27 красавiка 2024, Субота, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

IBM запусціла ў Нямеччыне самы магутны квантавы кампутар у Еўропе

6
IBM запусціла ў Нямеччыне самы магутны квантавы кампутар у Еўропе

У сваім відэазвароце Ангела Меркель назвала квантавы кампутар «цудам тэхнікі».

Амерыканскі канцэрн IBM размясціў у Нямеччыне самы магутны камерцыйны квантавы кампутар у Еўропе. Працэдура запуску сістэмы IBM Quantum System One адбылася ў дата-цэнтры канцэрна ў Энінгене (Ehningen) у аўторак, 15 чэрвеня. У цырымоніі ў завочным рэжыме праз каранавірусныя абмежаванні ўдзельнічалі генеральны дырэктар IBM Арвінд Крышна, фэдэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель, а таксама прадстаўнікі Таварыства імя Фраўнгофера – найбуйнейшага еўрапейскага аб'яднання інстытутаў прыкладных даследаванняў, паведамляе DW.

У сваім відэазвароце Ангела Меркель назвала квантавы кампутар "цудам тэхнікі" і заклікала прыкласці намаганні для абароны месца Нямеччыны сярод сусветных лідараў у галіне квантавых тэхналогій. Паводле словаў канцлеркі, гаворка ідзе пра тэхналогію будучыні, з дапамогай якой можна было б дасягнуць прарываў у медыцыне і рэвалюцыянізаваць даследаванні матэрыялаў, паколькі дзякуючы шпаркасці квантавых кампутараў сталі б магчымыя вельмі складаныя вылічэнні. Меркель таксама заявіла, што ўрад вылучыць два мільярды еўраў на прасоўванне тэхналогій і мае намер цягам двух гадоў забяспечыць выраб уласнага прататыпа квантавага кампутара.

Квантавая кампутарная рэвалюцыя

"Створаная на стыку квантавай навукі, крыягеннай інжынерыі, сістэмнай інжынерыі і прамысловага дызайну, IBM Quantum System One уяўляе з сябе першую ў свеце інтэграваную квантавую кампутарную сістэму", – адзначаецца на сайце IBM. Гэта першы падобнага кшталту кампутар, прадстаўлены за межамі ЗША з працэсарам 27 кубітаў. У кампаніі ўжо заявілі, што плануюць да 2023 года выпусціць квантавы кампутар у чатыры разы больш магутны.

У вытворчасці квантавых кампутараў IBM канкуруе з карпарацыяй Google, якая ў верасні 2019 года паведаміла пра стварэнне першага ў свеце 54-кубітнага працэсара. Ён змог за 3 хвіліны 20 секундаў ажыццявіць разлік, на які ў самага магутнага тагачаснага кампутара ад IBM сышло б блізу 10 тыс. гадоў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках