Прадукты з Украіны, Літвы і Польшчы прыбяруць з менскіх крам?
65- 7.08.2021, 20:36
- 45,288
Новы абсурд ад старшыні Менска.
Старшыня Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў звярнуў увагу на «недапушчальнасць» таго, што найлепшыя паліцы ў беларускіх сеткавых крамах займаюць тавары з краін, якія ўвялі санкцыі супраць беларускіх уладаў, піша zerkalo.io.
Паведамляецца, што ў канцы ліпеня прайшла «сур'ёзная нарада» з прадстаўнікамі менскіх гандлёвых сетак.
«Шэраг краін увялі санкцыі супраць Беларусі, а іх тавары стаяць у крамах на найлепшых паліцах. Пры гэтым айчынныя трэба яшчэ і пашукаць. Таму перад сеткамі жорстка паставілі пытанне: ці сітуацыя мяняецца, або будуць прынятыя захады», - заявіў Кухараў.
Пра якія менавіта тавары і краіны ідзе гаворка не ўдакладняецца. Раней не паведамлялася пра якую-небудзь забарону на выкладку імпартных тавараў на бачныя месцы ў крамах у сувязі з санкцыямі супраць беларускіх уладаў.
У ліпені дыктатар прапаноўваў абмежаваць або забараніць імпарт тавараў з Нямеччыны ў адказ на прынятыя краінамі ЕЗ санкцыі. Аднак заканадаўчыя акты, звязаныя з гэтым, не прымаліся.
Нагадаем, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўводзілі Еўразвяз, ЗША, Вялікабрытанія і Канада. Большасць захадаў закранулі беларускіх афіцыйных асоб і некаторыя прадпрыемствы. Акрамя таго, ЕЗ увёў сектаральныя эканамічныя санкцыі. Яны распаўсюджваюцца на нафтавую галіну Беларусі, калійную вытворчасць, а таксама вытворчасць тытуню і тытунёвых вырабаў.