Навукоўцы выявілі дзіўную знаходку ў тунэлі пад храмам птушынага змея ў Мексіцы
1- 16.08.2021, 21:01
- 13,750
Артэфакту амаль дзве тысячы гадоў.
Навукоўцы знайшлі чатыры цэлыя букеты ў тунэлі пад храмам птушынага змея ў Тэатыуакане, Мексіка. Як паведамляе The History blog (пераклад - zn.ua), букеты захаваліся ў выдатным стане, засталіся нават баваўняныя ніткі, завязаныя вакол сцёблаў.
Адзначаецца, што кветкі яшчэ не датавалі з дапамогай радыевугляроднага метаду, але храналогія выкарыстання тунэля і іншых артэфактаў, знойдзеных побач з букетамі, паказваюць на тое, што яны былі сабраныя ў I або II стагоддзі нашай эры.
Батанічны матэрыял у такім выдатным стане атрымалася выявіць ўпершыню. Акрамя кветак, навукоўцы знайшлі таксама насенне кукурузы, бабы, перац чылі, насенне гарбуза і апунцыі. Навукоўцы старанна вынялі з аднаго з букетаў ліст, каб зразумець прызначэнне раслін.
Тунэль пад храмам птушынага змея выявілі ў 2003 годзе, калі праліўныя дажджы агалілі варонку перад храмам. Яна вяла да падземнага ходу даўжынёй некалькі сотняў метраў, які вёў да трох камер. Яны былі напоўненыя зямлёй і камянямі і былі запячатаны амаль 1700 і 1800 гадоў назад. На думку навукоўцаў, тунэль сімвалізаваў падземны свет.

Даследаванні тунэля пачаліся ў 2009 годзе, за гэты час навукоўцы выявілі мноства артэфактаў і арганічных рэшткаў. Дары, якія знайшлі ў тунэлі, былі вельмі каштоўнымі і ўключалі ў сябе імпартныя тавары. Так, даследчыкі выявілі нефрыт, бурштын, каўчук, какава-бабы, а таксама шкуры і косткі жывёл, якія не жылі ў гэтай мясцовасці: ваўкоў і пум.
Цяпер навукоўцы знайшлі кветкі, якія размяшчаліся за тым, што раней лічылася заканчэннем тунэля. Калі група даследчыкаў дасягнула краю, яны высветлілі, што ён распасціраецца яшчэ на некалькі метраў уніз па спуску. Там жа археолагі выявілі драўняны вугаль, а таксама абвугленае насенне і садавіну, якія засталіся пасля рытуалу спалення ахвярапрынашэнняў. Акрамя таго, была выяўленая скульптура з незвычайнымі рысамі, якая магла быць курыльшчыцай для духмянасцяў.
Кветкі ачысцілі і закансервавалі ў тунэлі, каб захаваць іх у асяроддзі, якое забяспечвала іх захаванасць на працягу двух тысяч гадоў.