12 жнiўня 2026, Серада, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская дыяспара ў Бэрліне патрабуе сэктаральных санкцый супраць менскага рэжыму

2
Беларуская дыяспара ў Бэрліне патрабуе сэктаральных санкцый супраць менскага рэжыму

У акцыі ў сталіцы Нямеччыны ўзялі ўдзел сотні чалавек.

"Унутраны тэрор у Беларусі перарос у міжнародны тэрарызм. Як ніколі патрабуецца наша згуртаванасць і салідарнасць". На заклік арганізацыі Razam (Разам) - аб'яднання, якое прадстаўляе інтарэсы беларускай дыяспары ў суботу, 29 траўня, выйшлі сотні не толькі беларусаў, але і расейцаў, палякаў, грамадзян краін Балтыі і іншых дзяржаў, якія пражываюць у Бэрліне ды іншых нямецкіх гарадах dw.com.

Былі сярод удзельнікаў дэманстрацыі і выступоўцаў на мітынгу і немцы, якім неабыякава тое, што адбываецца ў Беларусі.

Razam - першае аб'яднанне беларускай дыяспары

Бэрлінскую акцыю арганізаваў заснавальнік аб'яднання Razam Антон Нядзелька. Родам ён з Менска, вучыўся ў Нямеччыне на факультэце інфарматыкі і цяпер працуе праграмістам у адной з нямецкіх фірмаў.

"Мы стварылі наша таварыства летась у жніўні для таго, каб, з аднаго боку, дапамагаць людзям у Беларусі, а з другога - знаёміць немцаў з беларускай культурай і ладам жыцця, садзейнічаць узаемнай камунікацыі, падвышэнню ўзроўню ведаў адзін пра аднаго", - распавёў Антон перад пачаткам акцыі, калі яе ўдзельнікі толькі збіраліся на плошчы Потсдамэр Платц у самым цэнтры нямецкай сталіцы - тым месцы, дзе тры дзясяткі гадоў таму яшчэ стаяў Бэрлінскі мур.

Зараз, праўда, Антону і ягоным паплечнікам не да культуры і навукі. "Мы падтрымліваем кантакты з беларускімі палітвязнямі, - кажа ён, - збіраем ахвяраванні і пералічваем грошы іх сем'ям у Беларусь, дапамагаем людзям, якія вымушаныя адтуль уцякаць, а тут мы распаўсюджваем інфармацыю пра тое, што напраўду адбываецца ў гэтай краіне, тлумачым сітуацыю , звяртаемся да ўрадаў краін ЕЗ".

Пакуль журналісты размаўлялі з Антонам, на Потсдамэр Платц прыходзілі і прыходзілі людзі. Адны трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі, іншыя - самаробныя плакаты.

"Лукашэнка - тэрарыстычны лідар без народа"

"Лукашэнка! Твой час сышоў. Ты ўжо чорная пляма ў гісторыі!", - такі самаробны рукапісны плакат трымала ў руках жанчына, якая накінула на плечы бел-чырвона-белы сцяг. А побач стаяў паджылы мужчына таксама з самаробным плакатам, але напісаным па-нямецку: "Лукашэнка - тэрарыстычны лідар без народа". Многія трымалі ў руках плакаты з імёнамі палітычных зняволеных, была і шырокая расцяжка, на якой змясціліся 450 фатаграфій удзельнікаў беларускіх пратэстаў, кінутых за краты. З дынаміка, усталяванага ў адкрытым багажніку хэтчбэка Lexus, грала музыка.

Ад Потсдамэр Платц да амбасады Расеі ў Бэрліне

У раёне поўдня паліцыя перакрыла рух на Потсдамэр Платц, і ўдзельнікі акцыі рушылі па Эбэртштрасэ ў бок Брадэнбуржскіх варот. Адразу за мемарыялам ахвярам Галакоста калона павярнула направа, прайшла па Берэнштрасэ ў "тыле" расейскай амбасады, абагнула квартал і выйшла да параднага фасаду амбасады на бульвары Унтэр-дэн-Ліндэн.

Тут адбыўся цэнтральны мітынг акцыі. На ім выступалі не толькі беларускія праваабаронцы, але і прадстаўнікі расейскай дыяспары. Напрыклад, Дар'я, якая прадстаўляе арганізацыю "Demokratie Я" - ініцыятыву расейскамоўных грамадскіх актывістаў.

"Гэта вельмі важна, што расейская і беларуская дыяспара выходзяць сёння разам, - казала яна. - Я ведаю, што такія дэманстрацыі праходзяць па ўсім свеце, у Еўропе, у Амерыцы, у Канадзе, а сёння больш чым у 10 нямецкіх гарадах мы таксама разам выходзім на вуліцу. Важна, каб мы падтрымлівалі адзін аднаго, каб беларуская і расейская дыяспары супольна змагаліся супраць тэрору Лукашэнкі і супраць тэрору Уладзіміра Пуціна".

Удзельнікі мітынгу скандавалі то "Расея будзе вольнай!”, то “Жыве Беларусь!", Патрабавалі "Рукі прэч ад Беларусі", маючы на ўвазе падтрымку, якую Крэмль надае беларускаму рэжыму.

Мітынг каля прадстаўніцтва Еўракамісіі

Ад расейскай амбасады дэманстранты перамясціліся далей па Унтэр-дэн-Ліндэн да прадстаўніцтва Еўрапарламента і Еўракамісіі ў Бэрліне. Тут адбыўся заключны мітынг, галоўнай тэмай якога стала патрабаванне ўвесці больш жорсткія санкцыі ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі.

Акцыя скончылася ля прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Бэрліне

Выступоўцы патрабавалі не толькі персанальных санкцый супраць яго самога і іншых адказных за рэпрэсіі, але і сэктаральнай эканамічных санкцый. "Беларусы гатовыя пацярпець, калі ад такіх санкцый ЕЗ зазнаюць і яны, - казаў адзін прамоўца. - Гэта ўсё роўна лепш, чым жыць пад прыгнётам дыктатуры". Другі заклікаў да байкоту ўсіх фірмаў, няхай гэта будзе нямецкіх ці расейскіх, якія маюць камерцыйныя сувязі ў Беларусі. Трэці рэзка крытыкаваў Еўразвяз. "Першыя санкцыі, якія ўвёў ЕЗ, былі проста смешнымі, - казаў ён. - З сэктаральным санкцыямі Еўразвяз усё яшчэ марудзіць. Польшча і тое робіць больш, прымае больш уцекачоў з Беларусі. Еўропа павінна, нарэшце, прачнуцца!"

Мітынг у Бэрліне скончыўся хвілінай маўчання - у памяць аб тых, хто загінуў у ходзе сутыкненняў з беларускімі сілавікамі, памёр ад катаванняў або пабояў у турме або пакончыў у зняволенні з сабой.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках