27 красавiка 2024, Субота, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ландсбэргіс: Грамадзянскую супольнасць Беларусі трэба запрасіць да супрацоўніцтва ў фармаце Люблінскага трыкутніка

6
Ландсбэргіс: Грамадзянскую супольнасць Беларусі трэба запрасіць да супрацоўніцтва ў фармаце Люблінскага трыкутніка
Габрыэлюс Ландсбэргіс

Кіраўнік МЗС Літвы абмеркаваў гэтую ініцыятыву з украінскім калегам.

Літва выступае за супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў фармаце Люблінскага трыкутніка, заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс 23 лютага ў Кіеве на супольнай прэс-канферэнцыі з украінскім калегам Дзмітрыем Кулебам. Відэазапіс прэс-канферэнцыі апублікаваны на старонцы МЗС Украіны ў «Фэйсбуку», паведамляюць naviny.online.

«Люблінскі трыкутнік - добрая ініцыятыва, - сказаў Ландсбэргіс. - Я думаю, што мы павінны працягнуць працу ў гэтым фармаце, і, дзе гэта магчыма, мы маглі б паспрабаваць уключыць у яе грамадзянскую супольнасць Беларусі. Цяпер існуе не так шмат такіх палітычных фарматаў для грамадзянскай супольнасці Беларусі, якая змагаецца за магчымасць правядзення дэмакратычных выбараў».

У сваю чаргу Кулеба заявіў, што на сустрэчы з міністрам замежных спраў Літвы яны «абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і апошнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі».

«Нас абодвух турбуе, безумоўна, сітуацыя ў Беларусі, гэта наш сусед, не чужая нам краіна», - сказаў кіраўнік украінскай дыпламатыі.

Люблінскі трыкутнік - трохбаковы фармат узаемадзеяння Украіны, Літвы і Польшчы, створаны міністрамі замежных спраў у ліпені 2020 года на аснове прызнання шматвяковых гістарычных і культурных сувязяў паміж трыма народамі. Фармат падкрэслівае ролю трох дзяржаў у працэсе фармавання сучасных палітычных, культурных і сацыяльных рэалій Цэнтральнай Еўропы.

12 жніўня 2020 года міністры замежных спраў краін Люблінскага трыкутніка выступілі з супольнай заявай, у якой выказалі глыбокую ўстурбаванасць сітуацыяй у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і заклікалі ўлады ўстрымацца ад ужывання сілы.

«Павага асноўных свабод і правоў чалавека, уключаючы дэмакратыю і вяршэнства закона, з'яўляецца неабходным для далейшага развіцця незалежнай і суверэннай Беларусі, якую мы цалкам падтрымліваем, - гаварылася ў заяве. - Мы ўпэўненыя, што толькі шляхам дыялогу бягучую сітуацыю можна развязаць на карысць народа і дзяржавы Беларусь. Пры патрэбе мы адкрытыя да любой дапамогі для садзейнічання гэтаму дыялогу».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках