27 красавiка 2024, Субота, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца з «малочкай» у Беларусі?

20
Што адбываецца з «малочкай» у Беларусі?
иллюстрационное фото

Прадаўцы б'юць трывогу.

Кіроўная супрацоўніца адной з буйных сеткавых крамаў у Слуцку расказала «Кур'еру», што марозіва паступова знікае з прылаўкаў крамаў, а новыя партыі практычна не паступаюць. Паводле ейных словаў, такое тычыцца многіх буйных крамаў і вытворцаў. Случчанка звязвае гэта з тым, што з 8 ліпеня на ўсіх упакоўках марозіва павінна быць новая маркіроўка. Што адбываецца?

З 8 ліпеня ў Беларусі ўвялі абавязковую маркіроўку сыроў і марозіва, якая выглядае як акцыз. На ёй ёсць нумары, паводле якіх можна адсачыць паходжанне тавару. Рэшткі прадукцыі, выпушчанай да гэтай даты, не маркіруюцца.

Як расказаў Максім Маліноўскі, намеснік генеральнага дырэктара Слуцкага сыраробнага камбіната ў вытворчасці, прадпрыемства падрыхтавалася да дэфіцыту – за ліпень камбінат выпусціў 200 тонаў марозіва. На складах яго дастаткова, каб забяспечыць гэтым прадуктам спажыўцоў. Яго яшчэ можна прадаваць без маркіроўкі.

Намеснік гендырэктара камбіната дадаў, што тут больш пытанняў, чаму не хапае марозіва, да самай гандлі.

Максім Маліноўскі патлумачыў, што ўвядзенне маркіроўкі – працэс не хуткі. Цяпер праз тэндар набываецца новае абсталяванне. Прадпрыемства рыхтуецца да таго, каб забяспечыць выпуск прадукцыі паводле новых патрабаванняў.

«Кур'ер» паглядзеў, што на сайце дзяржзакупак Слуцкі сыраробны камбінат абвясціў конкурс на закупку чатырох праграмна-апаратных комплексаў маркіроўкі прадукцыі. Іх агульны кошт – 1 000 000 рублёў.

Комплексы ўсталююць на вытворчых пляцоўках камбіната ў Слуцку, Салігорску, Старых Дарогах і Клецку.

Што змянілася і чаму

Раней для тавару была свая ўласная маркіроўка: «гарбата», «піва», «кава» і г. д. А цяпер будзе адзін від – уніфікаваны кантрольны знак. Пасля марозіва і сыроў будуць маркіраваць і астатнюю малочную прадукцыю (з 1 верасня – малочную прадукцыю тэрмінам захоўвання больш за 40 сутак, а з 1 снежня – «малочку» тэрмінам захоўвання да 40 сутак). Спецыяльны двухмерны штрыхкод з бяспечным матэрыяльным носьбітам ці без яго ўтрымлівае інфармацыю пра тавар і вытворцу.

«Ініцыятарам абавязковай маркіроўкі малочнай прадукцыі выступіла Расея, запатрабаваўшы яе ўвядзенне для краінаў-экспарцёрак. Гэта значыць, што малочная прадукцыя, якая пойдзе на экспарт гэтым летам, павінна быць прамаркіраваная. Надалей дзякуючы гэтай сістэме шлях кожнага тавару ад вытворчасці і склада да ягонага набытку на касе крамы можна будзе прасачыць у рэжыме анлайн», – казаў Вячаслаў Танін, намеснік дырэктара камерцыйных пытанняў ЗАТ «Галаграфічная індустрыя».

Навошта патрэбная маркіроўка

Спецыяльная маркіроўка – своеасаблівы пашпарт тавару, у якім можна даведацца інфармацыю пра вытворцу і пастаўшчыка. Дзяржпрадпрыемства «Выдавецтва "Белбланкавыд"», якое займаецца продажам кантрольных знакаў, выпусціла спецыяльны дадатак «Электронны знак». У ім можна праверыць сапраўднасць паходжання адзення і абутку, ювелірнай прадукцыі, шынаў і пакрышак, парфумерыі і фотаапаратаў, хутка да іх дадасца і «малочка».

Галоўная мэта маркіроўкі – барацьба з кантрафактам, таксама кантрольны знак гарантуе, што за тавар заплацілі ўсе падаткі і зборы.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках