27 красавiка 2024, Субота, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каранавірус убудоўваецца ў геном чалавека?

2
Каранавірус убудоўваецца ў геном чалавека?

Нядаўняе адкрыццё ўзрушыла свет медыцыны.

«Нядаўна апублікаванае даследаванне выклікае ў навуковым свеце спрэчкі аб тым, ці можа генетычны матэрыял каранавіруса трапіць у ДНК чалавека. Група даследнікаў выявіла невялікія асобныя фрагменты генетычнага матэрыялу ўзбуджальніка Sars-CoV-2 у геноме чалавечых клетак. Але навукоўцы падкрэсліваюць, што гэта не страшна», - паведамляе нямецкі часопіс Der Spiegel (пераклад - inopressa.ru).

«З маленькіх фрагментаў немагчыма аднавіць жыццяздольныя вірусы, таксама яны не могуць прывесці да заражэння, паведамляе даследчая група пад кіраўніцтвам Рудольфа Ёніша з Інстытута біямедыцынскіх даследаванняў Уайтхеда ў Кембрыджы (штат Масачусэтс, ЗША). Аднак фрагменты генетычнага матэрыялу віруса могуць растлумачыць, чаму ў некаторых людзей ПЦР-тэсты прадаўжаюць даваць станоўчыя вынікі нават праз некалькі тыдняў ці месяцаў пасля заражэння», - адзначае выданне.

«Выпадкі, калі людзі двойчы заражаюцца цягам некалькіх месяцаў, па-ранейшаму ўважаюцца за рэдкую з'яву. (...) Таксама і аналіз, апублікаваны ў навуковым часопісе Plos One на аснове звестак амерыканцаў, вынік тэсту якіх зноў апынуўся станоўчым, паказаў, што 90% падыспытных не заражаліся паўторна. Паміж двума станоўчымі тэстамі прайшло не менш за 60 дзён. Як мяркуецца, часткі віруса цягам усяго гэтага часу заставаліся ў чалавечым арганізме. Але якім чынам?».

«Магчыма, часткі генетычнага матэрыялу каранавірусу сапраўды патрапілі ў чалавечыя гены. Аднак далёка не ўсе навукоўцы перакананыя ў праўдзівасці гэтай тэорыі».

«Геном чалавека складаецца з ДНК (дэзаксірыбануклеінавай кіслаты), - тлумачыць выданне. - У выпадку РНК-вірусаў, да якіх належаць і Sars-CoV-2, генетычная інфармацыя складаецца з РНК (рыбануклеінавай кіслаты), якая мае крыху іншую структуру. Для таго, каб вірусная РНК трапіла ў генетычны матэрыял чалавека, яна павінна быць ператвораная ў ДНК біялагічнымі інструментамі, а затым убудаваная ў генетычны матэрыял».

«Некаторыя патагены, такія як вірус ВІЧ, які выклікае СНІД, могуць пераўтвараць сваю РНК у ДНК. Ці здольныя на гэта каранавірусы, застаецца пад пытаннем».

«У новым даследаванні навукоўцы паведамілі, што выявіць фрагменты каранавіруса ў геноме людзей, інфікаваных вірусам некаторы час таму, яны здолелі ў вельмі рэдкіх выпадках. Акрамя таго, у лабараторных умовах яны змаглі ўкараніць кароткія фрагменты віруснага геному ў геном вырашчаных чалавечых клетак».

«Аднак даследчыкі выкарыстоўвалі створаныя ў лабараторыі клеткі, якія вырабляюць асабліва вялікую колькасць так званай зваротнай транскрыптазы Line-1. Гэты фермент убудоўвае вірусную РНК у геном чалавека, сказаў у інтэрв'ю Навуковаму медыяцэнтру Олівер Вайхенрыдэр з Інстытута эвалюцыйнай біялогіі Макса Планка ў Цюбінгене. (.. .) Але ў звычайных чалавечых клетках актыўнасць гэтага вызначальнага ферменту вельмі нізкая, патлумачыў экспэрт па вірусах Ёахім Дэнэр з Інстытута Роберта Коха (RKI)».

«Гэтыя дэбаты спарадзілі чуткі пра тое, што кампаненты вакцын на аснове мРНК таксама могуць патрапіць у геном чалавека. Аднак навуцы пакуль не вядомы механізм таго, як гэта павінна адбывацца. Нават калі каранавірусу ўдасца пераўтварыць свой РНК-геном у ДНК - а даследаванне не з'яўляецца доказам гэтага, - гэта не будзе мець ніякага значэння для вакцын на аснове мРНК».

«Яны не змяшчаюць ні вірус, ні ўвесь генетычны матэрыял патагену, а толькі невялікую яго частку. Такія фрагменты РНК у вялікай колькасці прысутнічаюць у клетках чалавека і пры гэтым не ўключаюцца ў генетычны матэрыял».

«Імавернасць таго, што РНК-вакцына ад Sars-CoV-2 фрагментарна пераўтворыцца ў ДНК і ўбудуецца ў геном клеткі, практычна роўная нулю, падкрэслівае экспэрт па вірусах Дэнэр. (...)» Выпадковая інтэграцыя РНК Sars-CoV-2 у ДНК некаторых інфікаваных клетак чалавека, вядома, цікавая з акадэмічнага пункту гледжання і, безумоўна, павінна быць вывучаная ў далейшым навукай, - сказаў біяхімік Вайхенрыдэр, - але я не бачу ў гэтым ніякай небяспекі для здароўя чалавека», - піша Der Spiegel.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках