27 красавiка 2024, Субота, 5:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сітуацыя блізкая да катастрофы»: Паступіць на настаўніка можна з 10 баламі па ЦТ

22
«Сітуацыя блізкая да катастрофы»: Паступіць на настаўніка можна з 10 баламі па ЦТ
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Мазырскі педуніверсітэт абвясціў дадатковы набор.

Аб'ява красамоўна: запрашае абітурыентаў, якія набралі хаця б 10 балаў на ЦТ па мове, 10 па фізіцы і 20 па матэматыцы. Гэта мінімальныя балы, патрэбныя наогул для паступлення. І з такімі баламі чалавек можа атрымаць вышэйшую адукацыю за кошт дзяржавы, піша «Наша ніва».

Дакументы на бясплатнае навучанне прымаюць да 7 жніўня. Засталося сем бюджэтных месцаў на настаўнікаў матэматыкі і інфарматыкі, 15 - біялогіі і хіміі.

«Калі б толькі Мазырскі ўніверсітэт, гэта было б паўбяды. Але бюджэтныя месцы на педагагічных профілях не запоўнены ва ўсіх ВНУ: у Менску, Берасці, Гомелі, Магілёве, Віцебску», - каментуе сітуацыю вядомы рэпетытар, заснавальнік адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Яўген Лівянт.

Вось некалькі лічбаў. У Берасцейскім дзяржуніверсітэце імя Пушкіна на 22 месцы па спецыяльнасці «фізіка і інфарматыка» было пададзена 8 заяў. У Гомельскім дадатковы набор на фізіку складае шэсць чалавек.

Яўген Лівянт кажа, што не шакаваны. Яшчэ восем гадоў таму ён звяртаў увагу на праблему.

«З тых часоў колькасць бюджэтных месцаў паменшылася - і ўсё роўна недабор. У 2012 годзе было 265 месцаў на выкладчыкаў фізікі і матэматыкі ў педуніверсітэце ў Менску. У 2021-м - 110 месцаў, - прыводзіць ён лічбы. - У многіх школах ужо няма настаўнікаў фізікі і матэматыкі. Бацькі распавядаюць, як у дзяцей чвэрцямі замяняюць іншыя выкладчыкі ці ўвогуле старшакласнікі».

Калі зайсці на сайт упраўленняў адукацыі Менска, можна ўбачыць шмат вакансій. У Фрунзенскім раёне настаўнікаў матэматыкі не стае ў 15 школах, фізікі - у 8. У Заводскім гэта 10 і 6 школ адпаведна. З улікам таго, што ў школах звычайна адзін-два выкладчыкі фізікі, падмены можа і не быць.

Што далей рабіць з абітурыентамі, якія ледзь адолелі парог на ЦТ, вялікае пытанне.

«Нават калі іх дабяруць, потым усё роўна адлічаць. Ці будуць маляваць ім адзнакі. Вучняў, якія набралі менш за 60 балаў па матэматыцы, нельга пускаць у ВНУ. Не таму, што я такі радыкал. Яны проста нічога не змогуць зразумець, мой досвед працы гэта паказвае. А каб спраўляцца з вышэйшай матэматыкай, павінна быць ад 70 балаў на ЦТ».

Экспэрт характарызуе сітуацыю як блізкую да катастрофы. Не стае настаўнікаў па матэматыцы і фізіцы яшчэ і таму, што такім спецыялістам куды прасцей падацца ў IT, дзе заробкі непараўнальна вышэйшыя за школьныя.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках