27 красавiка 2024, Субота, 1:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскія памежнікі: Паток нелегальных мігрантаў з Беларусі ўжо ў пяць разоў перасягнуў лічбу за ўвесь 2020 год

9
Літоўскія памежнікі: Паток нелегальных мігрантаў з Беларусі ўжо ў пяць разоў перасягнуў лічбу за ўвесь 2020 год
ФОТА: СЛУЖБЫ АХОВЫ ДЗЯРЖМЯЖЫ ЛІТВЫ

Большасць з іх - грамадзяне Ірана, Ірака, Турцыі і Емена.

З пачатку 2021-га года літоўскія памежнікі затрымалі ўжо 387 замежнікаў, якія спрабавалі нелегальна прыбыць з Беларусі. Гэты паказчык амаль у пяць разоў вышэйшы, чым за ўвесь мінулы год. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў нядаўнім паведамленні Службы дзяржаховы мяжы Літвы ад 14 чэрвеня.

Служба нагадвае, што у 2018 годзе памежнікі затрымалі 104 замежнікі, якія спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву. У 2019 годзе такіх было 46, а летась - 81.

Але вось за няпоўныя шэсць месяцаў гэтага года паказчык ужо дасягнуў рэкорднай адзнакі ў 387.

Так, у мінулыя выходныя літоўскія памежнікі спынілі адразу чатыры групы замежнікаў, усяго 58 чалавек. Спачатку 12 чэрвеня ў Швенчэнскім раёне Літвы - дзве групы па 5 чалавек, а ўвечары 13 чэрвеня ў Ігналінскій раёне - яшчэ дзве групы на 21 і 27 чалавек.

«Паводле папярэдніх звестак, пераважная большасць з іх не мае дакументаў. Сярод затрыманых - жанчыны, мужчыны, непаўналетнія і паўналетнія ўсіх узростаў. Замежнікі хадайнічалі аб выдаванні прытулку ў Літве», - дадалі ў ведамстве.

Паводле працэдуры, усіх замежнікаў пратэстуюць на каранавірус, а пасля высвятлення асобы размесцяць у розных падраздзяленнях Службы дзяржаховы мяжы Літвы да прыняцця рашэння.

Намеснік кіраўніка памежнікаў Літвы: «Сітуацыя з беларускімі калегамі зараз вельмі складаная»

Нядаўна ў інтэрв'ю выданню DELFI намеснік кіраўніка Службы аховы дзяржмяжы Літвы Відас Мачайціс удакладняў: большасць затрыманых - грамадзяне Ірана, Ірака, Турцыі і Емена.

Сітуацыю на мяжы прадстаўнік ведамства назваў складанай, бо шмат мігрантаў цяпер знаходзіцца ў цэнтры замежнікаў і падраздзяленняў службы прама на мяжы. А нарады давялося ўзмацніць ўдвая, на некаторых участках - і ўтрая (у тым ліку сіламі памежнікаў з іншых падраздзяленняў, а таксама супрацоўнікаў ўнутранай службы). Кантроль на літоўскай мяжы ўскладняецца тым, што на некаторых участках усё яшчэ няма камер.

У канцы траўня міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ ўдакладняла, што сістэма відэаназірання ахоплівае менш за 40% мяжы з Беларуссю, і каб выправіць гэтую сітуацыю, спатрэбіцца яшчэ два гады і 38 млн еўраў.

Літва для большасці мігрантаў, тлумачыў Відас Мачайціс, з'яўляецца толькі транзітным пунктам. І хоць большасць мігрантаў спрабуюць пазбягаць сустрэчы з памежнікамі, але ёсць выпадкі, калі нават быўшы заўважанымі яны самі выходзяць да супрацоўнікаў і просяць прытулак. Але далёка не кожны атрымлівае гэты статус.

Так, напрыклад, з 108 чалавек, затрыманых у пачатку чэрвеня, прытулак атрымалі толькі 4 беларусы і адзін расеец. Астатнім было адмоўлена - яны павінны самі вярнуцца дадому ці ж будуць высланы.

Паводле працэдуры, пасля затрымання замежнікаў тэстуюць на каранавірус, а затым са згоды службы міграцыі адвозяць у Цэнтр рэгістрацыі замежнікаў у горадзе Падброддзе, дзе яны чакаюць пастановы. Цэнтр разлічаны на 240 чалавек, але праз рост наплыву замежнікаў месцаў там ужо не стае. Таму нядаўна там пачалі ўзводзіць яшчэ і намётавы гарадок для мігрантаў з Беларусі - а гэта дадатковыя месцы на 350 чалавек.

Са слоў Відаса Мачайціса, развязанне лёсу замежнікаў ускладняе і той факт, што пагоршыліся адносіны дзвюх краін:

«Да пытання аб вяртанні гэтых людзей, напрыклад, на тэрыторыю Беларусі. Раней, калі ў нас былі добрыя адносіны з Беларуссю, дэпартацыя была магчымая. Пасля праверкі інфармацыі мы праводзілі сумесныя расследаванні на мяжы. Аднак цяпер такога ўжо няма. Сітуацыя з беларускімі калегамі на гэты момант вельмі складаная. Яны не ідуць на абмен інфармацыяй аб нелегальнай кантрабандзе і міграцыі», - прыводзіць яго цытату выданне DELFI.

Нагадаем, 26 траўня Лукашэнка заявіў, што суседняя з Літвой краіна была бар'ерам на шляху перакідання наркотыкаў і нелегальных мігрантаў, аднак з улікам палітычнага ціску Захаду на беларускія ўлады Менск можа задумацца, ці варта працягваць гэта рабіць.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках