21 траўня 2024, aўторак, 23:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крэймер: На Лукашэнку трэба ціснуць, пакуль ён не сыдзе

35
Дэвід Крэймер: На Лукашэнку трэба ціснуць, пакуль ён не сыдзе
ДЭВІД КРЭЙМЕР

Ніякага дыялогу.

Дэвід Крэймер, даследнік Міжнароднага ўніверсітэта Флорыды, памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага, адказаў на пытанні «Радыё Свабода». Ён расказаў пра чатыры мэты, якія ЗША варта паставіць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

– Якая ваша агульная ацэнка адміністрацыі Байдэна за першыя паўгода яе працы ў палітыцы датычна Беларусі?

– Я даў бы ім... паводле ацэнак амерыканскай сістэмы, гэта было б «Б» або «Б з мінусам». Гэта не было дрэнна. Калі 10 – найвышэйшая адзнака, я даў бы ім недзе 6,5 або 7. Джулі Фішэр, якую зацвердзілі амбасадаркай у Беларусі ў канцы мінулага года, але якая не змагла прыехаць у Менск, бо ёй не далі візу, – я мяркую, што яна дзейнічае на сваёй пасадзе надзвычай добра. Яна некалькі разоў наведвала Вільню, сустракалася са Святланай Ціханоўскай, наведвала Варшаву, сустракалася з беларускімі актывістамі, наведвала Стакгольм. Думаю, што яна робіць вельмі эфектыўную працу, тлумачачы палітыку ЗША.

Мне хацелася б, каб пра гэтую палітыку ясна абвесцілі, а таксама, каб было разуменне, што заклікі да дыялогу – гэта не выйсце. З такім чалавекам, як Лукашэнка, немагчыма мець дыялог. На яго трэба ціснуць да таго моманту, пакуль ён не ўбачыць, што яму трэба сыходзіць.

Бо ў любой будучыні Беларусі няма месца для Лукашэнкі. Немагчыма праводзіць новыя выбары, у якіх зможа ўдзельнічаць Лукашэнка. Таму ён павінен сысці. І нам нельга трапляць у пастку і думаць, што мы зможам заахвоціць дыялог паміж ім і ягоным рэжымам з аднаго боку, а таксама дэмакратычнымі сіламі – з другога.

Я мяркую, што мы адназначна павінны стаць на бок дэмакратычных сілаў – не праз прызму стасункаў паміж ЗША і Расеяй, а проста таму, што гэта патрыятычныя сілы, якія хочуць лепшай будучыні для сваёй краіны і хочуць закончыць 27 гадоў надзвычай жудаснага, некампетэнтнага, карумпаванага дыктатарскага кіравання. І мне здаецца, што на гэтую пазіцыю павінны стаць і Злучаныя Штаты, і ўсе іншыя дэмакратычныя грамадствы.

– Эрык Чэнавэт і Ірэна Лесота, кіраўнікі амерыканскага Інстытута дэмакратыі ва Усходняй Еўропе, апублікавалі артыкул, у якім выказваюць меркаванне, што Беларусь можа стаць свабоднай, калі Захад праявіць больш настойлівасці і менш страху перад Пуціным. Пагодзіцеся вы, што цяпер сапраўды ёсць страх перад Пуціным?

– Я не хацеў бы выкарыстоўваць слова «страх». Я сказаў бы, што ёсць заклапочанасць тым, што можа зрабіць Пуцін у адказ на нашы дзеянні. І гэта можа быць абгрунтаваная заклапочанасць. Нам варта заўсёды да канца абдумваць наступствы нашых дзеянняў.

Але пры гэтым нам усё роўна варта дзейнічаць у адпаведнасці з тым, што мы мяркуем правільнай пазіцыяй. Часта можна пачуць аргумент, што Пуцін мае больш інтарэсаў у Беларусі, чым маем мы. Але Еўропа не будзе вольнай, цэльнай і мірнай, пакуль ва ўладзе застаецца такі лідар, як Лукашэнка.

Шчыра кажучы, Еўропа не будзе такой, пакуль ва ўладзе застаецца Пуцін. Але пакуль што мы канцэнтруемся на Беларусі. Народ Беларусі вельмі ясна выказаўся, што ўжо годзе. Беларусы хочуць, каб гэтае зневажальнае і шкоднае кіраванне закончылася. І яны хочуць зменаў да больш перспектыўнай будучыні.

Трэба памятаць, што ў Беларусі летась адбыліся надзвычай сфальсіфікаваныя выбары, і, нягледзячы на свае сцвярджэнні пра перамогу, Лукашэнка на гэтых выбарах пацярпеў паразу. Гэта адлюстроўвае глыбіню расчаравання і незадаволенасці з боку насельніцтва. Мы ўбачылі вялізныя пратэсты ў мінулым жніўні і верасні, а потым, на жаль, брутальны пераслед з боку Лукашэнкі і ягоных галаварэзаў, якія паменшылі маштаб пратэстаў. Але людзі па-ранейшаму рэгулярна выказваюць сваю незадаволенасць і нязгоду з ягоным кіраваннем. Таму я мяркую, што нам трэба прызнаць: быць на баку народа Беларусі – гэта правільная, прынцыповая пазіцыя.

У гэтым пытанні мы не можам ігнараваць Пуціна, але мы таксама не павінны кіравацца празмернай заклапочанасцю і страхам наконт ягонай пазіцыі.

– У тым жа артыкуле сп.Чэнавэт і Лесота пішуць, што Захад, і ЗША асобна, не мае яснай палітычнай лініі датычна Беларусі. Згаджаецеся вы з гэтым? І якімі былі б вашы канкрэтныя парады – што павінна зрабіць адміністрацыя ЗША датычна Беларусі, магчыма, у наступныя месяцы?

– Думаю, што некаторыя элементы агульнай палітычнай лініі ўжо існуюць, і адміністрацыя ЗША працуе над такой палітыкай. Мне здаецца, што саміт з Пуціным крыху гэтаму перашкодзіў. Але я думаю, што сярод элементаў такой палітыкі павінны быць наступныя пункты.

Першае: Лукашэнка павінны сысці. Кропка. Тут не можа быць пытанняў. Будучыня Беларусі залежыць ад ягонага сыходу.

Другое: спыніць пераслед і гвалт з боку галаварэзаў Лукашэнкі.

Трэцяе: вызваліць усіх палітычных зняволеных.

І чацвёртае: стварыць умовы для новых, вольных і справядлівых выбараў, у якіх Лукашэнка не будзе браць удзелу.

Мне здаецца, што гэта чатыры неадкладныя мэты. А ўжо калі такія выбары будуць праведзеныя і Беларусь пачне гэты пераход, трэба забяспечыць падтрымку для развіцця дэмакратычных інстытутаў і павагі да правоў чалавека, вяршэнства закона, справаздачнасці ўлады і здольнасці народа Беларусі вызначаць уласную будучыню. А гэта значыць – не дазволіць умяшання Расеі, каб народ Беларусі меў магчымасць вызначыць уласную будучыню.

– Вы назвалі чатыры палітычныя мэты. Але якімі павінны быць крокі, каб дасягнуць гэтых мэтаў?

– Узмацніць санкцыі. Накіраваць іх не толькі супраць людзей, якія з'яўляюцца часткай рэжыму, але і тых, хто падтрымлівае рэжым, у тым ліку супраць расейцаў, якія даюць фінансаванне і падтрымку.

Еўразвяз увёў санкцыі супраць Гуцарыева. ЗША павінны зрабіць тое самае і пашырыць гэтыя санкцыі на іншых расейцаў і іншыя арганізацыі, якія іх падтрымліваюць. Мы не павінны вагацца ў пытанні санкцый супраць асобных расейцаў і расейскіх кампаній, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Я мяркую, што без такой падтрымкі дні Лукашэнкі будуць палічаныя.

Таксама ёсць падтрымка з боку краінаў Персідскага заліва, напрыклад Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Эміраты – хаўруснік Злучаных Штатаў. І я думаю, што прыйшоў час даць зразумець кіраўніцтву Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў: вы можаце быць альбо на баку Лукашэнкі, альбо ў добрых стасунках са Злучанымі Штатамі. Прыйшоў час рабіць выбар.

Такім чынам, ціснуць на крыніцы фінансавай падтрымкі Лукашэнкі – гэта найважнейшы шлях. Няпроста рабіць ціск, які прывядзе да сыходу кіраўніка дзяржавы. Але нам трэба перш за ўсё сфакусавацца на гэтым. Бо пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, няма надзеі, што Беларусь будзе рухацца ў больш дэмакратычным кірунку.

З сыходам Лукашэнкі Беларусь не атрымае гарантыі руху ў дэмакратычным кірунку, але ўпершыню будзе як мінімум надзея і магчымасць такога руху.

Я мяркую, што мы не павінны занадта факусавацца на доўгатэрміновых мэтах. Бо калі мы не дасягнем кароткатэрміновых, неадкладных мэтаў – а менавіта сыходу Лукашэнкі – астатняе не будзе мець значэння.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках