27 красавiка 2024, Субота, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Медыкі высветлілі, колькі ўскладненняў бывае пасля COVID-19

Медыкі высветлілі, колькі ўскладненняў бывае пасля COVID-19

У даследаванні ўдзельнічалі больш як 3,7 тысячаў чалавек з 56 краінаў.

Шпіталізацыі і смерці – гэта не ўсе беды, якія прыносіць COVID-19. Часта тыя ці іншыя сімптомы хваробы застаюцца праз тыдні і нават месяцы пасля выпіскі. Паводле ацэнак, прыведзеных у мінулым аглядзе СМІ, цалкам паправіцца не могуць 10–20% перахварэлых і да 90% тых, хто трапіў у лякарню. The Guardian піша пра працу навукоўцаў, што спрабавалі класіфікаваць ускладненні пасля COVID-19.

У даследаванні ўдзельнічалі больш як 3,7 тыс. чалавек з 56 краінаў з падазрэннем на перанесены COVID-19 або пацверджаным дыягназам, якія захварэлі не менш чым тры месяцы таму і не паправіліся за чатыры тыдні. Іх анкетавалі ў інтэрнэце пра адчуванне. У выніку навукоўцы выявілі 203 сімптомы, якія закранаюць дзесяць сістэмаў органаў.

У сярэднім у рэспандэнтаў былі закрануты 9,1 сістэмы органаў. Часцей за ўсё яны адчувалі стомленасць, недамаганне пасля фізічных і разумовых нагрузак і затуманеную галаву, але таксама іх турбавалі візуальныя галюцынацыі, трэмар, скурны сверб, збоі менструальнага цыклу, сэксуальная дысфункцыя, пачашчаны пульс, нетрыманне мачы, лішай, правалы ў памяці, дыярэя, звон у вушах, а яшчэ ў іх плыло перад вачыма. 22% страцілі працаздольнасць, 45% не маглі працаваць напоўніцу.

Праз шэсць месяцаў пасля COVID-19 застаюцца ў асноўным сістэмныя збоі: парушэнні тэрмарэгуляцыі цела, стамляльнасць, недамаганне пасля нагрузак, розныя неўралагічныя разлады. У большасці апытаных праблемы са здароўем захоўваліся і праз паўгода: на сёмым месяцы яны адзначалі ў сярэднім 13,8 сімптомаў. У аднаго з аўтараў працы праблемы засталіся і праз 16 месяцаў пасля хваробы.

Варта заўважыць, што рэспандэнтаў шукалі ў групах падтрымкі; верагодна, больш ахвотна адгукаліся тыя, каму цяжэй за ўсё.

The Guardian згадвае іншыя нядаўнія даследаванні. Адно з іх паказала, што рызыка "зацяжнога COVID-19" незалежна ад полу і ўзросту вышэйшая ў тых, у каго ў першы тыдзень хваробы было больш за пяць сімптомаў.

У іншым высветлілася, што ў паловы шпіталізаваных развілося як мінімум адно ўскладненне, пакуль яны былі ў шпіталі, а чвэрці пацыентаў пасля выпіскі сталі горш спраўляцца з доглядам за сабой. Пад ускладненнямі маюцца на ўвазе пнеўманія, тромбы, пашкоджанне нырак. Праблемы з ныркамі сустракаліся нават часцей, чым з лёгкімі. Хоць верагоднасць узнікнення ўскладненняў у лякарні была вышэйшая ў мужчынаў і пажылых, у маладых яны таксама сустракаліся часта.

Навукоўцы мяркуюць, што выяўленыя ў гэтых даследаваннях заканамернасці дапамогуць зразумець прыроду "зацяжнога COVID-19". Акрамя таго, рызыкі варта браць да ўвагі, прымаючы пастановы пра абмежавальныя захады і пра тое, які догляд спатрэбіцца тым ці іншым людзям.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках