27 красавiка 2024, Субота, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: На «выбарах» у Пецярбургу падмянілі шасцярых чальцоў выбаркама

СМІ: На «выбарах» у Пецярбургу падмянілі шасцярых чальцоў выбаркама

На ўчастку, дзе перамог кандыдат «Адзінай Расеі», працавалі падстаўныя людзі.

У Санкт-Пецярбургу на выбарчым участку №177 замест шасці чальцоў камісіі працавалі пабочныя людзі. Пра гэта паведамляюць "Фонтанка", "Расейская служба Бі-бі-сі" і "Ратонда" са спасылкай на аднаго з удзельнікаў чату выбаркама, які папрасіў не раскрываць ягонае імя, паведамляе svoboda.org.

Паводле інфармацыі выданняў, замест чальцоў камісіі з правам голасу Лізаветы Мяцёлкінай, Уладзіслава Карпава, Ксеніі Ланшчаковай, Алены Міхайлавай, Юліі Саўко і Дзмітрыя Пашкова на ўчастку працавалі іншыя людзі.

Крыніца прапанавала выданням скрыншот паведамлення з чату выбаркама, які быў адпраўлены з тэлефоннага нумара сакратара камісіі №177 Настассі Селіванавай напярэдадні першага дня галасавання. У гэтым паведамленні шасці ўдзельнікам чату было прапанавана запомніць свае новыя імёны на наступныя тры дні. Селіванава ў размове з журналістамі сцвярджала, што ў УВК № 177 не было агульнага чату.

Крыніца "Ратонды" таксама звярнула ўвагу, што шасцёра сяброў камісіі хадзілі з самаробнымі бэйджамі замест пасведчанняў з фатаграфіяй і пячаткай. Каардынатарка "Назіральнікаў Пецярбурга" Вольга Дзмітрыева пацвердзіла выданню, што некалькі сяброў УВК адмовіліся паказаць пашпарты і пасведчанні на праверку. Паліцыянты, якіх выклікалі назіральнікі, правяраць асобаў чальцоў УВК адмовіліся.

Журналісты сцвярджаюць, што замест 22-гадовай Лізаветы Мяцёлкінай у камісіі працавала 52-гадовая нараджэнка Смаленска Вольга Грыцава. Замест чальца УВК Уладзіслава Карпава на выбарах быў 29-гадовы актор Філіп Стрыжанаў. Замест Ксеніі Ланшчаковай на выбарах працавала 18-гадовая студэнтка рэстаўрацыйнага каледжа Яўгена Сераброва. Замест Юліі Саўко была Ірына Мазенкова, а Дзмітрыя Пашкова замяніў Дзмітрый Гусеў.

Большасць падстаўных чальцоў УВК не адказалі на пытанні журналістаў. Ірына Мазенкова пацвердзіла "Ратондзе", што тры дні працавала на выбарах, аднак кінула слухаўку, калі яе папрасілі назваць сваё імя. Старшыня УВК №177 Марыя Мулюк адмовілася каментаваць прысутнасць пабочных людзей у камісіі.

Усяго на гэтым участку, дзе зарэгістравана крыху больш за дзве тысячы выбарнікаў, было выдадзена 247 бюлетэняў для надомнага галасавання. Паводле вынікаў выбараў на УВК №177 перамог кандыдат ад "Адзінай Расеі" Канстанцін Чабыкін.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках