэце (днямі «ВКонтакте» перайшла пад кантроль сяброў Пуціна, «Газпрам» запусціў аналаг ЦікТок, а планаў аб «замяшчэнні» вольнага Інтэрнэту там яшчэ вельмі шмат), і актывізацыя на замежнапалітычным контуры.

Цяпер шмат і часта гучыць, што Расея, нарошчваючы войскі на мяжы з Украінай, дамагаецца ад NАТО гарантый непашырэння (на ўзроўні ўнясення гэтага ў Статут або ўкладання асобнай дамовы), спынення вайсковай дапамогі Украіне і прымусу яе да выканання Менскіх пагадненняў. У гэтым кантэксце зразумела, што Крэмль, шляхам падвышэння ставак і шантажу, дабіваецца той самай «стабілізацыі» па перыметры межаў, у тым выглядзе, як ён яе разумее.

А яшчэ ў гэтым кантэксце зразумела, што ў агульным парадку дня вялікай размовы з Захадам будуць гучаць і іншыя тэмы, у тым ліку, і Беларусь. Як ужо сказана вышэй, пакідаць тут усё, як ёсць, не ў інтарэсах Масквы. Але гэта і не ў інтарэсах і Захаду. Зразумела, наш выпадак - не такі востры і першарадны, як украінскі, але, рухаючыся пазначаным шляхам, давядзецца развязаць і гэтую праблему.

У кожнага з бакоў свой погляд на рэчы. Але няўзброеным поглядам відаць, што ўсім патрэбная прадказальнасць, няхай і кожнаму свая. ЕЗ і ЗША патрэбны ў Беларусі законнасць, Расеі - гарантыі яе не сыходу на Захад. Вось недзе паміж гэтымі пунктамі і будуць праходзіць пошукі кампрамісу.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках