24 траўня 2022, aўторак, 2:44
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа аб «аргентынскім какаіне» ў РФ: фігуранты асуджаныя на працяглыя тэрміны

6
Справа аб «аргентынскім какаіне» ў РФ: фігуранты асуджаныя на працяглыя тэрміны

12 валізак з какаінам было знойдзена ў 2016 годзе ў школе на тэрыторыі пасольства РФ у Аргентыне.

Дарагамілаўскі раённы суд Масквы ў чацвер, 20 студзеня, на падставе вердыкту прысяжных прысудзіў чатырох абвінавачаных у кантрабандзе какаіну з Аргентыны ў Расею і Еўропу да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі. Ключавы фігурант крымінальнай справы, бізнэсовец Андрэй Кавальчук, прызнаны арганізатарам трафіку, асуджаны на 18 год калоніі строгага рэжыму. Ён павінен выплаціць штраф сумаю 1,8 млн рублёў. Яго адвакат Сяргей Юраш паведаміў, што прысуд будзе абскарджаны, паведамляе DW.

Саўдзельнікам Кавальчука Алі Абянаву, Уладзіміру Калмыкову і Ішціміру Худжамаву прызначаны адпаведна 17 гадоў (1,6 млн рублёў штрафу), 16 гадоў (1 млн рублёў) і 13 гадоў (900 тысяч рублёў). Суд прызнаў усіх чацвярых вінаватымі ў замаху на кантрабанду наркотыкаў, а таксама замаху на незаконную вытворчасць, збыт або перасылку наркотыкаў у асабліва буйным памеры.

У апублікаванай у той жа дзень другой частцы расследавання Цэнтра «Дасье» гаворыцца, што Андрэй Кавальчук мог быць завербаваны расейскімі сілавікамі для кантрабанды наркотыкаў яшчэ ў 2014 годзе - ён карыстаўся дыпламатычнымі пашпартамі, дакументы выдавалі супрацоўнікі 1-й службы ФСБ. Ні прадаўцоў, ні заказчыкаў какаіну следства не ўстанавіла, суд таксама не стаў дапытваць супрацоўнікаў ФСБ, якія праходзяць паводле справы сведкамі.

«Какаінавая справа»

У лютым 2018 года стала вядома, што ў снежні 2016 года ў школе на тэрыторыі амбасады РФ у Аргентыне былі знойдзены 12 валізак з какаінам, агульная вага якога складала амаль 390 кілаграмаў. Яго кошт ацанілі ў 50 млн даляраў. У лістападзе 2017 года ў Расеі ў сувязі са здарэннем распачалі крымінальную справу аб кантрабандзе наркотыкаў.

Аргентынскія праваахоўныя органы ўважалі, што да гандлю наркотыкамі былі датычныя супрацоўнікі амбасады РФ. Меркавалася таксама, што ў пастаўцы наркотыкаў быў замешаны лайнер спецатрада «Россия», які займаецца перавозкай першых асоб расейскай дзяржавы.

Трое падазраваных паводле справы - Уладзімір Калмыкоў, Ішцімір Худжамаў і Алі Аб'янаў - былі ўзятыя пад варту ў Маскве, а ключавога фігуранта, меркаванага арганізатара кантрабанды какаіну ў Расею праз расейскае пасольства ў Аргентыне Андрэя Кавальчука, затрымалі ў сакавіку 2018 года ў прыгарадзе Бэрліна, праз некалькі месяцаў ён быў экстрадаваны ў Маскву і змешчаны пад арышт.

У сярэдзіне снежня прысяжныя засядацелі прызналі чатырох фігурантаў справы вінаватымі, але палічылі, што ўсе яны заслугоўваюць паблажкі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».