27 красавiка 2024, Субота, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча будзе працаваць над агульнай пазіцыяй краін Захаду для стрымлівання агрэсіі РФ супраць Украіны

1
Польшча будзе працаваць над агульнай пазіцыяй краін Захаду для стрымлівання агрэсіі РФ супраць Украіны

З заявай выступіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі краіны.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда будзе працаваць над агульнай пазіцыяй краін Захаду што да сітуацыі вакол Украіны. Пра гэта заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі (BBN) Польшчы Павел Солах пасля размовы з сакратаром Рады нацбяспекі і абароны Украіны Аляксеем Данілавым, паведамляе PAP.

«Прэзідэнт Анджэй Дуда будзе працаваць над узгодненай пазіцыяй усёй еўраатлантычнай супольнасці, і калі будзе неабходна, мы падтрымаем рашучыя дзеянні, якія не дазволяць Расеі давесці да эскалацыі крызісу», - заявіў Солах.

Са слоў кіраўніка BBN, ён запэўніў украінскага калегу ў падтрымцы Варшавай Кіева, праявай якой з'яўляецца нядаўні візіт кіраўніка МЗС Польшчы Збігнева Рау ва Украіну. Ён дадаў, што Польшча будзе падтрымліваць прадаўжэнне санкцый супраць РФ.

Солах адзначыў, што Данілаў папярэдзіў аб магчымасці перарастання дэманстрацыі Расеяй сілы ля межаў у непасрэдную ўзброеную агрэсію супраць Украіны, напрыклад, з Крымскага паўвострава.

Кіраўнік BBN Польшчы таксама выказаў спачуванне ў сувязі з гібеллю ўкраінскіх вайскоўцаў ад рук снайпераў з Расеі. Солах падкрэсліў, што ўкраінцы, якія жывуць на акупаванай частцы тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, вымушаныя прымаць грамадзянства РФ, каб захаваць альбо атрымаць працу ці сацыяльныя льготы.

На ягоную думку, Менскі працэс таксама пад пытаннем, бо наўрад ці Аляксандр Лукашэнка і надалей будзе выконваць ролю нейтральнага гаспадара перамоваў Трохбаковай кантактнай групы для ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. Са слоў Салоха, Украіна хоча адчуваць падтрымку з боку міжнароднай супольнасці, асабліва NATO і ЕЗ, а таксама асобных краін. Кіраўнік BBN падкрэсліў, што Польшча будзе працаваць над тым, каб тэма Украіны была вядучай на форумах NATO, ЕЗ або АБСЕ.

Нагадаем, 30 сакавіка галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Руслан Хомчак у Вярхоўнай Радзе заявіў, што Расея пад выглядам падрыхтоўкі да вайсковых вучэнняў «Захад 2021» сцягвае войскі да мяжы з Украінай: у Бранскую і Варонежскую вобласці РФ і ў акупаваны Крым.

1 красавіка ўкраінская выведка дала справаздачу, што Расея рыхтуе маштабныя правакацыі і можа ўвесці баевікоў углыб Украіны, а прэзідэнт Уладзімір Зяленскі правёў таемную нараду аб абвастрэнні на Данбасе і магчымым нападзе Расеі.

Еўрапейскае камандаванне ўзброеных сіл ЗША прывяло войскі ў баявую гатоўнасць самага высокага ўзроўню пасля таго, як 26 сакавіка акупанты на Данбасе забілі чацвярых украінскіх вайскоўцаў, а Расея пачала сцягваць войскі да мяжы з Украінай.

Амбасадары краін-чальцоў NATO 1 красавіка правялі тэрміновую сустрэчу ў Брусэлі, каб абмеркаваць усплёск гвалту на Данбасе і нагрувашчванне расейскіх войскаў ля ўкраінскіх межаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках