27 красавiка 2024, Субота, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі топ-мэнэджар расказаў, чаму ва ўладаў не атрымаецца навязаць эпоху ваеннага камунізму

5
Беларускі топ-мэнэджар расказаў, чаму ва ўладаў не атрымаецца навязаць эпоху ваеннага камунізму
ФОТА: REUTERS

Перад рэжымам стаіць неразвязальная задача.

– Гэта проста вычварэнства фактаў, пераварочванне з ног на галаву, – каментуе кіраўнік кампаніі «Appservice» Валер Сямілетаў на Прымусе апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, які выкрыў у «нажыванні на бедах людзей» пастаўшчыкоў лекаў і прыватныя аптэкі. – Але ў такім каралеўстве крывых люстэркаў мы ж не ўпершыню апынуліся, піша «Салiдарнасць».

У тым ці іншым выглядзе ў гэтым каралеўстве мы жывем з 1921 года. У нас быў кароткі прасвет з 91 да 93-га года, а потым мы зноў вярнуліся ў каралеўства крывых люстэркаў і прадаўжаем у ім жыць.

Топ-мэнэджар упэўнены, што і сярод чыноўнікаў сёння большасць разумее абсурднасць таго, што адбываецца, і тлумачыць іх бяздзейнасць страхам.

– Сёння, я ўпэўнены, у сістэме ёсць вялікая колькасць людзей, якія разумеюць, што ўсё, што яны робяць, не прывядзе да чаканых вынікаў.

Але робяць яны гэта, не зыходзячы з тых прынцыпаў, якія яны дэкларуюць, там, клопат пра людзей, пра дабрабыт, каб на іх не нажываліся... Гэта робіцца для ўсталявання кантролю, для таго, каб адпомсціць прадпрымальнікам і людзям, якія выказалі нязгоду.

Не стаіць мэта пра некага клапаціцца, стаіць мэта кантраляваць сітуацыю, пакараць тых, хто асмеліўся выказаць нязгоду. І факты яны будуць скажаць столькі, колькі трэба, і так, як трэба. І ніхто з іх не разгледзіць другі бок медаля, таму што, як толькі мы разгледзім другі бок медаля, трэба прызнаць 26-гадовыя памылкі, адкрыць дыялогавыя пляцоўкі і пачаць перамовы, – разважае эксперт.

Паказваючы на відавочнае падабенства Беларусі з Савецкім Саюзам, ён тлумачыць, чаму ў нашай краіне так і не сфармаваўся клас палітычнай эліты.

– У нас 26 гадоў будавалася сістэма, дзе адсутнічаюць пярэчанні. Ёсць толькі ківанне і згодніцтва. Усё, што мы цяпер бачым, кажа пра тое, што ў нас няма сфармаванай эліты сярод палітычнага класу і сярод буйнога бізнэсу. Таму што чалавек, які з'яўляецца элітай, ён будзе пярэчыць, калі бачыць, што краіна, якую ён шануе, ляціць у прорву. Ён будзе пярэчыць і казаць: мы ідзём не туды, давайце спынімся і ўсё абмяркуем.

Але ён прадаўжае ківаць. Чаму? Каб асабіста яго не зачапіла. Калі б у нас была эліта, на нарадах была б дыскусія, там бы спрачаліся. А ў нас тых, хто спрачаўся, даўно павыганялі. У нас пабудаваная сістэма, калі людзі разумеюць: пакуль я ківаю – я працую, перастану ківаць – перастану працаваць.

Увесь Савецкі Саюз жыў на выдзіманых паказніках, і Захад думаў, што ён у два разы большы, чым на самай справе. Калі былі падпісаныя Белавежскія пагадненні і Саюз распаўся, адкрылася статыстыка і паказалася голая праўда – галеча, не здольная забяспечыць сябе якаснымі прадуктамі харчавання, прамысловасць, якая знаходзіцца ў жалосным стане, сацыяльнае медыцынскае абслугоўванне, якое было нашмат горшым, чым у любой капіталістычнай краіне на той момант, і многія іншыя болькі.

І сёння мы жывем у такім самым рэжыме выдзіманых паказнікаў. Мы ўвесь час шукаем крыніцы, дзе ўзяць грошы, для таго, каб дзень прастаяць і ноч пратрымацца. У нас няма і ніколі не было стратэгічнага планавання, – зрабіў выснову топ-мэнэджар.

Ён адзначыў, што ў Беларусі, як і калісьці ў Савецкім Саюзе, адбыўся захоп улады, але падкрэсліў, што ў сучасных умовах не атрымаецца ўсталяваць ваенны камунізм.

– Я сказаў бы, што ў нас у 2020 годзе адбылася не рэвалюцыя з боку грамадства. Бо грамадства ўжо даўно стала такім, якім мы яго ўбачылі, проста быў каталізатар, каб усё гэта выявілася.

Таму што ўсе тыя рэчы, якія мы ўбачылі ў 20-м годзе, яны не маглі паўстаць на пстрычку пальцаў, асновы закладваліся даўно.

Летась адбыўся бальшавіцкі пераварот з боку тых, хто быў ва ўладзе. І цяпер улада ўтрымліваецца такімі ж прыладамі, якімі бальшавікі яе ўтрымлівалі ў 1920-я гады, разумеючы, што ніякіх іншых варыянтаў у іх няма, акрамя як ваенны камунізм, харчразвёрстка і г.д.

Дэ-факта ў нас нацыянальная рэвалюцыя даўно адбылася, мы проста ўбачылі яе відавочныя праявы. А тое, што мы бачым сёння з боку ўлады, і тое, што шмат хто называе «контррэвалюцыя», на самай справе, гэта рэвалюцыя, дзяржаўны пераварот і захоп улады.

Нам спрабуюць навязаць эпоху ваеннага камунізму. Але трэба разумець, што ваенны камунізм у тыя часы фармаваўся ў зусім іншым тэхналагічным грамадстве, дзе сацыяльная мабільнасць была нашмат ніжэйшая, дзе сродкі сувязі цалкам кантраляваліся дзяржавай, і многае іншае.

Цяпер зусім іншае грамадства і, нягледзячы на тое, што многія думаюць, што інтэрнэт можа толькі паставіць чалавека пад кантроль, у той самы час ён дае шырокія магчымасці для камунікацыі, зносінаў, выбудоўвання гарызантальных сувязяў і г.д.

Таму пабудаваць ваенны камунізм у асобна ўзятай краіне, ды яшчэ і маленькіх маштабаў у сучасных тэхналагічных умовах будзе вялікай праблемай. Не развязальнай, я сказаў бы, – мяркуе эксперт.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках