27 красавiка 2024, Субота, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каранавірус абрынуўся на Менск

26
Каранавірус абрынуўся на Менск

Маштаб эпідэміі абяцае быць большым, чым летась.

Чытачы «Нашай Нівы» з Менска паведамляюць, што чаканне хуткай дапамогі праз усплёск COVID-19 у сталіцы доўжыцца гадзінамі.

«Хуткая ехала амаль дзве гадзіны, сказалі, шмат выклікаў у чарзе, за сотню. Калі прыехалі – зрабілі ўкол і з'ехалі», – піша нам чытач.

«Сёння дзве гадзіны чакалі брыгаду на пацверджаны кавід», – піша іншы.

«У таварыша захварэў сын: кавід. Хуткая не паехала, сказалі выклікаць, калі будзе зусім дрэнна, а пасля выходных, можа быць, зойдзе ўчастковы лекар», – расказвае чытач.

«НН» звязалася з лекарам хуткай дапамогі. Сяброўка пацвердзіла, што сітуацыя напружаная.

«З верасня пайшоў вялікі рост захворвання, пры гэтым прышчэпленыя хварэюць мала і лёгка. У асноўным тыя, хто не вакцынаваны. Падстанцыі загружаныя візітамі.

Звычайная рэальнасць працы такая, што ты не адразу ж едзеш на іншы адрас, ты паспяваеш вярнуцца на падстанцыю і там чакаеш, часам да гадзіны чакаеш выкліку.

Цяпер жа, у час эпідэміі, на падстанцыі мы зусім не бываем – толькі на выклікі. Пры гэтым такога выкліку як “каранавірус” ужо не існуе. Едуць толькі на канкрэтныя скаргі – высокая тэмпература, чалавек задыхаецца, нізкая сатурацыя і гэтак далей.

Выклікаў вельмі шмат, таму камусьці даводзіцца чакаць, гэта натуральна. Выклікі ёсць тэрміновыя і экстранныя. Экстранныя – аварыі, пажары, інсульты, інфаркты, чалавек без прытомнасці, не можа дыхаць і гэтак далей. Яны першыя ў чарзе, колькі б ні было тэрміновых, прыярытэтны заўсёды экстранны выпадак.

Пры гэтым некаторыя людзі злоўжываюць і выклікаюць на тэмпературу 37, таму што яму проста лянота ехаць у паліклініку», – сказала лекар.

У некаторых паліклініках тым часам профільных медыкаў вымушана загружаюць працай з кавіднымі хворымі, бо персаналу не хапае пры выраслай колькасці хворых.

Пры гэтым, адзначаюць медыкі, хоць гэтая хваля ўжо здаецца большай за леташнюю, працаваць трохі прасцей, таму што на прыём не ходзяць больш людзі-«кантакты».

З лякарняў таксама даходзяць трывожныя навіны пра загружанасць рэанімацыі і колькасць хворых. Лекары акцэнтуюць увагу, што прышчэпленыя хварэюць вельмі рэдка і ў лёгкай форме, таму і нагадваюць пра неабходнасць прышчапіцца.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках