27 красавiка 2024, Субота, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Такога на гэтай планеце яшчэ не адбывалася»

3
«Такога на гэтай планеце яшчэ не адбывалася»
Фота: Reuters

Пра электроннае «галасаванне» ў Расеі.

У Маскве на Пушкінскай плошчы прайшла акцыя пратэсту супраць фальсіфікацый на мінулых выбарах у Дзярждуму. У ёй удзельнічала некалькі сотняў чалавек. Акцыю спрабавала ўзгадніць партыя КПРФ, якая не прызнала вынікі электроннага галасавання ў Маскве, аднак гарадскія ўлады адмовілі ёй у гэтым.

У нядзелю ў Расеі закончылася трохдзённае галасаванне на парламенцкіх і рэгіянальных выбарах. Паводле афіцыйных вынікаў, партыя "Адзіная Расея" захавала за сабой канстытуцыйную большасць у Дзярждуме. Пры гэтым назіральнікі паведамілі пра шматлікія парушэнні на выбарчых участках. На карце руху "Голас", прызнанага расейскімі ўладамі "замежным агентам", апублікавана больш за чатыры тысячы паведамленняў пра падобныя парушэнні.

Найбольшае абурэнне назіральнікаў і апазіцыі выклікалі вынікі выбараў у Санкт-Пецярбургу і вынікі электроннага галасавання ў Маскве, якое было ўжытае ўпершыню і на якое зарэгістраваліся амаль два мільёны чалавек. ЦВК не публікаваў гэтыя вынікі больш за дванаццаць гадзінаў, не тлумачачы прычыну, а пасля абвяшчэння вынікаў высветлілася, што ва ўсіх акругах, дзе паводле вынікаў "жывога" галасавання на выбарчых участках з істотным адрывам перамагалі кандыдаты, падтрыманыя "Разумным галасаваннем", перамаглі кандыдаты ад "Адзінай Расеі".

Кіраўнік грамадскага штаба назіральнікаў Масквы, галоўны рэдактар "Эхо Москвы" Аляксей Венедыктаў тлумачыў, што ў сістэме прадугледжвалася магчымасць памяняць свой голас і перагаласаваць, блізу 200 тысячаў чалавек з 2 млн так і зрабілі, і давялося ўсё пералічваць.

Пра сітуацыю журналісты currenttime.tv пагутарылі з чальцом рады руху "Голас" Раманам Удотам.

– Хочацца пагаварыць пра электроннае галасаванне, таму што, здаецца, да яго ёсць больш за ўсё пытанняў. Раскажыце, калі ласка, што адбылося, чаму так доўга не было галасоў з Масквы і ці маглі там быць нейкія фальсіфікацыі?

– Галасоў не было, таму што гэтая сістэма непрацоўная. Адпаведна, былі там фальсіфікацыі ці не, мне невядома, і нават гэта не з'яўляецца на самай справе прадметам абмеркавання. Гэтая сістэма не адлюстроўвае галасы выбарнікаў, таму ніякага сэнсу выкарыстоўваць яе для выбараў няма.

– Што гэта значыць: не адлюстроўвае галасы выбарнікаў?

– Гэта значыць, што яна парушае проста прымітыўныя законы матэматыкі. У нас атрымалася так, што так званых электронных бюлетэняў, як яны гэта называюць, было выдадзена на 78 тысячаў менш, чым атрымана галасоў. Такое на гэтай планеце яшчэ не адбывалася, магчыма, гэта нейкая іншапланетная сістэма, з якой мы незнаёмыя. Але тады яна павінна ўжывацца ва ўмовах іншых планетаў. На нашай зямлі так званая канверсія, калі выдадзена, дапусцім, 100 для прастаты, нельга, каб імі прагаласавалі 120 разоў – тое, што ў нас адбылося.

– Нашы калегі гаварылі пра гэта з Аляксеем Венедыктавым, яны задавалі яму тое самае пытанне, на што ён сказаў, па-першае, што "Голас" некампетэнтны, а, па-другое, што галасоў больш, бо ёсць перагаласаванне і, маўляў, дыстанцыйнае галасаванне пра гэта папярэджвала загадзя.

– Трапіўся. Трапіўся махляр. На самай справе ён проста няўважліва паглядзеў на ўласны сайт, які яны называюць observer.mos.ru, у іх на самай справе ёсць яшчэ і пагадзінная штука, якая паказвае, колькі кожную гадзіну было выдадзена бюлетэняў, і паказвае, колькі кожную гадзіну было прагаласавалых. Шкада, што ён такі лянівы і не знайшоў час паглядзець на ўласны сайт. Там напісана, што ў першую гадзіну галасавання 17 верасня выдадзена было, на хвілінку, 20 тысячаў бюлетэняў, а тых, хто прагаласаваў, было, на хвілінку, 100 тысячаў галасоў. Гэта значыць, калі верыць нашаму галоўнаму рэдактару "Эхо Москвы", атрымліваецца, што на сайт зайшло 20 тысячаў дэбілаў, якія цягам гадзіны памянялі свае палітычныя погляды пяць разоў. Я ніколі не магу сабе ўявіць, што чалавецтва настолькі апусцілася, што такімі натоўпамі з'яўляюцца на электаральных сістэмах людзі, якія пяць разоў за гадзіну мяняюць свае палітычныя перакананні, накручваючы гэты лічыльнік. Потым удар гонга надыходзіць а 9-й гадзіне, то-бок гэта з 8:00 да 08:59 галасавала 20 тысячаў дэбілаў, якія змяняюць пяць разоў за гадзіну свае перакананні, а потым прыходзяць іншыя, якія цалкам паводзяць сябе па-іншаму.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках