27 красавiка 2024, Субота, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіроўца экскаватара, які адкапаў Ever Given: Я працаваў 24 гадзіны на дзень 6 дзён запар, каб вызваліць карабель

3
Кіроўца экскаватара, які адкапаў Ever Given: Я працаваў 24 гадзіны на дзень 6 дзён запар, каб вызваліць карабель
Фото: Reuters

Малюсенькі экскаватар побач з вялізным суднам у Суэцкім канале спарадзіў дзясяткі мемаў.

Кіроўца экскаватара, які даставаў велізарны кантэйнеравоз Ever Given, што захрас у Суэцкім канале, распавёў, што не хацеў стаць «зоркай мема», але ўвага стымулявала яго працаваць больш горача. Пра гэта мужчына распавёў Business Insider (пераклад - nv.ua) у каментары фота яго экскаватара ля вялізнага кантэйнеравоза, якое імгненна спарадзіла мноства мемаў.

У Егіпце і за мяжой людзі праектавалі розныя праблемы на масіўны карабель і выкарыстоўвалі малюсенькі экскаватар побач, каб паказаць свае маленькія намаганні для іх развязання.

Кіроўца экскаватара, 28-гадовы Абдула Абдул-Джавад, першым прыбыў да гіганцкага судна, якое перакрыла Суэцкі канал. Ён працаваў амаль 24 гадзіны на дзень шэсць дзён запар, каб вызваліць карабель.

Мужчына прызнаўся, што не хацеў стаць зоркай мема, але ўвага прымусіла яго працаваць больш.

«Ну, справа ў тым, што яны высмейвалі гэта. Яны сказалі: адміністрацыя Суэцкага канала распачала захады, але даслала абсталяванне памерам з зярнятка рысу», - распавёў ён выданню.

«Я быў трохі засмучаны. Але я быў настолькі матываваны, бо хацеў, каб свет сказаў: «Ён гэта зрабіў», - дадаў Абдула Абдул-Джавад.

Сам ён пра лавіну мемаў даведаўся апошнім, ужо калі скончыліся работы. Ён распавёў, што знутры свайго экскаватара не заўважыў фатографа, які рабіў вядомае сёння фота.

«Я сапраўды не звяртаў увагі ні на што з гэтага», - сказаў кіроўца экскаватара.

З ягоных слоў, жарты аб захраслым караблі зусім не выклікалі смеху ў чальцоў экіпажа Ever Given і ўсіх, хто працаваў над вызваленнем судна, бо праца была вельмі напружанай.

Акрамя таго, як адзначыў Абдул-Джавад, працаваць пад гіганцкім кантэйнеравозам было нават страшна. Мужчына хваляваўся, што замест таго, каб зрушыць карабель з месца, ён парушыць раўнавагу судна і яно перакуліцца.

«Калі вы бачыце памер карабля і памер экскаватара, гэта абсалютна страшна», - распавёў ён.

Тое, што ён працаваў пад самым караблём, атрымалася выпадкова: яшчэ два работнікі экскаватараў прыбылі на месца здарэння пазней і таму ім даручылі адгружаць выкапаны Абдулой пясок.

«Яны заспелі мяне там у працы, і сказалі: «Добра, гэты хлопец ля вады. Цяпер ніхто не перашкаджае», - распавёў ён.

23 сакавіка гіганцкі кантэйнеравоз Ever Given сеў на мель у Суэцкім канале, перакрыўшы адзін з самых загружаных марскіх гандлёвых шляхоў у свеце.

Даўжыня кантэйнеравоза - 400 метраў. Гэта больш, чым вышыня Эйфелевай вежы.

29 сакавіка судна ўдалося зняць з мелі. Для гэтага выратавальнікам давялося выцягнуць 27 тысяч кубаметраў пяску, у якім затрымаўся кантэйнеравоз.

На падлікі егіпецкіх уладаў, сума шкоды ад блакавання Суэцкага канала складае блізу мільярда даляраў.

Працягласць Суэцкага канала - 193 км (120 міль). Ён быў адкрыты ў 1869 годзе. Блізу 12% сусветнага гандлю, у тым ліку амаль 10% нафты і 8% звадкаванага прыроднага газу, праходзіць праз канал.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках