27 красавiка 2024, Субота, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жазэп Барэль: Санкцыі ЕЗ закрануць крытычныя галіны беларускай эканомікі

1
Жазэп Барэль: Санкцыі ЕЗ закрануць крытычныя галіны беларускай эканомікі
ЖАЗЭП БАРЭЛЬ
ФОТА: DPA

Пра гэта кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі заявіў, выступаючы ў Еўрапарламенце.

Беларусь зноў апынулася ў топе міжнароднага парадку дня праз апошнія падзеі з самалётам Ryanair і няспынныя рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі ў краіне, заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы 8 чэрвеня ў Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, паведамляе naviny.online.

«Рэпрэсіі неаднаразова катэгарычна асуджаліся [Еўразвязам], як і маштабныя парушэнні правоў чалавека, якія прадаўжаюцца з моманту прэзідэнцкіх выбараў у жніўні летась, – сказаў Барэль. – Апошнія падзеі з згонам цывільнага самалёта, які накіроўваўся паміж дзвюма сталіцамі краінаў Еўразвязу, і прымус яго да пасадкі ў Менску з выкарыстаннем ваеннага знішчальніка сталі перасячэннем чырвонай рысы. Гэта было не толькі грэбаванне бяспекай больш як 100 пасажыраў, але і выклік міжнародным правілам, якія рэгулююць авіязносіны».

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі асудзіў арышт журналіста і блогера Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Сафіі Сапегі пасля пасадкі самалёта.

«Вымушаныя паказанні ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі з'яўляюцца яшчэ адным прыкладам жахлівага парушэння базавых правоў чалавека, у якіх вінаваты рэжым Лукашэнкі, – адзначыў Барэль. – Было жудасна бачыць, як затрыманы плача і робіць прызнанні перад камерамі дзяржаўнай тэлевізіі, нібы ён вінаваты ў мностве злачынстваў супраць Беларусі. Паверце мне, гэта былі жудасныя кадры».

Ён нагадаў еўрадэпутатам, што на наступны дзень пасля інцыдэнту з самалётам Еўрапейская рада ўнесла пытанне Беларусі ў парадак дня свайго пасяджэння і потым прыняла шэраг пастановаў.

«Еўрапейская рада заклікала да дадатковых санкцый, – адзначыў Барэль. – І ўпершыню мы пастанавілі выкарыстоўваць адрасныя эканамічныя санкцыі. Да гэтага моманту нашы санкцыі ўжываліся персанальна, закранаючы фізічных і юрыдычных асобаў, але не ўсю эканоміку краіны. На гэты раз Еўрапейская рада запытала ўжывання адрасных эканамічных санкцый. Еўрапейская рада таксама мяркуе, што ўсе авіякампаніі, якія базуюцца ў ЕЗ, павінны ўнікаць беларускай паветранай прасторы, а таксама заклікаў да ўжывання неабходных захадаў, каб забараніць палёты ў еўрапейскай паветранай прасторы для беларускіх авіякампаній».

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі падкрэсліў, што забарона на палёты беларускіх авіякампаній у Еўразвяз і еўрапейскіх кампаній у Беларусь была ўхваленая Радай ЕЗ на мінулым тыдні.

Паводле ягоных словаў, заканчваецца праца над санкцыямі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асобаў, якія маюць дачыненне да інцыдэнту з самалётам Ryanair. Гэты спіс будзе ўхвалены ў найбліжэйшыя дні.

Барэль адзначыў, што ўзначаленая ім Еўрапейская служба знешніх дзеянняў супольна з Еўракамісіяй вядзе працу ў падрыхтоўцы адрасных эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. «Я спадзяюся, што яны будуць ухваленыя ў ходзе наступнага пасяджэння Рады міністраў замежных справаў ЕЗ (запланаваная на 21 чэрвеня. – Заўвага.). Санкцыі будуць закранаць крытычныя галіны беларускай эканомікі, – сказаў ён. – Але фінальную пастанову будуць прымаць дзяржавы-чальцы. Я спадзяюся, што яны будуць адзіныя ў гэтай пастанове».

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі таксама заклікаў не забывацца, што цяпер у Беларусі «налічваецца не менш як 450 палітвязняў, уключаючы журналістаў, якія былі затрыманыя проста за выкананне імі сваёй працы, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і звычайных грамадзянаў, якія пратэставалі супраць парушэння рэжымам іх правоў і свабодаў».

Ён падкрэсліў, што Еўразвяз прадоўжыць падтрымліваць усіх пацярпелых ад рэпрэсій, а таксама будзе працаваць над тым, каб змусіць вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках