27 красавiка 2024, Субота, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эфект елбасы

12
Эфект елбасы
Уладзімір Халіп

Састарэў, праржавеў наскрозь рэжым.

Дэманстранты заўсёды і ва ўсім вінаватыя. Памятаеце той жнівень? Не было канца людской плыні. І ўсе - у адным кірунку. Сотні тысяч прайшлі праз гэты злашчасны мост. Ці не таму праз няпоўныя паўтара года ён так раптоўна абрынуўся. Расхісталі рэжымнае збудаванне. Было б дзіўна тут не заўважыць дакладнай сувязі. Гэта ж не лёгкая аблачына лімузінаў, якія пралятаюць па асфальце ад святлафора да святлафора. І, тым больш, не той імклівы картэж, вядомы ўсім менчукам пад легкадумным дэвізам «дыскатэка». Мільгануў, і быццам няма яго. А людскі струмень - гэта стыхія. Наступствы амаль непрадказальныя.

Аднак спарахнелы, стомлены бязмерна пуцеправод позніх хрушчоўскіх часоў усё яшчэ мацаваўся. Тужыўся. Крахцеў. Патрэскваў цішком. Але пратрымаўся да першых дзён 2022 года. А потым абрынуўся. Пачварна, але часткова. І час катастрофы быў абраны самы нявінны - тры гадзіны ночы. Што дзейная ўлада не замарудзіла запісаць сабе ў заслугу. А як жа інакш - ніхто не пацярпеў! Ці гэта не цуд у краіне арганізаваных цудаў? А тэхнічнай прычынай здарэння была прызначаная ўсё тая ж звыклая стомленасць металу. І натуральна - варункі надвор'я. Хто ж мог меркаваць, што ў Менску будуць ісці дажджы, а потым яшчэ ў дадатак і марозік раптам падключыцца.

І хто б мог падумаць, што бяда прыйдзе менавіта ў той момант, калі ў вышэйшай улады зусім іншая праблема будзе на прыцэле. Патэлефанаваў Пуцін і заявіў, што ўсім пара ў паход. У строгіх рамках АДКБ. Бо ў брацкім Казахстане смута. Мала таго, што там народ абураны да крайнасці, дык яшчэ і паміж дзвюма верхавінамі жалезнай вертыкалі прабегла іскра. Трэба тэрмінова высылаць войска. У сэнсе - міратворцаў. Ніякіх «але», карыслівых прэферэнцый і іншых кампенсацый. Толькі прысутнасць. Чыста сімвалічная. Трансфер за рахунак Крамля. Кіруе Расея. Спецаперацыя амаль гуманітарная. Пад кодавай назвай «Выратаваць шараговага елбасы». Зразумела што, куды, каму пачым?

Незразумелая ў гэтай сытуацыі хіба толькі рэакцыя грамадзянаў. Каторы дзень абмяркоўваюць прыкры інцыдэнт. Збіраюцца ля раптоўнага правалу, глядзяць. А чаму дзівіцца? Упершыню, ці што, тут падаюць масты? Ужо даўно было заўважана, што з мастамі ў нас увогуле робіцца нешта дзіўнае. Падаюць і падаюць. Нібы пераспелыя грушы ў садзе. Былі нават запрошаныя экспэрты з асабліва адданых рэжыму знаўцаў. Сітуацыю асэнсавалі. І, акрамя ўсіх даўно вядомых, сярод вінаватых назвалі яшчэ і гравітацыю. Вельмі шкодная штука, калі ўдумацца.

Улада абяцала дзейнічаць рашуча. Мастаўшчыкі будуць працаваць у тры змены. А таму праз тры месяцы транспартныя плыні зноў захліснуць абноўленае скрыжаванне. Жыццё горада здабудзе звыклы выгляд. І ўвогуле ўсё ў нас наладзіцца. Бо прымуць новую, як і гэты мост, канстытуцыю. Мы чаму так дрэнна жылі, што ў нас нават раптоўна падалі масты? Ды таму што не было такой вось абноўленай канстытуцыі. Строгае АДКБ спакойна драмала недзе. І грамадзяне маглі нават часам сабрацца разам і ісці да невядомай мэты, расхістваючы мост.

З гэтага часу ўсё пойдзе інакш. Досвед міратворчай аперацыі будзе ўлічаны. А то хіба гэта парадак, калі верхняя палова статуі дарагога і каханага ўсімі елбасы проста ляжыць на тратуары, замінаючы мінакам, а ніжняя ўвогуле дзесьці на прыступках. Яго прэс-сакратар збянтэжана паведамляе, што шэф проста вельмі заняты - недзе з кімсьці вядзе перамовы. А маленькі і хітры чалавек у нейкім бункеры мітусліва пацірае рукі - спецаперацыя атрымалася! Не важна, дзе цяпер той елбасы, і ці выстаіць іншая галіна мясцовай вертыкалі. І менш за ўсіх хвалюе яго лёс народа, які яго жаўнеры быццам бы прыйшлі абараняць.

Спрацаваў утоены феномен адыёзнага АДКБ. Амаль нідзе не чуваць гнеўных асуджэнняў раптоўнага сілавога ўварвання ў межы чужой краіны. Міратворчыя місіі ў пашане. А гэта значыць, што з гэтага часу старую штуку з зялёнымі чалавечкамі не давядзецца тупа паўтараць. Расея можа свае войскі, калі ім надаць хаця б па ўзводу з суседніх постсавецкіх краін, уводзіць куды заўгодна. У межах усё таго ж АДКБ. Не рызыкуючы атрымаць даўно заслужанае званне агрэсара.

А нашы міратворцы ў чужой краіне прадаўжаюць пільна несці сваю вартаўнічую вахту, узіраючыся ў беспрасветную цемру. Наўрад ці так можна разглядзець будучыню сваёй краіны хаця б у недалёкай перспектыве. Але нават здалёку ў моманты рэдкай цішы пачуць можа кожны, як упарта і настойліва патрэсквае нешта. Ці гэта чарговы мост або зношаная дашчэнту цеплатраса. Цалкам магчыма, гэта падае трывожныя сігналы наша вертыкаль - самая няўдалая сістэма дзяржаўнага ладу. І нічога іншага чакаць ад яе ўжо не даводзіцца.

Аднак вернемся на тое бяздольнае скрыжаванне. Зусім яшчэ нядаўна кіпела там іншае жыццё. Краіна сустракала Новы год. А ўлада рыхтавалася адзначыць ліха стары - галоўнае свята абраных і набліжаных. І раптам гэта неспадзяванае - бац!...Рушацца бэлькі. Рассыпаецца бетон. Іржавая арматура прымае мудрагелістыя формы. Кароткае замыканне. І поўны канфуз. Як жа так?

Ды нічога асаблівага. Як жылі, так і будзем жыць. Толькі на службу, у школу і па ўсіх іншых адрасах давядзецца дабірацца вакольнымі шляхамі. Тырчаць у шалёных корках. Злавацца і спазняцца не са сваёй віны. І без канца лаяць благую ўладу. А фактычна - пасрэдны выпадак. Састарэў, праржавеў наскрозь рэжым. Даспявае, перад тым як абрынуцца, крутая вертыкаль. Сіндром даўно вядомы, пасрэдны. Стомленасць металу. Сумнеўнай маркі бетон. Карупцыя і крадзеж па дробязях. Многае сышлося тут разам. З'ява вядомая даўно. Старэчы маразм жорсткіх палітычных сістэм. Цалкам магчыма, у яго нават назва асаблівая з'явіцца.

Эфект елбасы.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках