26 красавiка 2024, Пятніца, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удаве героя Беларусі Тарайкоўскага падатковая выставіла рахунак амаль на $4,5 тысячы

33
Удаве героя Беларусі Тарайкоўскага падатковая выставіла рахунак амаль на $4,5 тысячы
ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА

Алена Герман гадуе дваіх дзяцей.

Падатковая інспекцыя МПЗ Маскоўскага раёна Менска палічыла, што дабрачынная і бязвыплатная дапамога неабыякавых людзей сям'і забітага 10 жніўня 34-гадовага Аляксандра Тарайкоўскага з'яўляецца асабістым прыбыткам ягонай жонкі за 2020 год.

Падаходны падатак склаў 11 001,63 беларускія рублі (у эквіваленце амаль $4 435 – С.). Гэтую суму Алена Герман павінна была заплаціць да 1 чэрвеня. З гэтага дня штодня налічваецца штраф.

Алена Герман - удава Аляксандра Тарайкоўскага. Іх шлюб не быў зарэгістраваны афіцыйна. Яны жылі як сям'я і разам гадавалі дзяцей - Дар'ю, старэйшую дачку Алены ад першага шлюбу, і агульную дачку Насцю.

ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА

- Калі Саша загінуў, людзі з розных краін, у тым ліку і нашы суайчыннікі, сталі пералічваць грашовыя сродкі на мой банкаўскі рахунак, - успамінае Алена ў размове з карэспандэнтам «Салідарнасці».

Сама Алена не прасіла аб дапамозе:

- Пасля гібелі Сашы мяне за руку адвялі ў банк і дапамаглі адкрыць рахунак.

Яна прызнаецца, што вельмі ўдзячная людзям, якія падтрымалі яе і дзяцей у цяжкай фінансавай сітуацыі:

- Мой муж працаваў індывідуальным прадпрымальнікам. Тое, што ён зарабляў, было для нас асноўнай крыніцай існавання.

Алена ўважае за несправядлівасць плаціць падатак з дапамогі, якую надалі неабыякавыя людзі.

- Я бачыла раздрукоўку рахунку: кожны пералічваў колькі мог, хто па пяць рублёў... Людзі зарабілі гэтыя грошы, ніхто ім не даў проста так.

Алена падрыхтавала зварот у Менгарвыканкам і Менскі гарадскі «савет дэпутатаў» з просьбай вызваліць яе ад выплаты падаходнага падатку, бо гэта пагоршыць матэрыяльны стан яе сям'і.

ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА

У звароце ўдава Аляксандра Тарайкоўскага таксама спасылаецца на тое, што ў сувязі з адмовай у распачынанні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія забілі яе мужа, яна не можа выставіць ім грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі шкоды ў сувязі са стратай карміцеля.

Дачцэ Аляксандра Тарайкоўскага ў траўні споўнілася чатыры гады. Мама не адразу сказала ёй пра гібель бацькі.

- Адразу казала, што тата ў шпіталі. Насця перажывала, пыталася: а ці робяць яму ін’екцыі, ці балюча яму. Прасіла патэлефанаваць яму. Потым я звярнулася да псіхолага, ён параіў сказаць праўду, бо дачка адчувае маё эмацыйны стан.

Нядаўна быў вельмі складаны перыяд, калі кожны вечар плакалі разам, а зараз дачка можа спакойна гаварыць пра бацьку.

У нас вісіць Сашаў партрэт. Яна есць і яго з лыжачкі корміць.

Часта ўспамінае: мяне тата навучыў вось гэтаму. Просіць: падымі мяне, як тата. Распавядае: мы былі з ім на гэтай пляцоўцы.

ФОТА З АСАБІСТАГА АРХІВА

Дзякуй Богу, ужо успамінае без слёз. Калі пра тату пачынаюць казаць, яна зазірае да мяне ў вочы: «А ты не плачаш?»

Алена часта праязджае міма месцы гібелі мужа, побач са станцыяй метро «Пушкінская».

- Бачу, што людзі спыняюцца або запавольваюць крок. Кветкі там практычна заўсёды. Усё адно, ёсць яны там ці не, усё адно людзі памятаюць пра Сашу і тыя падзеі.

Што да смеццевага бака, які там усталявалі нядаўна, нават не ведаю, як гэта каментаваць. Пакуль гэта ўвасабленне нашай улады.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках