27 красавiка 2024, Субота, 3:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль ідзе ва-банк: ЦАХАЛ разбамбаваў дамы галоўных камандзіраў Хамаса

Ізраіль ідзе ва-банк: ЦАХАЛ разбамбаваў дамы галоўных камандзіраў Хамаса

Будынкі выкарыстоўваліся ў якасці тэрарыстычнай інфраструктуры.

ЦАХАЛ адзначыў першы тыдзень вайны ў сектары Газа масаванымі авіяўдарамі па дзясятках цэляў Хамаса і "Ісламскага джыхаду". Акрамя запланаванай атакі, гэта стала адказам на новы начны ракетны абстрэл цэнтра краіны, уключаючы Тэль-Авіў, паведамляе detaly.co.il.

Міністэрства аховы здароўя Хамаса ў сектары Газа абвесціла, што сем палестынцаў былі забітыя і яшчэ 40 параненыя ў выніку нападаў Цахала мінулай ноччу. ХАМАС не друкуе звесткі пра колькасць забітых актывістаў арганізацыі. Такім чынам, колькасць загінулых у сектары Газа з пачатку аперацыі павялічылася да 154 чалавек.

За апошнія суткі (з 19:00 15 траўня да 07:00 16 траўня) былі зафіксаваныя 120 запускаў ракетаў з тэрыторыі сектара Газа ў кірунку Ізраіля. 11 ракетаў упалі на тэрыторыі сектара Газа. Дзясяткі ракетаў былі збітыя байцамі СПА.

Прэс-сакратар Цахала, брыгадны генерал Хедзі Зільберман заявіў, што мінулай ноччу з сектара Газа па тэрыторыі Ізраіля было выпушчана 55 ракетаў, і большасць з іх была збітая. Ад абстрэлу пацярпелі Гуш-Дан, паселішчы ў Шфеле, у Самарыі і на поўдні краіны.

Прэс-служба Цахала пацвердзіла, што быў здзейснены напад на дом кіраўніка Хамаса ў сектары Газа Іх’е Сінуара і на дом ягонага брата Мухамада Сінуара, адказнага за сістэму паставак і кадраў арганізацыі. Іх дамы ў Хан Юнесе выкарыстоўваліся ў якасці тэрарыстычнай інфраструктуры.

У суботу, 15 траўня, ВПС Ізраіля нанеслі паветраны ўдар па доме намесніка старшыні палітычнага бюро ХАМАС Халіля Эль-Хая.

Паводле паведамлення армейскай прэс-службы, Эль-Хая выкарыстаў свой дом у якасці тэрарыстычнай інфраструктуры.

Потым ЦАХАЛ паведаміў пра бамбардаванне дамоў Цісара Мабашыра, камандавальніка сіламі ХАМАС у раёне Хан-Юнес, а таксама Іязі Тамаа, камандавальніка падраздзяленнямі ХАМАС у Дыр эль-Балаху, у цэнтральнай частцы сектара Газа. Паводле паведамлення армейскай прэс-службы, яны выкарыстоўваліся для каардынацыі тэрарыстычнай дзейнасці, а таму сталі легітымнымі цэлямі для знішчэння. Згодна з ЦАХАЛ, ліквідацыя гэтых будынкаў аслабляе ваенны патэнцыял групоўкі.

Таксама паведамляецца, што ваенныя самалёты і лётныя апараты Цахала за апошнія 24 гадзіны атакавалі больш за 90 цэляў арганізацый ХАМАС і "Ісламскі джыхад" на тэрыторыі сектара Газа.

Сярод атакаваных цэляў – канцылярыя кіраўніка аддзела планавання і развіцця ў палітбюро Хамаса, дом камандзіра атрада "Зейтун" і дом адказнага за ваенную выведку Хамаса і кантрабанду.

Таксама былі атакаваныя дзясяткі цэляў для вытворчасці і захоўвання ўзбраення. Акрамя таго, былі знішчаныя блізу 40 ракетных пускавых установак.

Мінулай ноччу ЦАХАЛ таксама перайшоў да другога этапу знішчэння сістэмы "метро" ў Газе, падчас якога былі знішчаныя дзясяткі тунэляў і 4 батальёны ў паўночнай частцы сектара Газа. На гэты момант з пачатку аперацыі знішчана блізу 130 баевікоў Хамаса.

У прэс-службе Цахала перадалі, што пасля нападаў тэрарысты Хамаса баяцца хавацца пад зямлёй. У той самы час у арміі тлумачаць, што, нягледзячы на маштабныя атакі, у найбліжэйшыя дні не чакаецца спынення запускаў ракетаў у кірунку ізраільскіх гарадоў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках