19 сакавiка 2024, aўторак, 5:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На якой планеце жывуць беларускія чыноўнікі

36
На якой планеце жывуць беларускія чыноўнікі

Вертыкальшчыкаў даўно падазравалі ў адарванасці ад беларускай рэальнасці.

Аднак нават у такой сітуацыі яны на мінулым тыдні здолелі здзівіць. «Салiдарнасць» разбірае тры заявы, якія не могуць не ўразіць.

Чыноўнікі вераць у развіццё турызму?

У Гародні на рэспубліканскім семінары ў развіцці турызму віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка і кіраўнік рэгіёну Уладзімір Каранік нямала распавядалі, як можна завабіць у краіну замежных гасцей.

На жаль, з семінара не перадалі словы чыноўнікаў, як гэта можа адбыцца ў сітуацыі, калі ўся Еўропа шакаваная інцыдэнтам з самалётам Ryanair, і калі яна надумала разарваць з Беларуссю авіязлучэнне.

У сітуацыі, калі наша краіна пачынаецца ўспрымацца як тэрыторыя, дзе актыўнічаюць ледзь не піраты.

І тым больш цікава было б даведацца, што думаюць чыноўнікі з нагоды таго, як можна завабіць турыстаў з суседніх з Гарадзеншчынай Польшчы і Літвы - краін, якія беларускія ўлады ў чым толькі не вінавацяць.

Які туры яны гатовыя прапанаваць палякам па Гародні, пакуль Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс сядзяць у турме?

«Дэпутат» верыць, што Беларусь корміць увесь свет

Лілія Ананіч дала зразумець, што беларусы не зазнаюць ад заходніх санкцый, уведзеных праз дзеянні ўладаў. На чым грунтуецца яе ўпэўненасць? Яе аргументацыя варта таго, каб быць працытаванай.

- Мы за гэтыя гады не пераставалі выпускаць добрую, годную прадукцыю, якая будзе патрэбная, калі не на Захадзе, то на Усходзе. Мы сёння кормім увесь свет нашай прадукцыяй сельскай гаспадаркі. Паглядзіце адрасы нашых, так бы мовіць, вектараў, куды ідзе наша прадукцыя.

Паглядзелі. Не хочацца расчароўваць «дэпутатку», але экспарт беларускай сельгаспрадукцыі штогод вагаецца дзесьці блізу 5,5 мільярдаў даляраў - гэта лічба не здольная здзівіць нашых суседзяў з улікам маштабу краіны.

Геаграфія экспарту такая: прыкладна 85% прыпадае на Расею і краіны ЕАЭС, менш за 5% на Еўразвяз, яшчэ 10% на іншыя краіны.

Словы «мы кормім увесь свет» тут відавочна не пасуюць.

Правадыр верыць, што «Вялікі камень» яшчэ мае перспектывы

Прыкладна дзесяць гадоў таму ўзнікла ідэя стварыць беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень», каб вырабляць высокатэхналагічную прадукцыю і экспартаваць яе ў Еўразвяз і ЕАЭС.

Аляксандр Лукашэнка казаў, што экспарт штогод будзе дасягаць 50 мільярдаў даляраў.

Для гэтага парку стварылі суперыльготны падатковы рэжым. І што ж? Смешна сказаць, у 2020 годзе даход рэзідэнтаў «Вялікага каменя» склаў 189 мільёнаў беларускіх рублёў (аб суме прыбытку пастанавілі маўчаць).

На нядаўняй нарадзе правадыр як быццам прызнаў крах праекта: «Ільготныя ўмовы прыстойныя ў парку». І да якой высновы ён прыйшоў? Падрыхтаваны праект указа, «скіраваны на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату».

Падатковыя льготы ў «Вялікім камені» і так грандыёзныя, відавочна, што кітайцы не бачаць перспектыў у рабоце Беларусі - тым больш з улікам канфрантацыі ўладаў краіны з заходнімі краінамі і санкцый з іх боку.

І ўсё ж Лукашэнка верыць, што справа зусім не ў гэтым, а ў тым, што «Вялікаму каменю» для росквіту трэба яшчэ больш ільгот...

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках